диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№10(№69)
жнівень-верасень
2007
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

запампавать pdf-версію бюлетэня

Змест:

  

БЕЛАРУСКАЯ ТРАДЫЦЫЯ

Надыходзяць восеньскія Дзяды

У пачатку лістапада беларусы адзначаюць старажытнае свята – восеньскія Дзяды. Паходзяць Дзяды з дахрысціянскага звычаю трызны і звязаныя з культам продкаў. Дзяды спраўлялі ў пэўныя дні па некалькі разоў на год, часцей вясной і ўвосень. Веснавыя Дзяды цяпер называюцца Радуніцай, а восеньскія – Змітраўскімі Дзядамі.

Восеньскія Дзяды ў старажытнасці адзначаліся ў трэцюю суботу пасля Пакрова (14 кастрычніка). У сучаснай традыцыі гэты дзень адзначаецца ў адну з субот з 1 да 11 лістапада. Афіцыйная дата Дзядоў у Беларусі – 2 лістапада.

У гэты дзень узгадвалі ўсіх продкаў незалежна ад таго, дзе яны пахаваныя. На могілкі ішлі ўсёй сям’ёй. Узгадвалі памерлых сваякоў, маліліся, а калі вярталіся дадому, сядалі за памінальную вячэру.

У доме прыбіраліся, уся сям’я мылася ў лазні, там жа пакідалі вядзерца чыстай вады і новы венік для духаў. Пасля жанчыны гатавалі розныя стравы. Апраналіся па-святочнаму, засцілалі стол белым абрусам. Гаспадар хаты ці старэйшы ў сям’і, запаліўшы свечку, прымацоўваў яе каля абразоў ці ставіў на стол і чытаў малітву. Перад вячэрай адчынялі ўсе дзверы, каб продкі маглі прыходзіць і сядаць за стол.

Калі ўсе збіраліся, гаспадар запальваў свечку і заклікаў за стол Дзядоў:

Святыя Дзяды, завём вас,

Хадзіце да нас!

Перад тым, як перайсці да наступнай стравы, частку яе адкладвалі на асобную талерку і пакідалі на ноч для духаў продкаў.

Колькасць страў на стале магла быць рознай, але абавязкова няцотнай і не менш за пяць. Абавязковымі былі куцця, клёцкі, бліны, мяса, яечня. Куцця – гэта звычайная каша, звараная на малацэ ці вадзе з цукрам.

Залатым правілам Дзядоў было: “Першая лыжка куцці, першы глыток спіртнога – продкам”. З кожнай чаркі траціну адлівалі продкам, траціну выпівалі, траціну пакідалі ў чарцы, потым далівалі і такім чынам выпівалі тры чаркі за вечар – каля ста грам. Кожнае блюда падавалася парна ў цотнай колькасці (калі 7 блюд, то на 14 талерках). Такім чынам ураўнаважвалася сітуацыя, калі не павінны быць пакрыўджаныя ні жывыя, ні мёртвыя.

Падчас святочнай вячэры размаўлялі пра дзядоў – узгадвалі іх словы і настаўленні, мудрыя парады і добрыя справы. Спачатку гаварылі пра самага старэйшага і найбольш вядомага продка, а заканчвалі ўзгадаваннем нядаўна памерлых. Пераказвалі дзецям усё тое, чым ганарыўся род. Так захоўваліся традыцыі беларускае сям’і.

Заканчвалася рытуальная трапеза агульнай малітвай. Свячу гасілі кавалачкам хлеба. Пры гэтым глядзелі, у які бок ішоў дым: калі дым ішоў у бок дзвярэй, то лічылася, што на працягу года нехта памрэ.

Па заканчэнні, выпраўляючы душы памерлых продкаў, гаспадар гаварыў:

Святыя Дзяды

Зляталісь сюды

Есці – пад’елі,

Піць – напіліся,

Чэсць і слава вам!

Цяпер скажыце нам,

Чаго вам трэба?

А лепей:

Ляціце ў неба!

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

ПАДЗЕЯ

У Маскве прайшоў Трэці з’езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”

Трэці з’езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” адбыўся ў Маскве 13 кастрычніка. У якасці дэлегатаў на з’ездзе прысутнічалі 95 прадстаўнікоў беларускіх суполак, якія ўваходзяць у склад аўтаноміі, з розных рэгіёнаў Расіі. Таксама было больш за 200 гасцей, сярод якіх — і прадстаўнікі іншых беларускіх суполак Расіі. Грамадскасць Беларусі была прадстаўлена кіраўніцтвам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” – старшынёй Рады Аленай Макоўскай, намесніцай старшыні Рады Нінай Шыдлоўскай і сябрам Управы Сяргеем Чыславым. Афіцыйны Мінск прадстаўлялі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук і намеснік міністра культуры Валерый Гедройц. Ад расійскіх дзяржаўных органаў на з’едзе прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства рэгіянальнага развіцця Расіі і кіраўніцтва Масквы, а таксама дэпутат Дзярждумы.

Пасля адкрыцця з’езду было зачытана вітальнае слова А. Лукашэнкі, якое агучыў амбасадар Беларусі ў РФ В. Далгалёў. Таксама былі агучаныя і вітальныя лісты ў адрас з’езду ад іншых афіцыйных асобаў Беларусі і Расіі.

У справаздачным дакладзе за 2002—2007 гг. кіраўнік ФНКА “Беларусы Расіі” адзначыў актывізацыю дзейнасці беларускіх суполак. Ф. Каўрыга падкрэсліў, што вялікая ўвага ФНКА надавалася супрацоўніцтву дзелавых колаў беларусаў Расіі з беларускімі прадпрыемствамі і арганізацыямі Беларусі. Кіраўнік аўтаноміі таксама адзначыў, што рашэнне ўраду Расіі аказаць фінансавую падтрымку ФНКА “Беларусы Расіі” дапаможа развіццю сувязяў паміж дзвюма краінамі. Па словах Ф. Каўрыгі, упершыню ўрад дадаў у бюджэт краіны пункт пра падтрымку ФНКА на суму 240 млн. рублёў. Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас амбасады Беларусі ў Расіі, якая спрыяе дзейнасці ФНКА. Таксама кіраўнік аўтаноміі адзначыў актыўны ўдзел “Беларусаў Расіі” ў дзяржаўных мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь.

У справаздачы рэвізійнай камісіі была агучана толькі колькасць рэгіянальных структур і пасяджэнняў Савета ФНКА. Такім чынам, пра фінансавы стан ФНКА ў перыяд паміж з’ездамі, куды і як выдаткоўваліся рэсурсы даведацца слухачам не давялося, што, аднак, не перашкодзіла дэлегатам з’езду ўхваліць справаздачу.

Выступ упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Л. Гулякі ў асноўным быў прысвечаны пытанням эканамічнага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю, супольным будаўнічым праектам паміж Беларуссю і Масквой, удзелу ў гэтым працэсе беларускай дыяспары Расіі. У сваім выступе Л. Гуляка падкрэсліў, што праца з беларускім замежжам з’яўляецца прыярытэтным накірункам знешняй палітыкі Беларусі. Аднак пра закон, што ўжо з 2001 г. распрацоўваўся Дзяржаўным камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў (цяпер — апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў) было згадана між іншым, і на якой стадыі цяпер знаходзіцца распрацоўка, дэлегаты з’езду не пачулі.

Намеснік міністра інфармацыі выказваў заклапочанасць неаб’ектыўным асвятленнем падзей у Беларусі з боку расійскага тэлебачання, у сувязі з чым сетка беларускага сатэлітнага вяшчання на Расію будзе пашырацца. Вельмі маляўніча сп. Слабадчук гаварыў пра любоў да Радзімы з боку прадстаўнікоў беларускай дыяспары, з чаго вынікала: Міністэрства інфармацыі дакладна ведае, што беларусы Расіі любяць Радзіму. Але намеснікам міністра не было сказана ні слова, ці будзе ажыццяўляцца падтрымка беларускіх СМІ ў Расіі, ці будзе Міністэрства інфармацыі спрыяць заснаванню беларускіх выданняў у замежжы, якім чынам будзе забяспечвацца падпіска беларускай нацыянальнай меншасці Расіі на беларускія газеты і часопісы, ці будуць заключацца пагадненні аб рэгулярным інфармацыйным абмене з тэлебачаннем Расіі з улікам патрэб беларускай дыяспары.

Не застаўся без увагі і выступ старшыні Рады “Бацькаўшчыны” Алены Макоўскай. Так, яна зазначыла, што “палітыка дзяржаўнага бяздзеяння ў галіне супрацы з беларускім замежжам прыводзіць да таго, што Беларусь і беларусы губляюць сваю дыяспару – той магутны патэнцыял, які ўжо даўно выкарыстоўваецца іншымі цывілізаванымі краінамі свету на карысць і саміх краін, і дыяспары”. Па словах А. Макоўскай, дзеля спынення такой тэндэнцыі “Бацькаўшчына” стала працуе над тым, каб закон “Аб суайчынніках” быў прыняты як мага хутчэй: “Мы распрацавалі свае рэкамендацыі да праекта закона “Аб суайчынніках”, зробленыя на падставе пажаданняў і прапаноў беларускай дыяспары, і прадставілі ў дзяржаўныя структуры яшчэ ў 2002 г. Мы працягваем вывучаць вопыт іншых краін у гэтай галіне, тым больш што ўсе нашы краіны-суседзі ўжо даўно маюць падобнае заканадаўства”. Шмат хто з прысутных адзначыў, што выступ пераклікаўся з іх думкамі, з тым, пра што яны хацелі, але не атрымалі магчымасці сказаць з трыбуны. (Поўны тэкст выступу чытайце на нашым сайце www.zbsb.org/n3/1611.shtml).

Беларуская дыяспара на з’ездзе ФНКА была вельмі прадстаўнічай, хаця і моцна кідалася ў вочы амаль адсутнасць моладзі. Далёка не ўсе з прысутных кіраўнікоў беларускіх арганізацый атрымалі статус дэлегатаў. Хутчэй выключэннем сталася магчымасць выступіць кіраўніку Іркуцкага таварыства беларускай культуры А. Рудакову, які, не зважаючы на сістэматычную, тытанічную працу на беларускай ніве, статус дэлегата не атрымаў і не быў адзначаны ніводнай з узнагародаў ні ад беларускай дзяржавы, ні ад ФНКА.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары з Масквы ў асноўным гаварылі пра саюз Беларусі і Расіі, сяброўства двух брацкіх народаў. Рыторыка нагадвала гады савецкай эпохі, прычым у выступах была відавочная супярэчнасць: калі ў беларускага і рускага народаў такія аднолькавыя культуры, навошта сабраліся на свой з’езд беларусы з усёй Расіі і чаму казалі пра неабходнасць захавання беларускай культуры?

Дэпутат Дзярждумы Расіі Франц Клінцэвіч (адзін з нямногіх, хто атрымаў магчымасць выступу) замест абмеркавання праблемаў беларускай дыяспары цікава распавёў пра сваю сям’ю, падзяліўся ўражаннямі ад паездкі ва Украіну, расказаў пару анекдотаў ды правёў агітацыйную кампанію за Пуціна, выклікаўшы апошнім абурэнне часткі дэлегатаў з’езду, у тым ліку вядомага беларускага касманаўта, сябра Савета ФНКА Уладзіміра Кавалёнка.

Супрацоўнік Інстытута краін СНД Кірыл Фралоў у інтэрв’ю “Русской службе новостей” выказаў падобнае меркаванне: “Збіраецца тая частка беларускага грамадства ў Расіі, якая стаіць на пазіцыях саюза Беларусі і Расіі. Ёсць жа розныя колы. Ёсць так званыя “ліцвіны”, якія прапаведуюць антырасійскія тэорыі, і ёсць беларусы, якія сябе не аддзяляюць ад рускага свету”.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары з рэгіёнаў, якія праехалі тысячы кіламетраў дзеля аднадзённага з’езду, магчымасці выступіць практычна і не атрымалі. Тыя нямногія, што апынуліся на трыбуне, абыходзілі ў сваіх выступах палітычную тэматыку, засяроджваючыся на вопыце працы ў суполках і тых праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца. Былі выказаны пажаданні да кіраўніцтва ФНКА аб неабходнасці пашырэння кантактаў Масква – рэгіёны, наладжванні зваротнай сувязі, размяшчэнні інфармацыі пра дзейнасць арганізацый на сайце, стварэння сеткі інфармацыйнага ўзаемаабмену, атрымання дапамогі ад ФНКА (у першую чаргу беларускамоўных кніг, падручнікаў, слоўнікаў, метадычных матэрыялаў), удзелу кіраўніцтва і прадстаўнікоў цэнтральнай арганізацыі ў рэгіянальных мерапрыемствах. Таксама выступоўцы адзначылі тэмпы асіміляцыі беларусаў у Расійскай Федэрацыі. Па агучанай статыстыцы, у 1980-х гадах у Расіі пражывала каля 1 200 000 беларусаў. Паводле апошняга перапісу 2002 г. ва ўсёй РФ жыве 814 700 беларусаў.

Трэба адзначыць, што праграма працы з’езду была вельмі сціснутая. Праца пачалася ў 11.00 і скончылася ўжо ў 15.00, уключаючы перапынак. Потым пачаліся выбары, што прайшлі за якіх паўгадзіны. У новаабраную Раду ФНКА ўвайшлі 55 чалавек, старшынёй Рады чарговы раз быў абраны Ф. Каўрыга, першым намеснікам – старшыня Рады НКА “Беларусы Масквы” Сяргей Кандыбовіч. Прыняцце выніковых дакументаў адбывалася на слых. Таму мала хто з прысутных мог у дэталях унікнуць у нюансы рашэння з’езду і звароту да кіраўнікоў Беларусі і Расіі.

Закончылася мерапрыемства канцэртам. Традыцыйна асноўную частку выступленняў склалі фальклорныя кампазіцыі. Удзел узялі беларускія калектывы з Томска, Цюмені, Масквы, выканаўцы з Новасібірска.

Прадстаўнікі беларускіх арганізацый Расіі ў кулуарах наракалі на тое, што не атрымалі магчымасці выступіць і распавесці пра свой вопыт дзейнасці, падзяліцца праблемамі, што не было арганізавана ніводнага круглага стала, а некаторыя ехалі з вельмі далёкіх рэгіёнаў. І зноў жа чарговая супярэчнасць: калі вядучы з’езду паставіў на галасаванне, ці скончыць палеміку і перайсці да выбараў, бальшыня прагаласавала “за”, і пленарнае пасяджэнне скончылася. “Рэгіяналы” скардзіліся, што фактычна вымушаны спадзявацца толькі самі на сябе. Аб падтрымцы з боку Беларусі можна толькі марыць.

А праблемаў шмат. Да прыкладу, вельмі балючае пытанне для беларусаў у Расіі – беларускае школьніцтва. “Некалькі год таму ў Маскве спрабавалі адкрыць беларускую школу, — распавяла А. Макоўская. – Але не набралі навучэнцаў”. Яна выказала меркаванне, што пры належнай рэкламе, падтрымцы з боку беларускай дзяржавы, у тым ліку квоце пры паступленні ў ВНУ Беларусі, такая школа ў Маскве магла б не толькі працаваць без усялякіх праблем, але з часам стаць і элітарнай. Проста тут трэба аб’яднаць высілкі дыяспары і Беларусі.

Безумоўна, прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” не маглі не адзначыць і той факт, што сярод грамадскіх арганізацый, якія акрэсліў Л. Гуляка ў сваім выступе як тыя, што працуюць з беларускай дыяспарай, назвы “Бацькаўшчына” не прагучала. Затое прагучала яна ў выступах саміх дэлегатаў: яны і з трыбуны, і па-за пасяджэннем дзякавалі за падтрымку і ўвагу з боку Згуртавання, у тым ліку за рассылку бюлетэня “Беларусы ў свеце”.

“Самае галоўнае, у чым было прыемна пераканацца, — у беларускай дыяспары Расіі ёсць велізарны патэнцыял, — адзначыла А. Макоўская. – Для яго развіцця патрэбная толькі супраца і сістэмная дапамога з боку беларускай дзяржавы. У рэгіёнах Расіі робіцца вялікая праца канкрэтнымі людзьмі, сапраўднымі энтузіястамі сваёй справы. Пра іх дзейнасць павінны ведаць і ў Беларусі, і ў беларускім замежжы. Гэтым людзям трэба дапамагаць, і гэта дапамога вернецца спаўна”.

На думку Н. Шыдлоўскай, удзел у з’ездзе быў карысны для арганізацыі яшчэ і тым, што ўдалося пабачыцца з многімі кіраўнікамі суполак дыяспары з рэгіёнаў, даведацца пра настроі сярод арганізацый ФНКА. Акрамя таго, па яе словах, менавіта ў Маскве ўдалося прымусіць беларускіх чыноўнікаў выслухаць пазіцыю “Бацькаўшчыны”, бо ў Мінску да іх дагрукацца немагчыма.

“Вельмі добра, што мы мелі магчымасць сабрацца ўсе разам”

Першыя ўражанні ад з’езду ФНКА “Беларусы Расіі” выказалі прадстаўнікі беларускай дыяспары.

“Вельмі добра, што мы сустрэліся разам. Мы заўсёды гэтаму рады. Мы ж сябруем: Томск, Цюмень, Самара, Краснадар і іншыя”, – распавяла дырэктар Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Ніна Кабанава. Падобныя меркаванні выказалі і прадстаўнікі іншых беларускіх суполак.

“Мне падаецца, такія мерапрыемствы трэба праводзіць часцей, каб прадстаўнікі беларускай дыяспары знаёміліся паміж сабой, абменьваліся вопытам”, – адзначыў Аляксандр Станкевіч, сябра праўлення Санкт-Пецярбургскага беларускага грамадска-культурнага таварыства.

“Я лічу, што з’езд у цэлым атрымаўся”, – падзяліўся сваімі ўражаннямі старшыня Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Санкт-Пецярбурга Мікалай Русакевіч. З гэтай думкай пагадзіўся старшыня Нацыянальна-культурнай аўтаноміі Рэспублікі Комі “Беларусь” Аркадзь Крупенька: “Мы пачулі справаздачу за пяць год. Была на з’ездзе і крытыка”. “Усе паставіліся да кіраўніцтва з паразуменнем, многага зрабіць не атрымалася. Мы разумеем, што гэта грамадскае аб’яднанне, шмат што патрабуе фінансаў”, – зазначыў А. Крупенька.

Удзельнікі адзначылі цікавыя выступы з’езду. Так, грунтоўнымі і змястоўнымі назвала Сафія Антоненка, старшыня праўлення Беларускага зямляцтва на Алтаі выступ Алега Рудакова, старшыні Іркуцкага таварыства Беларускай культуры імя Яна Чэрскага, Любові Адаскевіч, кіраўніка праўлення Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Томска і Алены Макоўскай, старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. “З’езд у мяне пакінуў добрыя ўражанні”, – сказала яна.

Выказалі беларусы Расіі і пажаданні аб пашырэнні ФНКА. “ФНКА “Беларусы Расіі”, безумоўна, не прадстаўляе ўсе беларускія арганізацыі Расіі. Я лічу, што браць да сабе трэба і беларускія клубы, іншыя беларускія суполкі, дапамагаць і працаваць з імі”, – зазначыў Пётр Масюк, старшыня праўлення НКА “Беларусы Севераморска” (Мурманская вобласць).

Пры гэтым удзельнікі наракалі і на хібы падрыхтоўкі мерапрыемства. Так, Н. Кабанава адзначыла “невысокі ўзровень арганізацыі”. З ёй была згодна і С. Антоненка. Яна ж адзначыла парушэнні працэдуры выбараў і выказала здзіўленне, што ўдзельнікі так і не атрымалі на рукі друкаваную копію выніковага рашэння з’езду.

Удзельнікі падкрэслілі недахоп часу на з’ездзе. “Было мала часу, мала магчымасцяў проста паразмаўляць прадстаўнікам розных беларускіх суполак. А на з’ездзе – усё напісана, не было жывых стасункаў паміж людзьмі”, – заўважыў П. Масюк.

Пра фармальнасць выступаў і самога з’езду сказаў А. Станкевіч: “З’езд нагадаў справаздачна-выбарную партыйную канферэнцыю, якія праводзіліся 20-30 год таму. На ім агучылі толькі справаздачу пра поспехі, а праблемы беларускай дыяспары практычна не закраналіся”. Ён таксама адзначыў, што за справаздачамі аб поспехах забыліся распрацаваць стратэгію працы ФНКА.

Н. Кабанава заўважыла, што не спадзяецца на тое, быццам ФНКА пачне вырашаць праблемы суполак у рэгіёнах: “Спадзяванняў на вырашэнне нейкіх праблемаў не было. Калі столькі год ФНКА іх не вырашала, то чаму павінна нешта змяніцца? Калі б новыя кадры з’явіліся… але, можа быць, і зменіцца нешта. Можа быць, сп. Каўрыгу праняло, можа, ён пачуў праўду”.

“Не думаю, што ў з’езду была нейкая асаблівая задача. Асноўная, якую адзначалі на працягу ўсяго пасяджэння, – саюз Беларусі і Расіі, – адзначыў П. Масюк. Ён жа дадаў, што пры магчымасці хацеў бы звярнуцца да афіцыйнай беларускай дэлегацыі з просьбай распрацаваць “праграму па вяртанні беларусаў у Беларусь”: “Я думаю, што калі б яна з’явілася, то былі б і ахвочыя. Сёння ж чалавек пра ўсё павінны клапаціцца сам: прадаваць, набываць, уладкоўвацца – без дапамогі дзяржавы”.

Сярод пэўных праблемаў “Беларусаў Расіі” М. Русакевіч назваў “недастатковае ўзаемадзеянне паміж цэнтрам і рэгіёнамі”: “У нас мала агульных мерапрыемстваў з рэгіёнамі”.

Малыя перспектывы для з’езду адзначыў кіраўнік Разанскага зямляцтва беларусаў Віктар Аляшчык. Адной з прычынаў гэтага ён назваў раз’яднанасць беларусаў у Расіі: “У тых, хто жыве за Уралам, зусім іншыя ўяўленні, чым у нас, тых, хто жыве ў цэнтральнай частцы Расіі. Мы проста не разумеем адзін аднаго”. “Мне значна больш спадабалася на IV з’ездзе беларусаў свету, які ладзіла МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Там сабраліся беларусы з усяго свету і было што распавесці адзін аднаму”, – прызнаўся В. Аляшчык.

“У нас атрымалася захаваць гэтую арганізацыю, і гэта ўжо здорава. Такім чынам ФНКА будзе жыць надалей”, – падвёў вынік М. Русакевіч. “Мы разлічваем на ажыўленне работы”, – удакладніў А. Крупенька.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

У Вільні ўшанавалі памяць Максіма Гарэцкага і Наталлі Арсенневай

6 кастрычніка памяць адразу двух выбітных беларускіх літаратараў ушанавалі ў колішняй беларускай сталіцы – Вільні. Памятныя дошкі ў гонар Максіма Гарэцкага і яго вучаніцы Наталлі Арсенневай былі ўсталяваныя на былым будынку Беларускай гімназіі. Асноўным арганізатарам урачыстасці стала Таварыства беларускай культуры ў Вільні і яго старшыня Хведар Нюнька. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і дапамагала ў вырабе шыльдаў, і ўдзельнічала ў іх адкрыцці.

На адкрыцці прысутнічалі пляменнік Максіма Гарэцкага Радзім Гарэцкі з жонкай Галінай, аўтар праектаў беларускі скульптар Алесь Шатэрнік, старшыня ТБК Хв. Нюнька, актыўная дзяячка ТБК Леакадзія Мілаш, старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, яе намесніца Ніна Шыдлоўская. На ўрачыстасць прыйшло больш за паўсотні беларусаў Вільні.

Адкрываў і вёў імпрэзу Хв. Нюнька. Гучала шмат цёплых словаў у гонар выбітных беларускіх пісьменнікаў. Адзначалася, што такая падзея павінна праходзіць на дзяржаўным узроўні, але тое, што грамадства і без дзяржаўнай падтрымкі ўшаноўвае памяць рэпрэсаванага пісьменніка Максіма Гарэцкага і ягонай любімай вучаніцы Наталлі Арсенневай – надае вагу менавіта грамадству, якое не забываецца на знакавыя для ўсіх беларусаў асобы.

З прамовай выступіў Р. Гарэцкі. Ён распавёў пра гісторыю роду Гарэцкіх, лёс Максіма. Л. Мілаш хораша расказала пра біяграфію Наталлі Арсенневай.

Шыльды былі ў пачатку 1990-х гадоў выраблены і ўсталяваныя. Дошка ў гонар Максіма Гарэцкага – у Мінску на будынку, дзе ў свой час размяшчаўся Інбелкульт, а пазней – сядзіба МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны”, а мемарыяльная дошка Наталлі Арсенневай – у Вільні. Абедзве дошкі былі скрадзеныя. Першая – з невядомых прычынаў: яе шукалі, знайсці не здолелі, праз год яна была падкінутая ў сквер насупраць сядзібы “Бацькаўшчыны”, потым зноў скрадзеная, на гэты раз назаўсёды. Другая – па эканамічных матывах, бо была выраблена з каштоўнага металу.

У выніку было вырашана аднавіць мемарыяльныя дошкі ў Вільні з некаштоўнага металу цэлюміну. Увесь арганізацыйны цяжар (у тым ліку ўзгадненні з віленскімі гарадскімі ўладамі) лёг на плечы старшыні ТБК Хв. Нюнькі. Выраб дошкі Максіму Гарэцкаму фінансавалі Р. Гарэцкі і МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, шыльду Наталлі Арсенневай – Вячаслаў Прановіч.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Аляксей Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе

5 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты вядомы мастак, кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін абнавіў каплічку, усталяваную паводле яго эскіза на месцы расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Каплічка ўсталяваная побач з вялікім крыжам на ўваходзе ў Курапацкі лес. На ёй выява абраза маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных. Яна была ўсталяваная на Дзяды ў 2003 г. У снежні 2005 г. на абразе невядомыя вандалы намалявалі свастыку. Тады ж былі апаганеныя і іншыя курапацкія памятныя знакі.

5 кастрычніка А. Марачкін прымацаваў на каплічцы новую выяву абраза. “Тое, што тут апаганілі рэпрадукцыю абраза Маці Божай Курапацкай, арыгінал якой знаходзіцца ў Чырвоным касцёле, яшчэ раз гаворыць пра тое, што нашы ўлады не зацікаўленыя, каб гэтае месца стала па-сапраўднаму святым, – сказаў ён. – Калі замоўчваецца тое, што тут адбылося, калі аднаўляецца “Лінія Сталіна”, калі замяняюць гэтыя сімвалы нечым іншым, то, безумоўна, знаходзяцца людзі, якія робяць такую шкоду. Курапаты – нібы барометр сённяшняй маралі, сумлення, сімвал пакутнікаў Беларусі”.

Апошнім часам у Курапатах з’явілася многа новых крыжоў, тэрыторыя прыбраная. А. Марачкін сказаў: “Я думаю, што ўсё роўна сюды сумленныя людзі ходзяць, і сумленне, беларускі патрыятызм усё ж пераможа. Людзі застануцца людзьмі”.

Паводле Радыё “Свабода”, 5 кастрычніка 2007 г.

 

Кнігадрук на эміграцыі

27-28 верасня на базе Віленскага ўніверсітэту прайшла міжнародная кнігазнаўчая навуковая канферэнцыя “Роля рукапіснай і друкаванай спадчыны ў захаванні нацыянальнай індэнтычнасці эмігрантаў”. Сярод навукоўцаў з усяго прыбалтыйскага рэгіёну ў канферэнцыі прыняў удзел і намеснік старшыні Рады “Бацькаўшчыны”, загадчык аддзела рэдкай кнігі Прэзідэнцкай бібліятэкі Валеры Герасімаў.

На канферэнцыі выступілі латышы, літоўцы, палякі, беларусы, а таксама прадстаўнікі дыяспараў гэтых краінаў з Велікабрытаніі, ЗША і Аўстраліі.

Прадметам цікаўнасці ўдзельнікаў было ўсё, што выдае дыяспара па-за межамі краіны. Прагучалі даклады “Некаторыя аспекты літаратурнай друкаванай спадчыны на выгнанні”, “Выкарыстанне мясцовай мовы (англійскай) дзеля захавання літаратурна-нацыянальнай спадчыны” і інш.

Беларускія навукоўцы прадставілі даклад “Спадчына беларускага замежжа ў сучасным беларускім і замежным друку”. Акрамя В. Герасімава даклад рыхтавала і выкладчыца Беларускага ўніверсітэту культуры і мастацтва, кандыдат навук Ларыса Доўнар.

Беларусы распавялі пра гісторыю, сучаснасць беларускага замежжа, стан друку беларускай дыяспары за мяжой і ў Беларусі.

Так, па словах В. Герасімава, яны адзначылі два перыяды актывізацыі друку літаратуры пра дыяспару ў Беларусі: 1991–1994 гг., які па інерцыі доўжыўся да
1997 г., калі дзяржава была зацікаўлена ў вяртанні культурнай спадчыны, і другі перыяд – ад 1998 г., калі дзяржава пачала ігнараваць гэтае пытанне. “У Літве, Латвіі ўся такая літаратура выдаецца, а ў нас згорнутая”, – адзначыў В. Герасімаў.

Сёння гэтым займаюцца прыватныя выдавецтвы, грамадскія арганізацыі, у іх ліку і МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Таксама выдаюцца часопісы і газеты, асобныя нумары якіх прысвечаны дыяспары.

В. Герасімаў палічыў па “Летапісе друкаваных выданняў”, што з 1990 да 2005 гг. у Беларусі па гісторыі дыяспары выйшла прыблізна 70 кніг. Але гэта ўлічваючы тое, што па ідэалагічных прычынах шмат якія кнігі проста не трапляюць ў згаданы “Летапіс...”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

“Слаўны паніч”

Выйшаў першы музычны альбом сярэднявечнай музыкі “Слаўны паніч” беларускага гурту “Testamentum terrae”. Ініцыятарам і арганізатарам выпуску альбома стала Згуртаванне “Бацькаўшчына”, фінансавую падтрымку аказала беларуская мецэнатка з ЗША Ірэна Каляда-Смірнова.

Пра альбом распавёў адміністратар праекта, кіраўнік гурту “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі. Альбом запісваўся ў Гомелі і Мінску ў дзвюх розных студыях, звядзеннем яго займаўся гукааператар гурту “Стары Ольса” Анатоль Шаўцоў. “Для дыска наўмысна падрыхтавалі старажытную музыку беларускага і еўрапейскага паходжання, каб паказаць агульны культурны працэс”, – адзначыў З. Сасноўскі.

Дыск “Слаўны паніч” гэтак назвалі невыпадкова, паводле песні, прысвечанай шляхцічу, запісанай яшчэ ў ХІХ ст. Зміцерам Хадароўскім, але якую практычна нідзе не выконвалі і якую знайшоў сам гурт “Testamentum terrae”.

Таксама З. Сасноўскі адзначыў музычнае багацце і разнастайнасць дыска: “Для запісу выкарыстана вельмі шмат інструментаў, якімі гурт, хоць і малады, але валодае. Гэта лютня і некалькі відаў дудаў, як народная беларуская, так і нямецкага тыпу, што была распаўсюджаная па ўсёй Еўропе”.

Дыск запісваўся прыкладна паўгады, хаця рэальна музычны матэрыял група збірала ўсе гады свайго існавання. “Перлінкай дыска з’яўляецца кавер-версія кампазіцыі “Fear of the Dark”, выкананая на дудах, – зазначыў З. Сасноўскі і дадаў: – З боку гурту “Стары Ольса” мы вітаем з’яўленне такога дыска”.

Гурт “Testamentum Terrae” існуе з 2003 г. Стваральнік і кіраўнік – Юрась Панкевіч. Гурт удзельнічаў у шэрагу фестываляў сярэднявечнай культуры і музыкі, музычных конкурсах; ён таксама арганізоўвае ўласныя танцавальныя вечарыны.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

ВІНШУЕМ

Маем гонар павіншаваць з Днём нараджэння сяброў Вялікай Рады арганізацыі, якія нарадзіліся ў лістападзе: Станіслава Акінчыца, Зміцера Сасноўскага, Анатоля Вярцінскага (Беларусь), Максіма Вінакурава (Аўстрыя), Антона Сабалеўскага (Расія), Ларысу Пліско-Балі (Швейцарыя).

З асаблівым гонарам віншуем нашых юбіляраў: Генадзя Вінярскага (Беларусь), якому споўніцца 40 год, і Алену Нарушэвіч (Латвія), якой споўніцца 50 год.

Прыміце ад нас шчырыя пажаданні шчасця, доўгага жыцця, выдатнага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі на карысць беларускага народу і Бацькаўшчыны.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Бельгія

14 кастрычніка “Офіс за Дэмакратычную Беларусь” у Бруселі наладзіў спецыяльную сустрэчу для маніторынгу “Еўрапейскага маршу” (што адбываўся ў Мінску), падчас якой удзельнікі маглі сачыць за разгортваннем падзей у рэжыме рэальнага часу.

Прадстаўнікі еўрапейскіх інстытуцыяў, недзяржаўных арганізацыяў, а таксама беларуская грамада Бельгіі сабраліся разам дзеля таго, каб паказаць сваю салідарнасць з беларусамі, што выйшлі на вуліцы Мінску і выявілі жаданне прыняць прапановы Еўразвязу і шанаваць каштоўнасці свабоднай і дэмакратычнай Еўропы.

Беларускае еўрапейскае задзіночанне і маладзёвая арганізацыя “Маладая Беларусь” падрыхтавалі да гэтага мерапрыемства спецыяльны інфармацыйны бюлетэнь, дзе выказалі свой пункт гледжання на сённяшнюю палітычную сітуацыю ў Беларусі.

У знак салідарнасці з удзельнікамі “Еўрапейскага маршу” ў беларускай грэка-каталіцкай царкве ў Антверпене адбыўся малебен за ўсіх змагароў за вольную Беларусь.

Паводле Прэс-групы “Офіса за Дэмакратычную Беларусь” і “Хартыі’97”

Маклін, ЗША

Маклінскі грамадскі цэнтр штогод ладзіць фестываль, прысвечаны культуры той ці іншай краіны або рэгіёну. На сёлетнім былі прадстаўленыя Беларусь, Расія і Украіна. Арганізатарамі ўдзелу амерыканскіх беларусаў сталі Культурна-адукацыйная фундацыя імя Орсы-Рамана і вашынгтонскі гурток Беларуска-амерыканскага задзіночання.

Праграма была складзеная так, каб усім наведнікам было цікава і весела. У адмыслова выдадзенай брашуры арганізатары адзначылі, што мэта фестывалю – “перадаць прыгажосць і захапленне славянскімі культурамі Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны. Кожная з гэтых краін мае сваю ўнікальную славянскую культуру”.

На беларускім стэндзе былі раскладзеныя скарбонкі, лялькі, медалі, паштоўкі, альбомы, тканыя паясы, публікацыі БІНіМу і інш. Наведнікам раздавалі інфармацыйныя лісткі, газету “Беларус”. Стэнд карыстаўся вялікай папулярнасцю: шмат хто распытваў пра сучасную Беларусь, дапытваўся, як знайсці весткі пра продкаў, жадалі набыць рэчы, публікацыі.

У канцэртнай частцы фестывалю выдатна прагучалі беларускія песні ў выкананні вядомага ансамблю сям’і Казакоў.

Сярод наведнікаў беларускага стэнду прыемна было бачыць былога амерыканскага пасла ў Беларусі сп. Джорджа Крола, мясцовых беларусаў, а таксама суродзіча з далёкага Чыкага сп. Юрыя Цыпурку.

Я. З.

Нью-Йорк, ЗША

Будынку сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Йорку – 50 год.

15 кастрычніка 1957 г. беларусы ЗША набылі будынак сабора Святога Кірылы Тураўскага. 3 лістапада 1957 г. адбылася першая царкоўная служба і агульны сход.

У Нью-Йорку прыход Св. Кірылы Тураўскага існаваў з 1950 г., набажэнствы праходзілі ў хатцы ў Брукліне, дзе мясцілася канцылярыя Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА).

На VI кангрэсе набыццё Беларускага народнага дома было падпарадкавана Галоўнай Управе БАЗА. Да набыцця быў прапанаваны будынак Прасвітарыянскай царквы. 15 кастрычніка 1957 г. будынак быў набыты. Грашыма заплачана $11,000 даляраў і іпатэчным крэдытам $14,000.

Сабор стаў месцам згуртавання ўсіх беларусаў ЗША, асяродкам духоўнасці і культуры. Унікальнай з’яўляецца двайная роля будынка – рэлігійная і грамадская. Царкоўная зала месціцца на другім паверсе, там праходзяць набажэнствы. Грамадская зала – на першым паверсе, яна належыць БАЗА (як фундатару царквы).

Паводле zbma.net

Даўгаўпілс, Латвія

Пачынаючы з 2003 г. па ініцыятыве кафедры замежных моў Даўгаўпілскага ўніверсітэту для студэнтаў гуманітарнага факультэта штогод праводзіцца Дзень моў. Кожны раз свята мае пэўную тэму. Сёлета – народны гумар, жарты і анекдоты на ўсіх мовах, якія вывучаюць студэнты ўніверсітэту. А вывучаюць яны 13 моў, сярод якіх на працягу дзесяці гадоў запатрабаваная і беларуская.

Студэнты павінны былі падрыхтаваць камічную тэатральную дзею на той мове, якую вывучаюць. Навучэнцы-беларусы падрыхтавалі праграму “Жарты з парты”. Гэтыя запісы, перапісаныя з парт, падаравалі нам калісьці студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Максіма Танка. Наш гумар зразумелі, нам апладзіравалі, зала шчыра смяялася нават без перакладу на дзяржаўную мову.

Для слухачоў ладзіліся розныя конкурсы. Руская філалогія прапанавала разам сыграць тэатр, “шведы” вырашылі развучыць свае скорагаворкі, “англічане” – спець песню на англійскай мове, а “беларусы” прапанавалі аўдыторыі аўцюкоўскія анекдоты і жарты, якія нікога не пакінулі абыякавымі.

Таццяна Бучэль, Даўгаўпілс

Вільня, Літва

Дні беларускага кіно прайшлі ў Літве з 15 да 19 кастрычніка. Чатырохдзённае мерапрыемства адкрылася паказам мастацкага фільма “Анастасія Слуцкая”. Акрамя гэтай стужкі гледачы змаглі ўбачыць карціны “Ворагі”, “Я памятаю” ды “Белыя росы”.

Дні беларускага кіно наладзіла амбасада Беларусі ў Літве разам са Звязам кінематаграфістаў Літвы пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.

Апрача паказаў фільмаў, была наладжана выстава “Мая айчына – Беларусь”, якая распавядае пра развіццё сучаснай Беларусі.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”, 15 кастрычніка 2007 г.

***

Беларускія студэнты, якія навучаюцца за мяжой, аб’яднаюцца ў супольнасць. Прэзентацыя праекта стварэння такога аб’яднання адбылася ў Вільні 12–16 кастрычніка падчас сустрэчы беларускіх студэнтаў у выгнанні, зладжанай Цэнтрам даследаванняў Усходняй Еўропы.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 50 студэнтаў, якія навучаюцца ва ўніверсітэтах Літвы, Польшчы, Нямеччыны, Чэхіі, Украіны і Швейцарыі. Большасць удзельнікаў былі студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, а таксама ўдзельнікі праграмы Кастуся Каліноўскага.

Удзельнікі наведалі лекцыі, прысвечаныя беларуска-літоўскім адносінам і перспектывам развіцця Беларусі. Па выніках мерапрыемства вырашана пачаць падрыхтоўку статута суполкі беларускіх студэнтаў у выгнанні, які павінен быць прыняты на наступнай сустрэчы.

Паводле БелаПАН

Беласток, Польшча

Першага курса беларусістыкі ў Беластоцкім універсітэце ў гэтым годзе не будзе. Не набралася патрэбнай колькасці навучэнцаў для адкрыцця групы. “Сітуацыя можа паўтарыцца і ў наступным годзе, калі тэрмінова не правесці рэформы на кафедры беларускай філалогіі”, – распавёў прадэкан Беластоцкага ўніверсітэту Васіль Сегень.

Па яго словах, на кафедру беларускай філалогіі адбіралі ў два этапы. Першы раз знайшлося сем прэтэндэнтаў, але ніхто з іх не падаў дакументы. Падчас абвешчанага другога набору жадаючых было столькі ж і пяць чалавек падалі дакументы. “Гэтага было мала, бо па правілах нашага ўніверсітэту трэба як мінімум 15 чалавек, каб распачаць вывучэнне замежнай філалогіі”, – распавёў В. Сегень.

Ён адзначыў, што прадстаўнікі кафедры ездзілі ў беларускія ліцэі, з тым, каб заахвоціць паступаць на беларускую філалогію, але гэтага аказалася недастаткова.

Тыя пяць чалавек, якія ўжо паступілі на беларускую філалогію, па правілах універсітэту павінны быць забяспечаны месцамі на іншых факультэтах. Па звестках сп. Сегеня, ім былі прапанаваны месцы на факультэце рускай філалогіі, і большасць пагадзіліся.

“Пра прычыны недабору я магу пакуль выказваць толькі прыватныя меркаванні, – адзначыў В. Сегень. – Зараз больш паступаюць на тэхнічныя факультэты, бо з імі прасцей потым знайсці працу. І таму трэба пашыраць праграму беларускай філалогіі. У бок культаралогіі, можа быць, юрыдычных дысцыплінаў, імкнуцца да інтэрдысцыплінарнасці”. Ён падкрэсліў, што ў сённяшніх умовах польская філалогія можа застацца класічнай філалогіяй, а беларускай патрэбныя неадкладныя рэформы. Калі праграма беларускай філалогіі пашыралася за кошт прадметаў беларускай культуры, на факультэт быў конкурс 2 чалавекі на месца.

Інфармацыйны цэнтр

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Варшава, Польшча

Увечары 10 кастрычніка ў Варшаве адбылася cусветная прэм’ера польска-амерыканска-нарвежскага дакументальнага фільма выбітнога польскага рэжысёра Анджэя Фідыка “Беларускі вальс”. Галоўны герой стужкі – вядомы мастак Алесь Пушкін, праз асобу якога рэжысёр паказвае сучаснае жыццё ў беларускай правінцыі.

У фільме А. Фідыка мы бачым А. Пушкіна не толькі як мастака і аўтара шырокавядомых перформансаў, але таксама зазіраем у ягонае асабістае жыццё, жыццё ягонай сям’і.

“Беларускі вальс” намінаваны на адну з найбольш прэстыжных узна-гарод для дакументальнага кіно – узнагароду Еўрапейскай кінаакадэміі. Пераможцы будуць абвешчаныя 1 снежня ў Берліне.

Паводле Радыё “Свабода”

***

“Еўрапейскі марш” прайшоў 14 кастрычніка і ў Варшаве. Беларусы, якія жывуць у польскай сталіцы, а таксама жыхары Варшавы прыйшлі падтрымаць удзельнікаў маршу ў Мінску.

“Еўрапейскі марш” пачаўся на варшаўскім пляцы Канстытуцыі, дзе адбыўся акустычны канцэрт беларускай музыкі.

“Гэтая акцыя робіцца дзеля таго, каб паказаць, што Беларусь – гэта еўрапейская краіна і мае права імкнуцца да Еўразвязу, паказаць падтрымку палякаў у тым, каб Беларусь была ў еўрапейскай супольнасці”, – кажа Віталь Лоцманаў, адзін з лідэраў “Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі”, арганізатар акцыі.

Былы віцэ-спікер Еўрапарламенту Януш Анышкевіч, які таксама прыйшоў на марш, напярэдадні вярнуўся з польска-беларускай мяжы: у Беларусь, на марш у Мінску, яго не пусцілі.

Удзельнікі маршу, а іх было каля сотні, прайшлі па адной з цэнтральных вуліц Варшавы – Маршалкоўскай – да Банкаўскага пляцу, дзе ў паветра былі выпушчаныя паветраныя шарыкі з бел-чырвона-белымі стужкамі.

Паводле “Хартыі’97”, 15 кастрычніка 2007 г.

***

У Варшаве адбыліся ўрачыстасці з нагоды 190-й гадавіны смерці Тадэвуша Касцюшкі. Гісторык з Польскай акадэміі навук Марыян Драздоўскі нагадаў, што лёс
Т. Касцюшкі быў звязаны з многімі краінамі.

М. Драздоўскі распавёў: “Для нас Тадэвуш Касцюшка – сімвал службы на карысць Рэчы Паспалітай, сімвал адзінства. Касцюшка не толькі герой Польшчы, але і Беларусі, дзе ён нарадзіўся. Гэта ганаровы грамадзянін Францыі і вялікі сябра Швейцарыі”. Трэба адзначыць, што Т. Касцюшка з’яўляецца таксама героем ЗША.

У наступным годзе плануецца паставіць першы пасля смерці Т. Касцюшкі помнік у Варшаве. (На тэрыторыі Беларусі помнік Т. Касцюшку стаіць толькі на тэрыторыі амбасады ЗША ў Мінску, аўтар – Алесь Шатэрнік).

Паводле “Польскага радыё для замежжа”, 15 кастрычніка 2007 г.

Люблін, Польшча

У Любліне, на польска-ўкраінска-беларускім памежжы ствараецца кансультацыйны пункт для іншаземцаў і польскіх працадаўцаў, які будзе дапамагаць прыцягваць замежнікаў з усходніх краін і заахвочваць іх працаваць у Польшчы.

Кансультацыйны пункт у Любліне акажа дапамогу бізнесоўцу ў афармленні справаў, звязаных з легальным працаўладкаваннем іншаземца; падкажа, у якія ўстановы падаваць паперы, дапаможа іх запоўніць. У кансультацыйны пункт могуць таксама звяртацца іншаземцы, у якіх узнікнуць праблемы з працадаўцам.

Кансультацыйны пункт знаходзіцца ў цэнтры Любліна на вуліцы Ляшчынскага, 14.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”, 10 кастрычніка 2007 г.

Тыкоцін, Польшча

У Тыкоціне на Падляшшы завяршаюцца здымкі тэлефільма паводле п’есы Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Фільм здымае мінскі рэжысёр Валеры Мазынскі па замове спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.

В. Мазынскі кажа, што праца ідзе ў вельмі добрай атмасферы: “З вялікай прыемнасцю мы робім гэтую справу. Як заўсёды, у такой творча-вытворчай працы ёсць нейкія накладкі, але ўсё кампенсуюць вельмі цёплая атмасфера і добрае чалавечае стаўленне. Увогуле, мы вялікае задавальненне атрымліваем ад таго, што робім”.

Сцэны з “Тутэйшых” здымаюцца як у памяшканні, так і пад акрытым небам, ёсць сцэны з так званымі “масоўкамі”, у адмыслова пабудаваных дэкарацыях.

Дырэктар каналу “Белсат” Агнешка Рамашэўская сказала, што праект тэлевізійнага тэатра, тэлефільма вельмі важны для новага тэлебачання: “Канал “Белсат” хацеў бы даць магчымасць беларускім творцам паказаць сябе. На дадзены момант для іх не хапае прасторы ў Беларусі. Таму мы вырашылі, што нягледзячы на высокія кошты мы будзем здымаць такія пастаноўкі”.

Паводле Радыё “Свабода”, 3 кастрычніка 2007 г.

Барнаул, Расія

Некалькі месяцаў працуе ў Барнауле новастворанае “Беларускае зямляцтва на Алтаі”. За гэты час яно паспела правесці вялікую працу.

Як распавяла старшыня праўлення “Беларускага зямляцтва на Алтаі” Сафія Антоненка, адразу пасля ўтварэння арганізацыі яна дала інтэрв’ю мясцовым СМІ, каб людзі даведаліся пра падзею. І людзі пачалі тэлефанаваць і прыходзіць. “Усе нацыянальныя меншасці Алтаю даўно аб’ядналіся, а беларусы не, – адзначыла С. Антоненка. – У нас ёсць свая нацыянальна-культурная аўтаномія, але яе дзейнасць вузка скіраваная…” Бацькі С. Антоненкі прыехалі падымаць цаліну ў 1954 г., і шмат для іх значыла слова “землякі”, менавіта таму яна марыла стварыць беларускае зямляцтва на Алтаі. Асноўная мэта – “аб’яднаць, захаваць традыцыю, мову, аказаць падтрымку тым землякам, якія памятаюць пра Беларусь, але якім няма каму нават хату пабяліць, дапамагчы пабываць на радзіме перад смерцю”.

С. Антоненка распавяла, што зараз зямляцтва існуе выключна за кошт яе сямейнага бюджэту. Пры гэтым арганізацыя ўжо ўдзельнічала ў вялікай імпрэзе з нагоды 70-годдзя Алтайскага краю ў фестывалі нацыянальнасцяў “Адзінай сям’ёй на Алтаі жывём”: “Мы як маглі прадставілі Беларусь. Сыходзячы з магчымасцяў: сцяг, герб, гімн, распавялі пра беларускія святы”.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Алтаі жывуць 8 280 беларусаў, але гэта менавіта тыя, хто называе сабе беларусамі – старэйшае ў асноўным пакаленне. “Я лічу, што беларусаў на Алтаі як мінімум у два разы болей”, – адзначыла С. Антоненка.

На сёння актыў аб’яднання складае 25 чалавек, сяброў – 50 чалавек. Але, як бачна, перспектывы ў беларускага зямляцтва ёсць.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Масква, Расія

29 верасня ў межах праграмы “Масква шматнацыянальная” ў бібліятэцы імя М. Някрасава адбылася імпрэза, прысвечаная першай гадавіне існавання Беларускага зямляцтва Масквы.

Як паведаміў адзін з арганізатараў свята Ян Маркаў, праграма пачалася з уступнага слова, дзе ён як вядучы распавёў пра гісторыю заснавання зямляцтва, дасягненні арганізацыі за першы год існавання. Праграму прадоўжыў паказ фотаслайдаў з жыцця БЗМ, выступілі беларускія барды Яўген Валошын і Зміцер Казлоўскі.

Падчас імпрэзы працавала выстава беларускіх кніг і часопісаў. У прыватнасці, там былі прадстаўленыя кнігі МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны” і інш. Па словах Я. Маркава, водгукі гледачоў былі толькі станоўчыя. Многім спадабалася менавіта выстава выданняў, дзе яны маглі набыць любую кнігу ці часопіс або замовіць іх.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***

Імпрэзу “Беларусь старажытная” ладзіла 20 кастрычніка Беларускае зямляцтва Масквы. Галоўнай яе падзеяй была прэзентацыя фільма “Старыя інструменты Беларусі”. Пра тое, як прайшла імпрэза, расказаў адзін з яе арганізатараў Ян Маркаў.

– Акрамя прэзентацыі і паказу фільма “Старыя інструменты Беларусі” мы яшчэ зладзілі выставу кніг і дыскаў. Частку яе склалі кнігі, выпушчаныя МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, частку – кнігі, якія звязаныя з гісторыяй, літаратурай ці мастацтвам Беларусі. Таксама на выставе былі музычныя дыскі, некаторыя фільмы пра Беларусь.

Перад гледачамі выступіла заснавальніца фальклорнага ансамбля Людміла Кураловіч, якая распавяла пра асаблівасці беларускіх гусляў.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Цюмень, Расія

У рамках святкавання Дзён беларускай культуры ў Вікулаўскім раёне Цюменскай вобласці прайшоў конкурс дзіцячага малюнка “Радзіма майго прадзеда Беларусь”.

Арганізатары адзначылі, што яго галоўная мэта – данесці да дзяцей усю прыгажосць роднага краю.

Таксама прайшла тэматычная вечарына з удзелам нашчадкаў беларусаў, выступленні фальклорных калектываў і народнага ансамбля беларускай песні “Лянок”.

Паводле www.t-l.ru і “Еўрапейскага радыё для Беларусі”,

3 кастрычніка 2007 г.

Кіеў, Украіна

Упершыню паэма Якуба Коласа “Новая зямля” выйшла ў свет у перакладзе на ўкраінскую мову. Аўтар перакладу – беларускі ўкраінец Валеры Стралко, сябар пісьменніцкіх саюзаў Беларусі і Украіны, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя І. Франка ды літаратурнай прэміі імя К. Крапівы. Выданне прысвечана 125-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа і 100-годдзю з пачатку ягонай літаратурнай творчасці.

Кніга выйшла ў выдавецтве “Украінскі пісьменнік” накладам 5 000 асобнікаў. “Новую зямлю” на ўкраінскай мове нельга купіць у кнігарнях – практычна ўвесь наклад будзе скіраваны ў бібліятэкі Украіны і Беларусі.

Прэзентацыя кнігі, як, зрэшты, і яе выданне, адбылося дзякуючы падтрымцы амбасады Украіны ў Беларусі.

В. Стралко працаваў над перакладам два гады: “Канечне, я ведаў, што гэта рэч вельмі вядомая. Лічыцца адным з лепшых твораў ХХ ст. Яе любяць беларусы, і не толькі беларусы. Проста мне падабаецца сам гэты твор, таму рызыкнуў узяцца за працу. Ужо ёсць водгукі, і гэтыя ацэнкі мяне задавальняюць”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Прага, Чэхія

Да помніка святому Вацлаву, патрону чэшскай зямлі, на Вацлаўскую плошчу прыйшлі сябры беларускіх суполак, студэнты, каб падтрымаць “Еўрапейскі марш”, што адбыўся 14 кастрычніка ў Беларусі.

Адзін з арганізатараў акцыі Яўген Сідорык раздаваў прысутным улёткі па-англійску і па-чэшску. У іх цытуецца апошні зварот Вацлава Гавала, які выказаў спадзяванне, што ў Беларусі пераможа свабода.

Паводле Радыё “Свабода”, 15 кастрычніка 2007 г.

 

Весткі

Грамадства

Інтэрнэт-старонка “Мартыралог Беларусі” (martyraloh.org) папоўнілася больш чым тысяччу біяграмамі ахвяраў камуністычных рэпрэсій.

У асноўным гэта спісы людзей, рэпрэсаваных у Мінску і Віцебску. Да снежня 2008 г. плануецца выставіць каля 60 тыс. біяграмаў. Праз старонку “Мартыралогу Беларусі” можна шукаць прозвішчы сваіх родных і знаёмых.

Паводле Радыё “Свабода”, 1 кастрычніка 2007 г.

***

На прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ, якая праходзіла 12 кастрычніка, А. Лукашэнка прызнаўся, што менавіта ён стаў ініцыятарам “чысткі” праграмы па беларускай літаратуры: “Па маёй ініцыятыве са школьных праграмаў былі прыбраны ўсе нацыяналісты, так званыя пісьменнікі. Нацыяналізм – страшнае зло”.

Ён дадаў, што як быццам бы менавіта з яго “падачы” ў праграмы вярнулі “забытых” рускіх класікаў: “Апрача таго, мы вярнулі ў праграмы тое, што было ў свой час выкінутае, – Талстой, Дастаеўскі, Пушкін, Лермантаў”.

А. Лукашэнка заявіў, што ён інтэрнацыяналіст: “Я вельмі паважліва і з вялікай любоўю стаўлюся да ўсіх народаў, якія жывуць у Беларусі”.

Паводле Радыё “Рацыя”, 12 кастрычніка 2007 г.

***

Вуліца легендарнага гетмана Піліпа Орліка (1672–1742) з’явілася ў Вілейцы. Гэты дзяржаўны дзеяч, дыпламат, змагар за незалежнасць Украіны нарадзіўся ў вёсцы Касута цяперашняга Вілейскага раёна, аднак большую частку свайго жыцця правёў далёка ад Беларусі.

Ён стаў гетманам Запарожскай сечы, аўтарам першай украінскай Канстытуцыі (яна была прынятая ў 1710 г.). Біёграфы П. Орліка сцвярджаюць, што ён часта згадваў пра Бацькаўшчыну ў сваіх дзённіках ды падтрымліваў шчыльныя сувязі з тагачаснымі беларускімі рэлігійнымі дзеячамі.

Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 13 кастрычніка 2007 г.

***

Кіраўнік беларускай дзяржавы ўхваліў праект пагаднення для перамоваў паміж Беларуссю і Еўракамісіяй аб адкрыцці ў Мінску прадстаўніцтва гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі.

Амаль пяць гадоў таму ў Кіеве адкрыўся офіс Еўракамісіі, які першапачаткова ахопліваў сваёй дзейнасцю Украіну, Малдову і Беларусь. Два гады таму ў Кішынёве пачаў працаваць самастойны офіс. Яшчэ на пачатку 2005 г. Еўракамісія звярнулася да беларускіх уладаў з прапановай аб адкрыцці самастойнага офісу ў Мінску. Але толькі сёлета ў красавіку беларускія ўлады далі сігнал Бруселю, што яны гатовыя абмяркоўваць гэтае пытанне.

Паводле БелаПАН, 19 кастрычніка 2007 г.

***

18 кастрычніка амбасадар Ізраіля ў Мінску Зэеў Бэн-Ар’е адкліканы для кансультацый у сувязі з антысеміцкімі выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі інтэрнэт-рэсурсу NEWSru Israel, міністр замежных спраў Ізраіля Цыпі Ліўні рэзка адрэагавала на выказванні Лукашэнкі 12 кастрычніка падчас прэс-канферэнцыі для расейскіх рэгіянальных СМІ. “Сусветныя лідэры павінны
ўзяць на сябе адказнасць за барацьбу супраць антысемітызму, які падымае выродлівую галаву ў розных частках свету, а не заахвочваць яго”, – заявіла яна.

Нагадаем, А. Лукашэнка сказаў: “Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным габрэйскі быў горад, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў… Я ні ў якім разе не хачу іх пакрыўдзіць, але яны не вельмі клапоцяцца, каб падстрыжаная трава была, як у Маскве, у расіян, беларусаў”.

17 кастрычніка ў каментары БелаПАН Зэеў Бэн-Ар’е выказаў “здзіўленне і шкадаванне” з нагоды выказванняў прэзідэнта Беларусі ў адрас габрэяў. “У гэтых выказваннях чуецца водгалас, як я спадзяваўся, даўно пахаванага гісторыяй міфа аб габрэях неахайных, брудных, якія дрэнна пахнуць, міфа антысеміцкага, – адзначыў дыпламат. – Такое ўражанне, што Бабруйск быў незалежнай габрэйскай вотчынай са сваім асобным бюджэтам, а не адным з беларускіх гарадоў, дзе адказнасць за добраўпарадкаванне і сродкі для гэтага былі ў руках афіцыйных уладаў. Дзякуй Богу, што цяпер знаходзяць сродкі на добраўпарадкаванне”.

20 кастрычніка з крытыкай заяў беларускага прэзідэнта выступіла Рада Еўропы. “Прэзідэнту Лукашэнку варта было б папрасіць прабачэння за свае ганебныя словы, калі ён сур’ёзна хоча наблізіцца да астатняй Еўропы”, – заявіў прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн.

Адміністрацыя прэзідэнта Буша прапанавала А. Лукашэнку адмовіцца ад такіх выказванняў. Паводле прадстаўнікоў Дзярждэпартамента ЗША, словы беларускага прэзідэнта выклікаюць трывогу: “Мы палічылі іх вельмі агрэсіўнымі і заклікаем беларускага кіраўніка адмовіцца ад іх. Для сусветных лідэраў характэрнае змаганне з антысемітызмам, а не ўвекавечванне гэтай з’явы”.

Адпаведную заяву рыхтуюць і прадстаўнікі Кангрэсу ЗША.

Паводле “Хартыі’97”, 19 кастрычніка 2007 г.

***

Па інфармацыі Міністэрства юстыцыі Беларусі за 9 месяцаў 2007 г. зарэгістравана 72 новых грамадскіх аб’яднанні, 2 саюзы грамадскіх аб’яднанняў і 5 фондаў. У тым ліку, у жніўні–верасні 2007 г. органамі юстыцыі зарэгістравана 13 новых грамадскіх аб’яднанняў, сярод якіх ГА “Міласэрднасць дзецям”, маладзёвае грамадскае аб’яднанне “Творчая фотамайстэрня “Кадр”, Брэсцкае абласное патрыятычнае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” і інш.

У жніўні–кастрычніку 2007 г. судамі былі разгледжаны некалькі спраў у дачыненні грамадскіх аб’яднанняў (палітычных партый):

1. Скарга маладзёвага грамадскага аб’яднання “Малады фронт” на рашэнне Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама аб адмове ў рэгістрацыі аб’яднання. Скарга не задаволена.

2. Скарга Праваабарончага грамадскага аб’яднання “Рух “За свабоду” на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмене ў рэгістрацыі аб’яднання. Вярхоўным судом Беларусі скарга не задаволена.

3. Іскавая заява Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама аб ліквідацыі ГАА “Цэнтр “Супольнасць”. У працэсе судовага працэсу ў Мінскім гарадскім судзе бакі заключылі міравое пагадненне.

4. Скарга маладзёвага грамадскага аб’яднання “Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада” на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі аб’яднання Вярхоўным судом Беларусі. Скарга не задаволена.

5. Іскавая заява Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай партыі жанчын “Надзея”. Рашэннем Вярхоўнага суда партыя ліквідавана.

Паводле Фонда развіцця прававых тэхналогій

Эканоміка

2 кастрычніка індывідуальныя прадпрымальнікі назвалі рэспубліканскім папераджальным страйкам. У Беларусі баставала каля 20 тысяч ІП.

Як адзначыў лідэр кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў, гэтыя лічбы паведамілі яму з рэгіёнаў. Па сведчанні саміх індывідуальных прадпрымальнікаў, 2 кастрычніка не працавала большасць прадпрымальнікаў на буйных рынках Бабруйска, Барысава, Слуцка, Рэчыцы і іншых гарадоў.

***

Цана на расійскі газ для Беларусі ў 2008 г. складзе прыблізна 125 долараў за тысячу кубаметраў. Пра гэта заявіў журналістам 19 кастрычніка намеснік міністра прамысловасці і энергетыкі Расіі Іван Мацераў.

“Згодна з формулай разліку цаны, указанай у кантракце, цана газу для Беларусі будзе прыблізна 125 долараў, плюс-мінус 10 долараў”, — сказаў І. Мацераў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што канчатковая цана на газ для Беларусі будзе вызначана да 1 студзеня 2008 г.

Паводле БелаПАН, 19 кастрычніка 2007 г.

Культура

25 верасня ў Мінску прэзентаваная кніга Міколы Ермаловіча з серыі “Гукавая кніга па-беларуску”. Гэта першае выданне паэзіі, філасофіі і публіцыстыкі М. Ермаловіча. Аўдыёкніга выдадзеная намаганнямі грамадскага аб’яднання “Ветэраны адраджэння”, Культурніцкай камісіі партыі БНФ і іншымі ініцыятывамі.

М. Ермаловіч вядомы як выбітны гісторык. Яму належыць грунтоўная праца па даследаванні гісторыі старажытнай Беларусі, якая зняпраўджвае многія афіцыйныя догматы. “У аўдыёвыданні М. Ермаловіч паўстае ў новым абліччы”, – кажа адзін з выдаўцоў Франак Вячорка.

У серыі “Гукавая кніга па-беларуску” выйшлі таксама вершы Максіма Багдановіча, падрыхтаваныя да выдання творы класікаў беларускай і замежнай літаратуры.

Паводле “Нашай Нівы”, 25 верасня 2007 г.

***

Помнік на магіле Анатоля Сыса да трэцяе гадавіны смерці паэта збіраецца паставіць скульптар Генік Лойка. Камень ужо замоўлены, але на выраб помніка бракуе грошай.

Г. Лойка ўжо ствараў помнікі дзеячам культуры. Напрыклад, Міхасю Стральцову, Міхалу Дубянецкаму. Яго помнік А. Сысу – стылізаваны крыж з барэльефам паэта ў цэнтры. Зверху справа ў цярновым гняздзе прымасцілася птушка, што сімвалізуе сабой “салаўінае сэрца” Беларусі. У ніжняй частцы крыжа – надпіс “Сыс Анатоль” з пазнакай гадоў нараджэння і смерці паэта.

Помнік будзе з чорнага граніту, вагой недзе 800 кг. “Спачатку яго мусяць разрэзаць, і мы перавязем яго да мяне ў майстэрню, – кажа сп. Лойка. – Менавіта на аплату паслуг завода і транспарціроўку патрэбныя грошы – усяго паўтара мільёна рублёў. Потым пачнецца ўжо менавіта мая праца”.

Па словах сябра аргкамітэту паэта Эдуарда Акуліна, усталяванне і адкрыццё помніка плануецца да трэцяй гадавіны з дня смерці А. Сыса – у траўні 2008 г. у вёсцы Гарошкаў.

Сродкі на выраб і ўсталяванне помніка можна перадаць, звярнуўшыся па тэл.: (017) 284-44-04, 768-56-14 (Эдуард), (029) 955-92-04 (Генік).

Паводле “Нашай Нівы”, 3 кастрычніка 2007 г.

АБВЕСТКІ

Агульнапольскі конкурс беларускай паэзіі і прозы

Рэдакцыя газеты “Ніва” і Беларускі саюз Рэспублікі Польшча абвяшчаюць ХI Агульнапольскі конкурс беларускай паэзіі і прозы. У конкурсе будуць разглядацца працы грамадзян Польшчы на беларускай мове.

Конкурс праводзяцца ў дзвюх узроставых групах:

1. Дзеці і моладзь пачатковых школ і гімназій.

2. Астатнія ўдзельнікі (аўтары, якія не з’яўляюцца сябрамі літаратурных творчых саюзаў).

Творчыя працы прымаюцца як друкаваныя, так і разборлівы рукапіс. Іх трэба дасылаць у 4-х экземплярах. Аб’ём: 3-5 вершаў ці да 22 старонак стандартных друкаваных старонак прозы.

Працу трэба падпісаць крыптанімам, пазначыць нумарам узроставай групы і даслаць на адрас: Redakcyja “Nivy”, ul. Zamenhofa 27, 15-959, Bialastok 2, skr. poczt. 149 – з прыпіскай на канверце: ХI Ogolnopolski Konkurs Poezji I Prozy Bialoruskiej. Прозвішча, імя і дакладны адрас аўтара конкурсных прац трэба змясціць у асобны заклеены канверт, падпісаны звонку такім жа крыптанімам і нумарам групы.

На конкурс прымаюцца працы, якія дагэтуль нідзе не друкаваліся і не ўзнагароджваліся на іншых літаратурных конкурсах.

Тэрмін дасылкі твораў: 16 лістапада 2007 г. (па паштовым штэмпелі).

Вынікі будуць абвешчаныя ў снежні 2007 г.

Пераможцы атрымаюць узнагароды.

Адрас арганізатараў: Redakcyja “Nivy”, ul. Zamenhofa 27, 15-959, Bialastok. Тэлефон: 085 743 50 22.

Конкурс адбываецца пры фінансавай падтрымцы Міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Газета “Ніва”

Набывайце альманах “Беларус-2007”

Шаноўныя чытачы!

У выдавецтве нашай газеты ў пачатку кастрычніка быў выдрукаваны літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа “Беларус” за 2007 г., збор матэр’ялаў для якога пачаўся ў верасні 2006 г. і цягнуўся да 1 чэрвеня 2007 г.

На амаль 200 старонках часопіса змешчаныя творы 18 аўтараў з 9 розных краінаў свету. Ёсць сярод іх і ўжо вядомыя пісьменнікі і паэты, але большасць складаюць тыя, хто толькі пачынае спрабаваць свае сілы ў прыгожым пісьменстве.

Прыбытак ад распаўсюду альманаха цалкам пойдзе на падрыхтоўку друку наступнага. Каб замовіць нумар поштаю ў межах Злучаных Штатаў, дашліце, калі ласка, аплату ў памеры $15 (чэкам ці грашовым пераводам) на адрас рэдакцыі: BIELARUS, P.O. Box 3225, Farmingdale, NY 11735.

Чэкі выпісвайце на імя BIELARUS.

Замовы з дасылкаю ў Канаду каштуюць $18, ва ўсе іншыя краіны – $20. Альманах можна таксама набыць на штомесячных пасяджэннях нью-йоркскага аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання.

Усе аўтары, а таксама асобы, якія зрабілі грашовыя ахвяраванні на выданне сёлетняга альманаха, атрымаюць яго па пошце бясплатна ў самы бліжэйшы час.

Не забудзьце падаць дакладны адрас, куды трэба будзе даслаць вашу замову.

Цяпер пачынаецца падрыхтоўка да выдання наступнага выпуску альманаха, які запланаваны на верасень 2008 г.

Рэдакцыя газеты “Беларус”

Стогадовы юбілей Астрыд Ліндгрэн

Віктарыну і конкурс у гонар стагоддзя шведскай казачніцы Астрыд Ліндгрэн абвясціла беларуская служба “Радыё Швецыя”.

Пытанні віктарыны:

1. Што падштурхнула Астрыд Ліндгрэн да напісання кнігі ”Піпі Доўгаяпанчоха”?

2. Як звалі Міа да таго, як ён трапіў да свайго бацькі-караля ў Краіну Далёкую?

3. Дзе знаходзіцца так званая “дзіцячая вёска” Астрыд Ліндгрэн – пісьменніцы, якая любіла дзяцей без геаграфічных абмежаванняў?

4. Цягам свайго жыцця Астрыд Ліндгрэн атрымала каля 50 000 лістоў з усіх куткоў свету. Хто з палітычных дзеячаў былога Савецкага Саюза таксама даслаў ліст сусветна вядомай шведскай пісьменніцы?

5. Якія кнігі Астрыд Ліндгрэн былі перакладзеныя на беларускую мову?

Акрамя віктарыны арганізатары прапануюць паўдзельнічаць у творчым конкурсе. Усе ахвотныя могуць даслаць на адрас рэдакцыі апісанні, малюнкі альбо фотаздымкі даху ў сваім горадзе, дзе мог бы пасяліцца Карслан.

Адказы на пытанні віктарыны і конкурсныя працы дасылайце на адрас: Radio Sweden, Belarusian service, 105 10 Stockholm, Sweden, альбо па электроннай пошце: belarus@sr.se

Пераможцаў чакаюць памятныя прызы і падарункі.

Дадатковая інфармацыя на старонцы: http://www.sr.se/cgi-bin/International/programsidor/artikel.asp?ProgramID=2215&Artikel=1632583

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

 

КНІЖНЫЯ НАВІНКІ

Беларускі каляндар-даведнік

Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень – кніга, якая пабачыла свет у Вільні. Яна змяшчае ў сабе святочныя і трагічныя даты, якія павінен ведаць і памятаць кожны беларус.

“Вы трымаеце ў руках унікальны беларускі каляндар-даведнік. Канцэпцыя яго складання досыць прос-тая – каб ён быў прыдатны ў кожны каляндарны год”, – так распачынае кнігу ўкладальнік Уладзімір Хільмановіч, які цягам некалькіх год збіраў славутыя і трагічныя даты беларускай гісторыі, адметныя падзеі і даты, дні нараджэння і дні смерці беларускіх дзеячаў і г.д. У каляндар трапілі таксама і замежныя дзеячы, якія спрыялі беларускаму адраджэнню, міжнародныя святы.

“Галоўным крытэрам адбору асобаў служыла прыналежнасць да беларускага руху ў розных яго праявах, – прызнаецца аўтар-укладальнік. – У дачыненні да сярэднявечных часоў аўтар кіраваўся… дачыненнем да Вялікага княства Літоўскага. Што тычыцца падзей, то яны адбіраліся паводле агульнанацыянальнай гістарычнай вартасці”.

У каляндар не трапілі падзеі без фіксаванай даты і дзеячы, даты нараджэнні і смерці якіх невядомыя, а таксама сучаснікі, якія зараз жывуць і працягваюць працаваць. Даты падаюцца па грыгарыянскім календары.

Аўтар звяртаецца да ўсіх, хто заўважыць у кнізе недакладнасці, уносіць удакладненні ці дадаваць падзеі і асобы, напісаўшы на адрас: 230023, Гродна, а/с 121 ці khilmanovich@tut.by.

Арганізацыйную падтрымку ў выданні кнігі аказала МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Фінансавую сп-ня Ірэна Каляда-Смірнова.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Першы пацалунак

Кніга вершаў пра каханне “Першы пацалунак” пабачыла свет у Мінску.

Аўтар – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Рэспублікі Беларусь, міжнародных прэмій Украіны і Польшчы – Сяргей Законнікаў сабраў у кніжцы сто вершаў. Паэт намаляваў чароўны свет, у якім валадараць, журбоцяцца, пакутуюць, каб стаць шчаслівымі, Ён і Яна. Вершы ў зборніку падзелены на тры часткі: “Дарунак долі”, “Радкі маёй вясны”, “Прыступкі мілосьці”.

[С. Законнікаў. Першы пацалунак: сто вершаў пра каханне. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2007]

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by

 

№ 6, чэрвень 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович