Зварот Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі
Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі з непакоем назірае за разгортваннем падзеяў з нагоды выбараў Прэзідэнта на Беларусі і рашуча пратэстуе супраць масавых парушэнняў правоў чалавека ў часе перад выбарамі і атмасферы тэрору супраць дэмакратычнай апазіцыі, практыкі датэрміновага галасавання і фальсіфікацыі.
У гэтай сувязі Згуртаванне зазначае, што беларускі народ быў пазбаўлены свайго суверэннага права рабіць свабодны і інфармаваны выбар кіраўніка краіны. Зварот уладаў Рэспублікі Беларусь да ўжывання брутальнае сілы пазбаўляе Лукашэнку магчымасці сцвярджаць аб пераважнай падтрымцы яго кандыдатуры выбаршчыкамі.
Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі, якое ўжо на працягу 60 гадоў яднае у Вялікай Брытаніі беларусаў, прыхільных ідэям беларускай нацыянальнай дэмакратычнай дзяржаўнасці:
- патрабуе спынення рэпрэсіяў супраць дэмакратычных памкненняў беларускага народу,
- аднаўлення канстытуцыйнай законнасці,
- неадкладнага вызвалення палітычных вязняў
- і расследавання ўсіх парушэнняў правоў чалавека на працягу знаходжання ва ўладзе А.Лукашэнкі.
ЗБВБ падтрымлівае пратэст усіх тых мужных беларусаў, хто сабраўся, выстаяў і перамог на Кастрычніцкім пляцу супраць пануючай у Беларусі ўлады і на карысць аднаўлення ў Беларусі правоў і свабодаў чалавека.
Калі лёс беларускага народу стаўся закладнікам асабістай прагі Лукашэнкі да неабмежаванай улады, адыход яго з пасады главы дзяржавы стаецца неабходнай умовай для вяртання Беларусі да свабоднага развіцца і лепшай будучыні для беларускага народу.
Управа Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі |