Дыфірамбы ад расійскай прэсы
Яшчэ 23 лістапада адбылася прэс-канферэнцыя прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з расійскімі рэгіянальнымі журналістамі. Гэта стала амаль не самай галоўнай навіной на два тыдні, калі не ўлічваць перамогу на “Дзіцячым Еўрабачанні 2005” беларускай спявачкі.
Прэс-палітычнае відовішча бурліла, пераварвалася ў думках грамадства, тым больш што паглядзелі яго многія, — трансляцыя адбывалася ў нядзельны вечар. А пасля, у кожным выхадзе “Навін”, — узгадвалася аб гэтым, каментавалася, цытавалася....
На афіцыйным сайце прэзідэнта змешчана стэнаграма прэс-канферэнцыі (па спасылцы: http://president.gov.by/rus/president/speeches/inter/2005/rsmi05.html), але ў ёй не выдзелены пытанні, імёны журналістаў і назвы іх выданняў. У стэнаграме змешчана ўсяго 29 пытанняў ад журналістаў, хаця па меркаванні некаторых з іх, — пытанняў было нашмат больш. Перад непасрэднай прэс-канферэнцыяй у журналістаў было паказальнае трохдзённае турнэ па Беларусі. За гэты час яны праехаліся па вядомых турыстычных маршрутах, наведалі самыя вялікія прадпрыемствы... Арганізатарамі сустрэчы было зроблена ўсё, каб атрымаць ад журналістаў хвалебныя оды, каб сапраўдная Беларусь засталася па-за ўвагай карэспандэнтаў, што, дарэчы і атрымалася. Рэгіянальную прэсу з расійскіх рэгіёнаў, здавалася, больш за ўсё іх цікавіла пытанне: а што мы атрымаем, калі адбудзецца аб’яднанне Расіі і Беларусі? Альбо: як гэта вы так добра жывяце?
У пошуках вынікаў прэс-канферэнцыі мы праглядзелі каталог расійскай прэсы, калі вас гэта зацікавіла, то прапануем зазірнуць на старонкі “Даведніка расійскай прэсы”, па спасылцы: http://allpress.souzpechat.ru/index.php?Topic=directory.php&L1=30&L2=0
Мы не будзем пераказваць артыкулы кожнага з журналістаў, якія прысутнічалі на канферэнцыі. Падаем спіс тых журналістаў і выданняў, прысутнасць якіх была зафіксавана ў стэнаграме, змешчанай на сайце прэзідэнта. Але, на жаль, не ўсе выданні маюць свае сайты, бо не кожнае СМІ з рэгіёну можа сябе дазволіць падтрымлівацца ў электронным асяроддзе.
Артыкулы прапануюцца ў алфавітным парадку выданняў.....
З газеты “Волгоградская правда”, карэспандэнтка Серафима Бусло напісала цэлую серыю артыкулаў. Прапануем маленькую цытату з першай публікацыі: “Испуганных в республике нет, несмотря ни на какие «оранжевые» революции в соседних странах...”
Калі вас зацікавілі гэтыя артыкулы, глядзіце спасылкі:
http://www.vpravda.ru/Archiv/november/30.11.05(224)/index2.html
http://www.vpravda.ru/Archiv/december/01.12.05(224)/index4.html
http://www.vpravda.ru/index5.html
1. Газету “Вечерний Челябинск” прадстаўляла Ала Скрыпава. Ёй былі зададзеныя пытанні аб “чорным нале” і заробках у канвертах (як з імі змагаецца наша заканадаўства)... На жаль, не давялося пабачыць яе матэрыялу, бо сайт газеты не абнаўляўся з 2003 года. Калі вам ўсё ж такі цікава зазірнуць на яго, цісніце на спасылку: http://www.chelpress.ru/LANG=ru/newspapers/vecherka/current/
2. Ад газеты “Завтра” быў журналіст Максім Калашнікаў, які пытаўся, ці не час зрабіць у Беларусі цэнтр тэхналагічнага штурму. А матэрыял атрымаўся ў карэспандэнта па сталічнаму сціслы (бо газ. “Завтра” маскоўская), відаць, там не прывыклі разменьвацца на афіцыёз. http://zavtra.ru/cgi//veil//data/zavtra/05/628/13.html
3. Газета «Звезда» (пермская абласная незалежная газета) накіравала ў Беларусь Наталлю Семёнаву, якая запытвала ў прэзідэнта аб саюзнай дзяржаве і сацыяльнай палітыцы дзвюх краін, але, на жаль, да гэтага часу яе матэрыялу ў газеце не было, калі ж вас ён усё-ткі цікавіць, паспрабуйце знайсці пазней па электронным адрасе выдання: http://www.nevod.ru/ zvezda
4. “Кировская правда” — афіцыйнае абласное выданне было прадстаўлена Марынай Сазонтавай, якая на канферэнцыі цікавілася адносінамі ваеннаабавязаных і іх родных да службы. На жаль, знайсці сайт афіцыйнай кіраўскай газеты не атрымалася (няма яго нават у пошукавых каталогах Кіраўскай вобласці).
5. Газету “Красногорские вести” прадстаўляла галоўны рэдактар Святлана Мяняйла, яе цікавілі будучыя культурныя ўзаемадзеянні Беларусі і Расіі, а таксама не давала спакою прывітанне ад главы Краснагорскага раёна — Расказава Барыса Ягоравіча, якое яна і перадала прэзідэнту. Сайт краснагорскага выдання абнаўляецца рэдка, і інфармацыя аб турнэ галоўнага рэдактара выдання ў Беларусь там пакуль не з’явілася. Адрас сайта: http://www.krnvesti.ru
6. Цудоўная “ода” была апублікавана ў газеце “Красноярский рабочий” Алексяевіч Таццянай. “Белоруссией очарована” — так называецца яе інфармацыя, з чаго складаецца ўражанне, што Беларусь для Расіі нейкая экзатычная краіна, якой усе неверагодна зацікаўленыя... Сайт выдання і артыкул:
http://krasrab.krsn.ru/archive/2005/11/29/02/view_article
7. Ад грамадска-палітычнага выдання “Кубанские новости” прыехала Людміла Рашатняк, якая перадала прэзідэнту пажаданні рэктара Краснадарскага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва супрацоўнічаць з беларускім ВНУ мастацтваў. Але, відаць, на гэтым яе місія скончылася, бо на сайце газеты “Кубанские новости” нічога апублікавана не было, калі толькі артыкул не затрымліваецца. На ўсялякі выпадак прапануем іх адрас: http://www.kubnews.ru
8. Газета горада Новакузнецка, “Кузнецкий рабочий”, у асобе Аляксандра Белакурава выказвала на прэс-канферэнцыі занепакоенасць: што ж, калі Аляксандр Рыгоравіч не застанецца прэзідэнтам... “Раздзербаніць” тады Расія маленькую Беларусь. Але аднаўленні на сайце гарадской газеты Новакузнецка адбываюцца не хутка, таму з матэрыялам спадара Белакурава нам пакуль пазнаёміцца не давялося. Але пакідаем іх сайт: www.kuzrab.ru
9. Газета “Курьер Карелии”, дакладней яе прадстаўнік карэспандэнт Сяргей Харашавін, цікавіўся ў прэзідэнта арганізацыйнай працай ЖКХ. Але матэрыял пакуль не выйшаў. Іх сайт: http://kurier.karelia.ru
10. Наступная адміністрацыйная “Липецкая газета” цікавілася праз карэспандэнта-пасрэдніка Сяргея Малюкова, якія адносіны прэзідэнта Беларусі да ўваходжання Расіі ў ВТО. Пасля чаго ў нумары за 2 снежня 2005 года апублікавалі артыкул “Белорусы —добрый и трудолюбивый народ...”. Каментарыі да яго, на наш погляд, не патрэбныя... http://www.lpgzt.ru/?anot=false&n_na={BB52A6E0-122A-4E1F-81D7-C2E20AF93B22}&v_0=none&v_1=none&v_2=none
11. Ад газеты “Наша Пенза” карэспандэнт Яўгеній Шылаў цікавіўся эканамічнай мадэллю нашай краіны. Але сайт Пензенскай газеты не аднаўляецца з чэрвеня 2004 года, таму даведацца аб публікацыі праз інтэрнэт рэсурсы не давядзецца. А газетны сайт размешчаны па адрасе: http://www.r58.ru/smi/np/
12. “Новости Пскова” і карэспандэнт газеты Святлана Андрэева афіцыйна запытвалі А. Лукашэнку, чаму не аб’ядноўваюца Беларусь і Расія. Але як гэта апісала карэспандэнт невядома, бо сайт выдання закрыты. www.ellink.ru/np
13. Міхаіл Земскаў з партыйнага выдання “Патриот” запытваў у Аляксандра Рыгоравіча, як ён, савецкі чалавек, ставіцца да развалу “Вялікай дзяржавы”... На жаль, даведацца, якога напрамку была публікацыя ў аўтара, не давядзецца, бо сайт гэтай газеты не знайшоўся.
14. Ад Архангельскай абласной газеты “Правда Севера” была на прэс-канферэнцыі Таццяна Суханоўская, якая цікавілася стаўленнем беларускага прэзідэнта да пасады адзінага прэзідэнта саюзнай дзяржавы. Але матэрыял у газеце пакуль не з’явіўся. Сайт выдання: http://pravdasevera.ru/
15. Карэспандэнт газеты “Псковская правда” Юрый Маісеенка цытаваў Гётэ і запытваў у прэзідэнта аб партбудаўніцтве ў Беларусі. А па прыездзе на радзіму выдаў артыкул: “Все, что вы хотели узнать о Белоруссии, но боялись спросить…”. Чытайце на сайце http://pravda.pskov.ru/news-rss/2069/
16. Газета “Рабочий путь” праз свайго карэспандэнта Мікалая Кежэнава запытвала аб тым, як у Беларусі атрымалася захаваць прамысловасць у добрым стане... Сайта газеты ў інтэрнэце не знайшлося...
17. Газета Ніжагародскай вобласці “Саров”, прадстаўляла яе Таццяна Стаўнічая, яна цікавілася льготамі былых ваеннаабавязаных. А сайта ў выдання няма.
18. Вячаславам Цёткіным з газеты “Советская Россия” ўжо падрыхтаваны артыкул пад назвай «Журналисты российской глубинки за “круглым столом” с Лукашенко», і вывешаны на электроннай старонцы выдання па адрасе: http://www.sovross.ru/2005/154/154_1_3.htm
19. Валянціна Мальцава, намеснік рэдактара газеты “Советская Сибирь”, цікавілася праблемай кіравання Беларусі, але артыкул у газеце не з’явіўся, можа, адказ атрымаўся не вартым увагі. Тым не менш на сайт выдання можаце зазірнуць, можа яшчэ і з’явіцца абвестачка пра Беларусь. http://www.sovsibir.ru
20. У газеце “Ставропольская правда” карэспандэнт Вольга Бандарова апублікавала матэрыял “Заповедный мотив” аб сваіх уражаннях ад экскурсійнага туру па Беларусі. Можаце звярнуць сваю увагу на яго па адрасе: http://www.stapravda.ru/2005/11/30/2005-11-30-10.shtml
21. Віталь Мухін, ад газеты “Труд — Черноземье”, цікавіўся пытаннем карупцыі. Выбітных публікацый пасля канферэнцыі ў газеце не было, але можаце праглядзець спасылку http://www.trud.ru/006_Sbt/200511262220105.htm там замалёўка, якая тычыцца Беларусі.
22. Газета “Тюменская правда” праз карэспандэнта Людмілу Гурэу, цікавілася газіфікацыяй сяла, але даведацца, які матэрыял быў ёй падрыхтаваны, не давядзецца напэўна, бо сайт выдання не знайшоўся.
23. У газеце “Хакасия”, прадстаўніком якой была Аляксандра Праткіна, на электронным сайце выдання інфармацыя змешчана не была, але калі вас цікавіць сам сайт, заходзьце на: http://www.gov.khakasnet.ru/gazeta/
24. Алена Кароткая, прадстаўнік часопіса “Элита России”, вельмі цікавілася ўзаемаадносінамі Экзарха Беларусі і прэзідэнта, але зноў-такі — сайта няма!
Канешне, у нашым спісе прадстаўленыя не ўсе выданні, прадстаўнікі якіх прысутнічалі на прэс-відовішчы, але ахоплены ўсе, што былі пералічаны на прэзідэнцкім сайце.
Спадзяемся, што вы не дарма патраціце свой час, прагледзеўшы выбарна спасылкі, бо вылучаюцца з іх некаторыя па-дзіцячы наіўныя, што супрацьстаўляюць палітычныя накірункі Расіі і Беларусі і пры гэтым пярэчаць самі сабе. Для ўпарадкавання сваіх поглядаў варта звярнуцца і да такога, местачковага ўспрыняцця нашай краіны.
Агляд падрыхтаваны Дар’яй Сацукевіч,
прэс-сакратаром МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” |