Заява МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

У перыяд з 18 па 25 сакавіка ў краіне адбыўся шэраг мірных акцый у падтрымку свабоды і незалежнасці Беларусі, пратэсту супраць уціску на беларускую мову і культуру, супраць няроўных умоваў для кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, супраць вылучэння кандыдата ў Прэзідэнты А.Лукашэнкі на трэці тэрмін. За гэты час у краіне было арыштавана і асуджана на тэрмін знявольвання ад 5 да 15 сутак каля 1000 чалавек. Нягледзячы на тое, што гэтыя людзі атрымалі прысуды па адміністрацыйных правапарушэннях, лічым, што яны былі асуджаныя па палітычных матывах. Акрамя таго, разгоны мірных дэманстрацый, збіццё іх удзельнікаў, затрыманне беларускіх і замежных журналістаў, сведчаць пра тое, што кіраўніцтва нашай рэспублікі не падтрымлівае сусветныя дэмакратычныя каштоўнасці і не лічыцца з правамі чалавека.

У сувязі з вышэйназванымі фактамі, МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае пратэст:

  • супраць незаконнага затрымання актывістаў дэмакратычнага руху - грамадзянаў Беларусі і іншых краінаў;
  • супраць гвалтоўнага разгону намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы ў ноч з 23-24 сакавіка, здзеклівага абыходжання з моладдзю, якая годна выказвала сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю;
  • супраць сілавога разгону мірнай дэманстрацыі, што адбылася ў Мінску 25 сакавіка.

Акрамя таго, мы разам з дэмакратычнай сусветнай супольнасцю:

  • выказваем салідарнасць з усімі затрыманымі і асуджанымі;
  • лічым судовыя працэсы над прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі парушаючымі грамадзянскія і палітычныя правы чалавека;
  • лічым, што сучаснае беларускае заканадаўства ў сферы правядзення мітынгаў і сходаў не забяспечвае свабоду слова і сходаў, не адпавядае нормам міжнароднага права;
  • заклікаем неадкладна вызваліць грамадскіх і палітычных актывістаў і ўсіх незаконна затрыманых.

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
28 сакавіка 2006 г.

‹‹ на галоўную | у архіў