Скаргі Мілінкевіча і Казуліна Вярхоўны суд не прыняў
Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся прыняць да разглядання скаргі экс-кандыдатаў у прэзідэнты лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча і главы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна аб прызнанні прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі.
Як паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суда Анастасія Цімановіч, у абодвух выпадках ва ўзбуджэнні спраў было адмоўлена ў сувязі з тым, што “патрабаванні, выказаныя ў іскавых заявах не падлягаюць разгляду ў судах з-за непадведамственнасці”. Па яе словах, у адпавяданні з Выбарчым кодэксам кандыдаты ў прэзідэнты могуць абскардзіць толькі рашэнні Цэнтрвыбаркама аб прызнанні выбараў несапраўднымі. Судовае абскарджанне іншых рашэнняў ЦВК заканадаўствам не прадугледжана.
У інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік выбарчага штабу лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Сяргей Калякін назваў рашэнне Вярхоўнага суда “аднабаковым трактаваннем нормаў Выбарчага кодэксу.
“Яно яшчэ раз прадэманстравала, што ў Беларусі няма незалежнага суда як арбітражнага органа. Мы можам толькі канстатаваць, што прававая сістэма, заснаваная на раздзяленні галін улады, у Беларусі памерла”, — сказаў С.Калякін.
у той жа час, заўважыў палітык, згодна Канстытуцыі кожны грамадзянін Беларусі мае права абскардзіць у судовым парадку любыя рашэнні любога дзяржаўнага органа. У сувязі з гэтым у бліжэйшы час у Вярхоўны суд будуць накіраваныя жалабы на рашэнне Цэнтрвыбаркама ад імя грамадзян Беларусі. “Не факт, што гэта будзе выключна скарга Аляксандра Мілінкевіча”, — дадаў С.Калякін.
БелаПАН |