На тэрыторыі Літвы забаранілі БТ

На тэрыторыі Літвы забароненая трансляцыя беларускай дзяржаўнай тэлевізіі. Сёння было абвешчанае адпаведнае рашэнне Камісіі тэлерадыё Літвы. Дырэктар Літоўскай асацыяцыі кабельнай тэлевізіі ўжо паведаміў, што асацыяцыя, якая аб’ядноўвае каля 50 кампаніяў, выканае рашэнне камісіі.

Аператары кабельнай тэлевізіі павінны спыніць трансляцыю дзяржаўнай беларускай тэлевізіі на тэрыторыі Літвы, паводле рашэння Камісіі тэлерадыё, прынятага на адмысловым паседжаньні ўчора.

Рашэнне было прынятае з увагі на ранейшую рэзалюцыю літоўскага парламэнту адносна выбараў у Беларусі, якія прызнаныя несапраўднымі. У гэтай рэзалюцыі Сойму ўлада Беларусі названая “дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі”. У ёй выказваецца рэзкае асуджэнне “рэпрэсіяў супраць апазыцыі”. У рашэнні Камісіі таксама адзначаецца, што беларускія дзяржаўныя тэлеканалы распаўсюджваюць дэзінфармацыю.

Беларускую дзяржаўную тэлевізію надалей змогуць глядзець тыя жыхары Літвы, якія маюць спадарожнікавыя антэны.

Дырэктар Літоўскай асацыяцыі кабельнай тэлевізіі Юозас Юрэлёніс ужо паведаміў, што асацыяцыя, якая аб’ядноўвае каля 50 кампаніяў, выканае рашэнне Камісіі, аднак гэтае рашэнне нагадвае яму “барацьбу з ветракамі”, паколькі беларускія дзяржаўныя каналы будуць бачныя і ў Латвіі і Эстоніі.

Паводле закону, рашэнне Камісіі будзе дзейным праз тыдзень пасля абвяшчэння на старонках выданьня “Навіны дзяржавы”.

***

Дзяржаўная беларуская тэлевізія ў мінулую суботу ў сваіх рэпартажах паведаміла, што кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна, міністар замежных справаў Літвы і літоўская амбасада нібыта рыхтавалі мітынгі пратэсту ў Менску і кіравалі імі. Прэзідэнт Літвы і іншыя кіраўнікі Літвы заявілі, што ня будуць палемізаваць з тэлеканаламі, якія кантралююцца дыктатарскім рэжымам.

http://www.svaboda.org
30 сакавіка 2006
‹‹ на галоўную | у архіў