Інфармацыя аб дзейнасці ТБМ Ф.Скарыны Віленскага краю.

І. ТБМ працягвае намаганні па ўшанаванні памяці Ф.Багушэвіча.
У саміх Свіранах, па сутнасці, ужо створаны мемарыял паэту, які фактычна можна назваць “Храм Божы пад адкрытым небам”, дзе кожны год, у апошнюю суботу траўня праводзяць Дзень беларускай паэзіі і малітвы.

У вярсце ад Свіран, у суседняй вёсцы, на сцяне мясцовай бібліятэкі ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар паэта, а вуліца носіць ягонае імя. У самой бібліятэцы створаны куток паэта.

Праўда, сёлета не давялося ўсталяваць мемарыяльную дошку Ф.Багушэвічу ў Вільні, па вуліцы Арклю, 20. На нашу думку, гэта ўсё ляжыць на сумленні Галіны Сівалавай, дырэктара віленскай беларускай СШ імя Ф.Скарыны і старшыні ТБМ. Яна “разбіла” наш праект, а сама не зрабіла нічога ў гэтым накірунку, хаця атрымала на свой праект “Ф.Багушэвічу — 165 год”, грошы ад літоўскага дэпартамента нацыянальнасцяў.

Цяпер ТБМ імя Ф.Скарыны Віленскага краю, маючы ад гарадскіх уладаў дазвол на ўстаноўку мемарыяльнай дошкі ў Вільні, на вуліцы Арклю, 20, збірае грошы, каб гэтую добрую справу зрабіць 25 сакавіка 2006 года. Менавіта 25 сакавіка 1874 года, на Звіставанне, Ф. Багушэвіч, пасля царскай амністыі ўдзельнікам паўстання 1863 года, вярнуўся ў Вільню, дзе жыў у адным з дамкоў у лекара Казлоўскага па вуліцы Арклю (Конская). 25 сакавіка сімвалічна і тым, што ў гэты дзень была абвешчана БНР. Таму ў гэты дзень вельмі важка адкрыць мемарыяльную дошку Адраджэння.

ІІ. Наш праект на 2006 год носіць назву “Францішка Багушэвіч у Літве”, які прадстаўляем у Дэпартамент па справах нацменшасцяў Літвы на прадмет фінансавання. Рэкамендацыі ад “Бацькаўшчыны” і ад Уладзіміра Содаля даюць спадзяванне, што Дэпартамент у некаторай ступені прафінансуе наш праект.

Праект прадугледжвае наступнае:
1. Устаноўку мемарыяльнай дошкі паэту ў Вільні (Арклю, 20).
2. Выпуск кніжкі-буклета “Францішак Багушэвіч у Вільні”.
3. Правядзенне свята ў Свіранах і г.д.
Спадзяемся, што агульнымі намаганнямі будзе падоўжана Ушанаванне памяці Ф.Багушэвіча.

ІІІ. На 2006 год запланавана правядзенне .фестывалю ў вёсцы Вашунава Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, у гэтак званай “Засцянковай хатцы”, дзе ёсць музей і каплічка.

Дарэчы, рыхтуецца выпуск кнігі пад назвай “Засцянковая хатка”. Яе прэзентацыя разам з кнігай Уладзіміра Содаля “Святы кубачак фальварак Свірадзь” адбудзецца падчас правядзення гэтага фестывалю першага ліпеня 2006 года. “Засцянковая хатка” запрашае. Сюды завітаюць і паломнікі з гарадскога пасёлка Друя, якія будуць рухацца ў гэты час у Будслаў, на рэлігійнае свята 2 ліпеня, у гонар Маці Божай Будслаўскай.

У нашай праграме прадугледжана і правядзенне ў Вашунаве Крыжовага шляху Ісуса Хрыста. Тут пастаўлена ўжо чатыры крыжы, а ў далейшым іх будзе 14, дзе ўсталёўваюцца часовыя стадыі Крыжовага шляху.

Тут заўсёды гучаць родная мова, песні і малітвы. Гэта нас усіх акрыляе і дае надзею на лепшае будучае нашай краіны.
Жыве Беларусь!

Юры Гіль. Старшыня ТБМ імя Ф.Скарыны Віленскага краю
2.12.2005 г.
‹‹ на галоўную | у архіў