Чаго каштуе жыццё ў Беларусі?

Ёсць адзін фактар, які непадуладны статыстычным хітрасцям, — час. Кожны з нас, зыходзячы з асабістага грашовага даходу і рэальнага рознічнага кошту, можа падлічыць свой індэкс сацыяльнага становішча.

Індэкс сацыяльнага дабрабыту (ІСД) — гэта паказчык, аснова якога ў ацэнцы колькасці часу, неабходнага для атрымання грошай для набыцця таго ці іншага тавару альбо паслугі. Разлік яго вельмі просты: першы кампанент — заробак; бярэм сярэдні гадавы заробак, які падлічваюць органы дзяржстатыстыкі. Другі кампанент — працягласць працоўнага дня, месяца і года. Трэці — рознічная цана тавару альбо паслугі. Спачатку падлічым кошт адной гадзіны працы сярэдняга працоўнага (месячны заробак/колькасць гадзін). Затым пры дапамозе простых арыфметычных аперацый разлічваем, за які час магчыма набыць той альбо іншы тавар.

Кампаненты ІСД размеркаваныя па чатырох групах: харчовыя, нехарчовыя, тавары доўгага выкарыстання і паслугі. Мы можам параўнаць гэтыя кампаненты як паміж краінамі, так і за розныя гады адной і той жа краіны. 35 тавараў і паслуг выбраныя паводле рэальнай структуры ўжывання хатняй гаспадаркі, а таксама для ўяўлення асноўных расходных рахункаў не сённяшняга, жыццёвага ўжывання: ІСД ацэньвае доўгатэрміновую структуру ўжывання і жыццёвы цыкл прыбыткаў.

Вось як выглядае сітуацыя ў сярэднім па Беларусі і суседніх краінах.

Напрыклад, рознічны кошт 1 кг. апельсінаў у Беларусі — $1,5. Сярэднегадавы заробак у Беларусі складае каля $210. Чалавек працуе ў дзень 8 гадзін, у тыдзень (5 працоўных дзён) — 40 гадзін, у месяц — 160 гадзін. Значыць, у год чалавек адпрацоўвае 1920 гадзін. Атрымліваецца, у гадзіну сярэдні беларус атрымлівае $210 / 160 гадзін = $1,31 (гэта кошт адной гадзіны працоўнага часу). Затым разлічваем час, які неабходна адпрацаваць, каб набыць 1 кг апельсінаў: $1,5 ? 60 хв. :$1,31 = 1 гадзіна 9 хвілін. Такі разлік праводзіцца па кожным з 35 тавараў і паслуг, якія ўваходзяць у індэкс сацыяльнага дабрабыту. Пры іх падсумаванні атрымліваем агульны вынік, які ў Беларусі на 2005 год складае 63293 г. 4 хв., што эквівалентна 33-м поўным гадам працы. ІСД атрымліваецца пры дзяленні гэтай сумы на 1000 і акругленні выніку да дзесятых, гэта значыць, што для Беларусі 2005 г. ІСД складае 63,3 пункты.

На набыццё 10-ці харчовых прадуктаў у кошыку ІСД сярэдні беларус павінен працаваць 20 гадзін 20 хвілін (у 2000 г. — 56 г. 58 хв., а ў 1990 г. — 13 г. 38 хв.). Па гэтым фактары мы вельмі адсталі ад Польшчы (7 г. 14 хв.) і ЗША (2 г. 24 хв.). Нават сярэдні расіянін траціць на гэтыя рэчы 16 г. 18 хв. — на 4 г. 2 хв. меней, чым у Беларусі.

Каб дазволіць сябе шчыльны абед у кафэ сярэдняга класу, трэба працаваць амаль цэлы дзень. Напэўна, таму ў нас пакуль не прыжываецца традыцыя снедаць па-за межамі хаты. Для параўнання: у Польшчы такі ж самы абед абыдзецца ў кошт 2 г. 28 хв., у ЗША — 1 г. 7 хв. Дынаміка індэксу сацыяльнага дабрабыту ўпэўнівае: сацыяльная арыентацыя эканамічна і палітычна вольных краін непараўнальна добра акрэслена.

У 2005 г. на 10 нехарчовых тавараў сярэдні беларус страчвае 427 г. 19 хв., альбо 2,6 месяца. Па гэтым паказчыку мы амаль выйшлі на ўзровень 1990 г. (422 г. 32 хв.). Галоўная заслуга ў гэтым зусім не дзяржавы, а ў першую чаргу саміх вытворцаў і якасці дзелавога асяродку. Брэндавыя тавары вядучых фірм даражэлі, але вельмі павольна. Пры гэтым тавары аналагічнай якасці без дадатковых “наваротаў” і апгрэйду станавіліся танней.

Кампутар зараз каштуе толькі 3,3 месяца працы, калі паляк траціць на яго набыццё 172 г. 25 хв. (крыху болей тыдня), амерыканец — увогуле капейкі (42 г. 25 хв.).

Прыкладна 73% кошту 35 тавараў і паслуг у Беларусі складае жыллё. У 2005 г. на яго набыццё трэба працаваць 23 гады і 10 месяцаў. На фоне заходніх краін мы прайграем. Паляк на кватэру павінен працаваць 11 гадоў 7 месяцаў, рускі — 19 гадоў 4 месяцы, амерыканец — 6 гадоў 4 месяцы (заўважым, што для Амерыкі мы бярэм не кватэру 60 кв.м, а дом у 120 кв.м.).

Дыплом ВНУ ў Беларусі на 2005 г. абыходзіцца ў 2 гады працы, у Польшчы — 1 год, амерыканец зарабляе на навучанне ў ВНУ за 2 гады (у ЗША поўны курс навучання каштуе $70 тыс., але яго набыццё па часе аналагічна беларускаму).

Далёка не ўсе эканамічныя суб’екты ў Беларусі, Расіі альбо Украіны атрымліваюць зарплату, якая была скарыстана для разлікаў. З улікам грашовых даходаў розных сацыяльных груп у сацыяльнай пастцы ў Беларусі знаходзіцца прыкладна 2,5-2,9 млн. працоўных. Даход гэтых людзей за ўсё працоўнае жыццё не дазволіць ім набыць пакет з 35-ці базавых тавараў і паслуг. І не таму, што іх чалавечы капітал і існуючыя актывы не маюць ніякай рыначнай каштоўнасці. Эканамічная палітыка інтэрвецыянісцкіх, неапланавых дзяржаў “амярцвіла” не толькі вялікі аб’ём сродкаў вытворчасці, у т.л. зямлю, але і вялікія рэсурсы чалавека: ініцыятыўнасць, веды, магчымасці знаходзіць рынкавыя рашэнні для канкурэнтнай барацьбы і г.д.

Паводле “Белгазеты” № 47-48
www.belgazeta.by
‹‹ на галоўную | у архіў