З 88-мі ўгодкамі БНР!

МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" віншуе ўсіх свядомых беларусаў з 25 сакавіка - нашым нацыянальным гістарычным святам - Днём Волі!

У гістарычнай біяграфіі кожнага народа ёсць дзень, значэнне якога роўнае цэлай эпосе, які служыць сімвалам незалежнасці і дзяржаўнасці для ўсёй нацыі. Гэта дзень-сімвал, які штогод урачыстым, святочным успамінам аб'ядноўвае ўсіх грамадзянаў краіны, а па ўсім свеце - сыноў і дачок гэтага народа. Свята ўсіх нарвежцаў, - 17 траўня, - называецца, як і ў нас, Днём Волі. Грэкі святкуюць свой дзень незалежнасці разам з намі - 25 сакавіка.

Для грамадзянаў Беларусі, для ўсіх беларусаў у свеце галоўным дзяржаўным і нацыянальным святам - ёсць Дзень Волі 25 Сакавіка. Для нас ён роўны толькі галоўным хрысціянскім рэлігійным святам. Не выпадкова савецкая сістэма на дзесяцігоддзі выкрасліла Дзень Волі з беларускай гісторыі.

25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, адроджанай у ХХ стагоддзі Беларускай дзяржавы. Ідэя незалежнай рэспублікі была выказана на Усебеларускім з'ездзе ў снежні 1917 г. Аднак бальшавіцкае кіраўніцтва ў Мінску на чале з А.Мясніковым загадала разагнаць з'езд. Незалежніцкія настроі сярод дзеячоў беларускага нацыянальнага руху толькі ўзмацніліся пасля разгону з'езду.

У апошняе дзесяцігоддзе ў Дзень Волі беларусы выходзяць пад бела-чырвона-белымі сцягамі і гербам "Пагоня", каб разам успомніць, што мы - вольны еўрапейскі народ. Мы, беларусы, каб не згубіць сваю годнасць і гонар, каб не згубіць сябе сярод іншых народаў, павінны захаваць сваю вялікую нацыянальную каштоўнасць - Дзень Волі.

Жыве незалежная вольная Беларусь!

Інфармацыйны цэнтр
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
‹‹ на галоўную | у архіў