50 гадоў беластоцкай "Ніве"!
Столькі гадоў для беларускай газеты і то яшчэ па-за межамі Беларусі
- падзея незвычайная. Некалькі пакаленняў беларускай нацыянальнай
меншасці ў Польшчы свой радавод і сваю беларускасць вызначала менавіта
з нашай рэдакцыяй. Дзякуючы гэтаму ўжо ніхто сёння не можа перакрэсліць
нашага беластоцкага, беларускага мінулага. А за будучыню трэба надалей
усім пазмагацца.
Журналісты "Нівы" на працягу гэтага перыяду часу, можна
смела сказаць, выканалі рэч незвычайную - сталі летапісцамі пэўнай
часткі беларускага народа, якому выпала жыць у сваёй Малой Айчыне
- Беласточчыне. Людзі з асяроддзя "Нівы" пасля заканчэння
журналісцкай ці карэспандэнцкай актыўнасці не пакідалі пяра. Надалей
дзейнічалі як літаратары і навукоўцы, настаўнікі і выкладчыкі, мастакі
і мовазнаўцы, этнографы і фалькларысты. А пасля пераменаў 1989 г.
вызначылі сябе дадаткова палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, выдаўцамі.
Толькі за апошні час Праграмная рада нашага тыднёвіка выпусціла
больш за трыццаць выданняў літаратурна-гістарычна-публіцыстычнага
кшталту.
Яўген Вапа,
Рэдактар "Нівы" |