Пратэст Беларуска-Еўрапейскага задзіночання (Бельгія)
Пасля працяглых перамоваў з брусельскай паліцыяй быў атрыманы дазвол на правядзенне пікету на плошчы Робэрта Шумана. На папярэдні запыт аб правядзенні пікету ля Беларускай Амбасады бельгійскай адміністрацыяй была дадзена катэгарычная адмова. У 10 гадзін раніцы сябры Беларуска-Эўрапейскага Задзіночання перадалі ў Беларускую Амбасаду заяву, у якой выказалі пратэст супраць незаконнага ўдзелу ў выбарах дыктатара Лукашэнкі, супраць масавых арыштаў актывістаў апазіцыі і давераных асобаў апазіцыйных кандыдатаў, а таксама супраць брутальнага парушэння Выбарчага кодэксу прадстаўнікамі дзейснае ўлады. У той жа час, з 10 да 17 гадзін прайшоў пікет супраць узурпацыі ўлады дыктатарам Лукашэнкам, фальсіфікацый вынікаў выбараў і беспрэцэдэнтнага ўмяшальніцтва Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі. У пікеце прыняло ўдзел больш за 60 чалавек, на чале з радным БНР сп. Янкам Жучкам. Пікетоўцы былі ўражаныя, калі падтрымаць пікет прыйшлі прадстаўнікі старое расейскае эміграцыі, якія выказалі салідарнасць у барацьбе супраць пракамуністычнага лукашэнкаўскага рэжыму.
З нагоды выбараў у Беларускай парафіі Ўваскрасення Хрыстовага было адпраўлена адмысловае набажэнства, падчас якога вернікі маліліся за ўсіх змагароў за волю і незалежнасць Айчыны, што маюць адстойваць сваю чалавечую годнасць і грамадскія правы.



http://unija.info
|