диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№07(№66)
ліпень
2007
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

запампавать pdf-версію бюлетэня

Змест:

 

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Нашы віншаванні з Днём незалежнасці Беларусі

27 ліпеня спаўняецца 17 год з таго дня, калі Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Управа “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” шчыра віншуе ўсіх з гэтай знамянальнай датай.

Самае галоўнае пажаданне да ўсіх патрыётаў нашай Бацькаўшчыны – гэта вольная і незалежная Радзіма, якой мог бы ганарыцца кожны беларус. Мы спадзяемся, што недалёкі той дзень, калі дата 27 ліпеня зноў зойме пачэснае месца сярод найважнейшых дзяржаўных святаў.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***

У гэты дзень у шматлікіх суполках беларускай дыяспары пройдуць святкаванні Дня незалежнасці. Пра падрабязнасці чытайце ў наступным нумары бюлетэню.

 

Cтвораны аргкамітэт па святкаванні 90-х угодкаў БНР

МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, статутныя мэты якога – адраджэнне Беларусі як суверэннай дзяржавы, кансалідацыя беларусаў як нацыі і яднанне ў адзіную супольнасць беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне, выступіла з ініцыятывай заснавання Грамадскага арганізацыйнага камітэта дзеля годнага святкавання 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Наступны – 2008 год – юбілейны для беларускай дзяржаўнасці – 90 год стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі – знакавая дата, якая павінна адзначацца шырокамаштабна, на агульнанацыянальным узроўні, цягам усяго юбілейнага года.

19 ліпеня адбылося першае пасяджэнне Арганізацыйнага камітэта. Ганаровай старшынёй пагадзілася стаць старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. У Аргкамітэт увайшлі вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, грамадскія дзеячы з Беларусі і замежжа, кіраўнікі беларускіх суполак з розных краін свету. Сустаршынямі Аргкамітэту абраныя Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін.

Аргкамітэт лічыць, што юбілейныя мерапрыемствы павінны стаць добрай нагодай, каб адзначыць дзяржаватворную значнасць Акту абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка 1918 г. папулярызаваць яго гістарычную значнасць і паказаць уплыў гэтай падзеі на ход нашай гісторыі. Падрыхтоўка да юбілею і яго святкаванне павінны стаць пунктам адліку Беларускай Народнай Рэспублікі ў форме сучаснай, рэальна незалежнай, суверэннай і вольнай Рэспублікі Беларусь, а таксама падмуркам яднання розных рухаў, партый, згуртаванняў, арганізацый незалежна ад палітычнай арыентацыі пры ўмове прызнання прыярытэтамі дзяржаўнага будаўніцтва нацыятворных пытанняў мовы, гістарычна сцверджанай сімволікі, свабоды і дэмакратыі.

Менавіта таму Аргкамітэт на сваім першым пасяджэнні вырашыў звярнуцца да ўсіх партый, рухаў, арганізацый, дзеячаў з прапановай вылучыць сваіх прадстаўнікоў у Аргкамітэт.

Таксама Аргкамітэт вызначыў асноўныя накірункі дзейнасці і прапанаваў абвесціць 2008 год – Годам беларускай дзяржаўнасці (БНР). Пасля пашырэння складу Аргкамітэта адбудзецца фармаванне Рабочай групы і будзе складзены каляндарны план-графік мерапрыемстваў.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

ПАДЗЕЯ

Неапалімы сімвал незалежнасці.

Меморыя МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі

Беларуская Народная Рэспубліка – БНР – была абвешчана 25 сакавіка 1918 года. Гэты ўрачысты акт стаўся лагічным завяршэннем працэсу нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя і заклаў падмурак беларускай дзяржаўнасці ў новым часе. Наступны – 2008 год – год 90-га юбілею БНР.

МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прапануе абвесціць 2008 год Годам беларускай дзяржаўнасці і арганізаваць у яго межах шэраг святочных мерапрыемстваў. Мэтаю іх павінна стаць шырокае інфармаванне беларускага і сусветнага грамадства пра здабыткі нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва, фарміраванне ў нашых суродзічаў усвядомленага ведання, што беларускі народ працягвае сваю гістарычную традыцыю дзяржаўнасці з даўняй пары.

Год БНР – Год гістарычнай беларускай дзяржаўнасці – Год захавання і ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь – Год нацыя-нальнага прымірэння – Год дэмакратыі і свабоды беларускай грамады! У гэтых пастулатах мы бачым асноўную місію юбілейнага “бэнээраўскага” года.

БНР узнікла не на пустым месцы. Наша гісторыя – як бы каму ні хацелася – пачалася не ў 1917 годзе.

Зазірнем углыб тысячагоддзяў. Вытокі беларускага дзяржаўніцтва – гэта племянныя ўтварэнні крывічоў і ра-дзімічаў; гэта дрыгавічы (дрыгавіты, другавіты), якія ў VІ—ІХ стст. прымусілі паважаць сябе спадкаемцаў вялікага Аляксандра Македонскага ў магутнай Візантыйскай імперыі; гэта Полацкае, Смаленскае і Тураўскае княствы, якія ў змаганні з Кіеўскай ды Наўгародскай землямі адстойвалі права на самастойнае існаванне; гэта беларуская дзяржава – ад Балтыйскага да Чорнага мора, ад Беластоку і Бярэсця да Вязьмы і Мажайску – Вялікае княства Літоўскае; гэта паўстанцкія беларускія дзяржавы перыяду панавання Расійскай імперыі ХVІІІ—ХХ стст., калі беларусы разам з палякамі, літоўцамі ды ўкраінцамі ў збройных чынах імкнуліся адрадзіць сваю незалежнасць. А яшчэ – гэта легендарная Крывія Вацлава Ластоўскага , рамантычнае Беларускае гаспадарства Міколы Ермаловіча і Уладзіміра Караткевіча, нязломная Беларусь Васіля Быкава.

Нашая дзяржаўнасць, воля і свабода ніколі не падалі з неба. Руйнаваліся нашыя храмы. Гарэлі нашыя кнігі. Гінулі нашыя людзі. Вынішчаўся ваяцкі дух і генафонд беларусаў.

Згадваем з сумам:

1654—1667 гг. – вайна з Маскоў-скай дзяржавай – загінуў кожны 2-гі беларус (1,8 млн);

1700—1721 гг. – Паўночная вайна (пераважна на нашай тэрыторыі) Пятра І з шведскай дзяржавай Карла ХІІ – загінуў кожны 3-ці беларус (800 тыс.);

1812—1813 гг. – вайна Расіі Аляксандра І з Францыяй Напалеона Банапарта – загінуў кожны 3-ці беларус;

1914—1918 гг. – Першая сусветная вайна – загінуў кожны 5-ты беларус (1,2 млн).

1939—1945 гг. – Другая сусветная вайна – загінуў кожны 3-ці беларус.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Беларусь як палітычна-дзяржаўная адзінка знікае з карты Еўропы на 123 гады – да доўгачаканага 1918 года.

Але паглядзім на гэта крыху інакш.

За 100 гадоў змяняюцца прыблізна тры пакаленні кожнага радаводу.
Дык вось пры жыцці кожнага пакалення беларусаў, якому давялося жыць у расійскай няволі, падымаліся нацыянальныя паўстанні: 1830—1831 гг. – пад кіраўніцтвам Касцюшкі, 1863—1864 гг. – пад кіраўніцтвам Каліноўскага. Так, яны скончыліся паразамі. Але, хоць і кароткі час, існавалі паўстанцкія ўрады – значыць, былі і паўстанцкія дзяржавы. Няхай іх не прызналі дэ-юрэ, сусветнае перадавое грамадства бачыла ў іх парасткі нацыянальнага самаўсведамлення і легітымнасць будучага дзяржаўнага існавання, з імі дэ-факта былі вымушаны лічыцца расійскія карныя войскі суворавых, кацярын другіх, мікалаеў і аляксандраў першых.

ХХ стагоддзе. Зноў тры хвалі нацыянальнага Адраджэння і дзяржаўнага будаўніцтва, звязаныя з БНР—ССРБ—БССР, Беларускай Цэнтральнай Радай (БЦР) і беларускай дыяспарай пасля Другой сусветнай вайны, Рэспублікай Беларусь пачатку 1990-х гадоў.

І напачатку стагоддзя – усё ж БНР.

“Нашаніўскі” перыяд Адраджэння прывёў да Першага Усебеларускага кангрэсу (з’езду) у снежні 1917 г., які стаў кульмінацыйным пунктам у аднаўленні беларускай дзяржаўнасці.

21 лютага 1918 г. – 1-я Устаўная грамата выканкама кангрэсу – ствараецца Народны Сакратарыят (урад).

9 сакавіка 1918 г. – 2-я Устаўная грамата абвяшчае стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

25 сакавіка 1918 г. – 3-я Устаўная грамата дэкларуе незалежнасць БНР.

Вядома, што БНР як рэальнае дзяржаўнае ўтварэнне і яе Урад як уладны сацыяльны інстытут атрымалі ў 1920-х гадах часовую паразу. Але як ідэя і сімвал незалежнасці БНР уплывала на дзяржаўнае жыццё беларусаў у ССРБ—БССР, уплывае і сёння ў Рэспубліцы Беларусь.

Аднак гісторыю пішуць пераможцы. Таму ў Савецкай Беларусі нават сама ідэя БНР хавалася за кратамі НКУС, выкрэслівалася з дапамогай ідэалагічных кайданоў і ланцугоў з гістарычнай свядомасці шырокіх масаў.

Ідэю БНР падхапіла беларуская эміграцыя, беларуская дыяспара. Доўгія гады менавіта яна з’яўлялася носьбітам пераемнасці гістарычных традыцый беларускай дзяржаўнасці. А Рада БНР у выгнанні сталася гарантам будучай незалежнай Беларусі.

Яе найважнейшымі задачамі былі таксама збор і выданне дакументна-архіўнай спадчыны інстытуцый БНР, лабіраванне беларускіх інтарэсаў і ідэі адраджэння сапраўднай незалежнасці Беларусі ва ўрадах і парламентах краін вольнага свету.

На жаль, дзяржаўны архіў БНР раскіданы па дзяржавах і кантынентах. Савецкая яго частка да апошняга часу выкарыстоўвалася для ілюстрацыі фактычна антыбеларускай пагромнай літаратуры, кіна- і тэлефальшывак па тэматыцы БНР.

Сярод краін Захаду найбольш зрабілі беларусы Амерыкі. У Злучаных Штатах базуецца штаб-кватэра Рады БНР, тут дзейнічаюць самыя ўплывовыя арганізацыі беларускай дыяспары. Дзякуючы ім “беларускае пытанне” заўсёды гучала з самых высокіх палітычных і дзяржаўных трыбун ЗША.

Сённяшняя палітычныя сітуацыя ў Беларусі сведчыць: ёсць рэальная пагроза страты незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Існуючы рэжым балансуе на мяжы легітымнасці і сусветнага прызнання. Брутальная русіфікацыя, выцісканне беларускай мовы з усіх сфер ужывання нягледзячы на яе дзяржаўны статус, пераслед і арышты палітычных апанентаў нацыянальна-дэмакратычнай арыентацыі, знішчэнне нацыянальных сімвалаў і афіцыйных дзяржаўных сімвалаў БНР – бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня” – гэта адзнакі беларускай рэчаіснасці.

Узрастае значэнне гістарычнага вопыту БНР, дзейнасці сённяшняй Рады БНР на чале з Івонкай Сурвіллай і ўвогуле беларусаў замежжа ў падтрымцы рупліўцаў незалежнасці Бацькаўшчыны. Вось чаму менавіта МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, статутныя мэты якога – яднанне і кансалідацыя беларусаў незалежна ад палітычных схільнасцяў і краін пражывання, выступае са згаданай ініцыятывай і прапануе стварыць Аргкамітэт па святкаванні 90-х угодкаў БНР.

Юбілейныя мерапрыемствы павінны стаць добрай нагодай, каб:

* надаць гістарычную значнасць акту абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка 1918 г.;

* паказаць яго ўплыў на ход гісторыі;

* аддаць належную пашану дзеячам Адраджэння, палітычным рухам і партыям, збройным чынам змагання за беларускую дзяржаўнасць;

* ушанаваць памяць змагароў, што ахвяравалі свае жыцці на алтар Бацькаўшчыны;

* падсумаваць досвед гістарычнай навукі ў вывучэнні эпохі здабыцця беларускай незалежнасці;

* сабраць архіўную, дакументальную, факталагічную, мемуарную, эпісталярную спадчыну “бэнээрыстыкі”.

І галоўнае. Падрыхтоўка да юбілею і яго святкаванне павінны стаць пунктам адліку і падмуркам. Пунктам адліку аднаўлення Беларускай Народнай Рэспублікі ў форме сучаснай, але рэальна незалежнай, суверэннай і вольнай Рэспублікі Беларусь. І падмуркам яднання розных рухаў, партый, згуртаванняў, арганізацый незалежна ад палітычнай арыентацыі, але пры ўмове прызнання прыярытэтамі дзяржаўнага будаўніцтва нацыятворчых пытанняў мовы, гістарычна сцверджанай сімволікі, свабоды і дэмакратыі.

Хопіць займацца самаедствам: БНР – “бутафорская”, “марыянеткавая”, “папяровая”... Пакінем гэта нашым ворагам, пятай калоне і сучасным калабарантам. Для нас, беларусаў, БНР – найперш сімвал, які з’яўляецца гістарычным аргументам на карысць нашай дзяржаўнасці. Не віна беларусаў, што заканамерны і лагічны працэс станаўлення і развіцця БНР як легітымнага інстытута палітычнай улады і дзяржаўнасці быў гвалтоўна перапынены савецкімі нашчадкамі расійскага імперыялізму. Адолелі гвалтам, але не скарылі дух беларуса! Прыкладна такі ж лёс вызначыла гісторыя краінам Латвіі, Літвы, Эстоніі. Яны змаглі супрацьстаяць бальшавіцкай агрэсіі, няхай толькі да 1940 г. Ім гістарычны час дапамог упэўненым крокам увай сці ў еўрапейскую супольнасць. Яны – у Еўразвязе, а Беларусь?!

Дык не паўторым гістарычных памылак. Прэч нерашучасць, палітыканства і міжпартыйную грызню! Кожная страчаная сёння хвіліна абернецца дзесяцігоддзямі дыктатуры і аўтарытарызму, духоўнай цэнзуры і кратамі вязніц.

БНР – нязгасная зорка нашай незалежнасці, бы неапалімая купіна – вечны сімвал моцы, духоўнай сілы, розуму і адметнасці беларусаў.

БНР – гэта старажытныя храмы, замкі і гарады Беларусі.

БНР – гэта Вільня і Смаленск, Гародня і Бярэсце, Крэва і Гальшаны, Мір і Нясвіж, Ружаны і Косава.

БНР – гэта Радзівілы і Сапегі, Алелькавічы і Астрожскія, Храптовічы і Вішнявецкія, Касцюшка і Каліноўскі, Крачэўскі і Абрамчык, Доўнар-Запольскі і Ластоўскі, Варонка і Езавітаў, Луцкевічы і Лёсікі, Багдановіч і Купала, Колас і Гарэцкі, Быкаў і Сыс, Брыль і Арсеньнева, Ермаловіч і Улашчык, Захаранка і Карпенка, Завадскі і Красоўскі, Ганчар…

БНР – гэта мы, яе грамадзяне: беларусы і палякі, татары і ўкраінцы, габрэі і літоўцы…

Будучыня за намі.

Вера! Свабода! Мова! Нацыя! Дзяржава!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВІНШУЕМ

Маем гонар павіншаваць з Днём нараджэння сяброў Вялікай Рады арганізацыі, якія нарадзіліся ў жніўні: Ула-дзіміра Арлова, Адама Мальдзіса, Марыю Міцкевіч, Алега Трусава, Валянціну Фок (Беларусь), Янку Запрудніка (ЗША), Таццяну Казак (Латвія), Віктара Чайчыца (Расія). Асобныя пажаданні здароўя і дабрабыту юбіляру Уладзіміру Арлову, якому у гэтым годзе спаўняецца 55 год.

Прыміце ад нас шчырыя пажаданні доўгага жыцця, выдатнага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі на карысць беларускага народу і Бацькаўшчыны.

 

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Круглы стол”

Эканамічныя і палітычныя перспектывы Беларусі ва ўмовах рынкавай эканомікі

9-10 чэрвеня 2007 г.

(Працяг. Пачатак у № 6, 2007 )

Тэксты дакладаў цалкам чытайце на нашым сайце www.zbsb.org

 

Аксіялагічныя і эканамічныя дэтэрмінанты грамадскага выбару Беларусі ў 2007 – 2015 гадах

Леанід Заіка,

кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, эканаміст (Беларусь)

Глабальныя выклікі і “нацыянальны адказ”

Беларускі постмадэрн – віртуальны аптымізм

Палітыкі – аптымісты, эканамісты – песімісты. Год 2006-ты не апраўдаў прагнозы песімістаў. Мы бачым, як уся эканоміка прыйшла ў рух, і яго вынікі проста здзіўляюць. Такога прыросту інвестыцый (звыш 30%) у нас наогул ніколі не было.

Наймацнейшыя імпульсы дае знешні рынак, хоць гэта не “наш”, а нафтавы рынак. На ім мы і робім грошы з расійскай сыравіны. На ўнутраным рынку ў 2007 г. назіраецца таксама рост попыту, які ў шэрагу выпадкаў апярэджвае прапанову. Газ і нафта сталі фактарамі стратэгічных рызык для Беларусі.

Эканоміка ў Беларусі стала часткай прапагандысцкага жывапісу. На мой погляд, “афіцыйныя” эканамісты (з дыпломамі або без) сышлі ва ўнутраную эміграцыю. Для іх тое, што адбываецца, – дзіўны постмадэрнізм эканамічнай тэорыі. Ім даводзіцца быць “прэс-аташэ”, каментатарамі з мінімальнымі магчымасцямі ўласнага меркавання.

Статыстыка канстатуе высокі рост паказчыкаў, знешні і ўнутраны рынкі дынамічныя, як ніколі. Лічбы “намотваюцца” на наш эканамічны лічыльнік даволі хутка. У такім становішчы пра аптымізм і нечаканую эйфарыю не трэба думаць.

Але суседнія краіны, сусветны рынак жывуць іншым жыццём. У іх няма нашай самазадаволенасці. Канкурэнцыя ў Расіі, Украіне, краінах ЕЗ прымушае круціцца бізнес і дзяржаўную машыну. Нават калі мы будзем проста капіраваць, то ўсё роўна можам не паспець за развіццём вонкавага свету. Тым больш, што знаходзімся ў становішчы вымушанай самаізаляцыі.

Па дадзеных сацыёлагаў, з’явілася новая тэндэнцыя: тыя, хто працуе ў дзяржаўным сектары, падвысілі, вобразна кажучы, свой “каэфіцыент аселасці”. Так, у Нямеччыне пабываў 81% занятых у недзяржаўным сектары, а сярод прадстаўнікоў дзяржаўнага – усяго 33%. Адпаведна ў Польшчы – 71% і 23%. Для спецыяліста зразумела, што дзяржаўная эліта ператвараецца ў правінцыйны службовы люд. З’явілася і такая рыса, як пагардлівасць да досведу суседніх краін. Калі так пойдзе і далей, можна чакаць рэстаўрацыі тэзісу аб “пакланенні перад Захадам”.

Эгаізм нацыянальных рынкаў – не проста дадзенасць постсавецкага развіцця. Гэта тэндэнцыя сучаснай эканамічнай гісторыі свету. Час мяняць і сваю эканамічную псіхалогію. Вучыцца адстойваць уласныя нацыянальныя эканамічныя інтарэсы.

Аксіялогія беларускага ладу жыцця – прагрэсуючы патэрналізм

Насельніцтва настолькі прывыкла да хуткага росту прыбыткаў, што сярэдняя заработная плата ў $300 не падаецца высокай. Хатнія гаспадаркі перайшлі на спажывецкую мадэль чацвёртай хвалі (кватэры, хаты, аўтамабілі). Ад узроўню ў 17% і вышэй норма зберажэнняў упала да паказчыку ў 4%. Гэта наогул унікальна для Беларусі. Вырас карпаратыўны і агульнанацыянальны патэрналізм; у краіне парушана раўнавага меры працы і меры спажывання. Прырост выдаткаў хатніх гаспадарак у 2 разы перавышае прырост ВУП.

Але гэты патэрналізм супярэчыць рэаліям канкурэнтнай барацьбы ўжо на ўнутраным рынку краіны. У першым паўгоддзі 2006 г. па дадзеных Міністэрства статыстыкі ўдзельная вага тавараў імпартнай вытворчасці склала больш за 29% усіх нехарчовых тавараў на айчынным рынку. Па выніках 4 месяцаў гэтага года паказчык склаў 33,6%.

Выцягванне эканамічнага электарату на раскрутку спажывання мае добрую перспектыву эфектыўнага рабавання краіны карпаратыўнымі групамі, як міжнароднымі, так і ўласнымі неанаменклатурнымі. Беларускі эканамічны электарат марнуе грошы направа і налева і не жадае прызнаваць ніякіх праблем ва ўласнай краі не. Пры гэтым, быццам бы, няма шкоды і інвестыцыям. Яны працягваюць расці і развівацца імклівымі, у параўнанні са звычайнай сітуацыяй, тэмпамі. Хто будзе пярэчыць супраць 24,5% прыросту нацыянальных інвестыцый? Нават пры ўзрастанні знешніх эканамічных пагроз інвестыцыйны працэс знізіўся, але тэмпы яго вышэй за звычайныя ў 2-3 разы. Прымаць трэба да ўвагі і тэмпы зберажэнняў.

Новая канкурэнцыя – удары па непаўнавартаснай, застойнай палітыцы краіны

На рынках ЕЗ беларуская прадукцыя сутыкаецца з жорсткай канкурэнцыяй з боку вытворцаў Паўднёва-ўсходняй Азіі. Пакуль толькі механізм кватавання імпарту тэкстылю, абутку і іншых тавараў утрымлівае аб’ёмы рэалізацыі беларускай прадукцыі ў Еўропе. Гэта выратавала ў 2005 г. беларускія ільняныя вырабы ад экспансіі аналагічнай прадукцыі з Кітая.

Да ўсяго, адсутнічае выразная стратэгія развіцця, напрыклад, галіны лёгкай прамысловасці ў цэлым.

Складанае фінансавае становішча прадпрыемстваў і арганізацый вызначаецца палітыкай коштаўтварэння. Дзяржава цвёрда рэгулюе кошты, то бок усталёўвае адміністрацыйныя кошты на гатовую прадукцыю, сабекошт якой можа павялічвацца ў інтэрвале 0,6-0,8% у месяц. Такая сістэма коштаўтварэння дазваляе “заганяць” інфляцыю ў прагнозны інтэрвал 6-9% у год.

Становішча пагаршаецца з прычыны пралангацыі тэарэтычных памылак беларускага кіраўніцтва. Прыкладам з’яўляецца адсутнасць адэкватнай палітыкі ўласнасці і няроўнасць у механізмах яе рэалізацыі.

Але як стварыць рэальны плюралізм форм уласнасці? Што трэба зрабіць ураду, парламенту? Гэта павінна быць складаная сістэма рэгулявання адносін паміж рознымі сектарамі эканомікі, уласнікамі. Калі ўрад абмяжоўвае доступ да дзяржаўных заказаў прыватным прадпрыемствам – гэта і ёсць парушэнне прынцыпу роўнасці ўласнасці.

Канкурэнтнасць улады ўнутры яе не павінна быць самаразбурэннем стабільнасці і кансістэнтнасці ўлады і кіравання. Такая канкурэнтнасць існавала і існуе, у прыватнасці, у “апаратных гульнях”. Яны маюць месца ў любой краіне, і іх правілы прыкладна аднолькавыя. А вось вынікі могуць адрознівацца істотна. Пры гэтым яны адбіваюцца на развіцці краіны ў цэлым. У часы Л.І. Брэжнева застой у краіне быў “творам” савецкай наменклатуры. У выніку краіна сталася неканкурэнтнай і развалілася пад цяжарам праблем, эканамічных і сацыяльных.

Штосьці падобнае адбываецца і сёння ў Беларусі. Краіна ў свой час не прайшла выпрабаванне на застой. Камуністы Беларусі былі занадта рамантычнымі і ідэйна вытрыманымі. З Масквой і параўноўваць было няварта. Сталіца СССР уяўляла сабою карціну знешняга дабрабыту і адзінства партыі і народа. Аналогіі гэтага мы назіраем сёння ў Беларусі. Адзінства народа і прэзідэнта. Упэўненасць у заўтрашнім дні, якая падмацоўваецца высокімі коштамі на расійскую нафту і нізкімі на газ. Чырвона-зялёныя сцягі і моладзевыя лідэры, якія ўмеюць пераймаць сваіх сталых кіраўнікоў.

Канкурэнтнасць улады неабходная па той простай прычыне, што гэта дае шанец на яе змяняльнасць. Прыход больш актыўнай і больш падрыхтаванай эліты. Не толькі палітычнай, але і эканамічнай.

Лёс беларускай наменклатуры склаўся не зусім удала. Новы палітычны клас у больш або менш выразнай форме яшчэ не сфармаваўся, але тое, што раённыя эліты выцеснілі сталічныя з працэсу прыняцця рашэнняў, сумненняў не выклікае. Такі “метад” быў натуральны для беларускага прэзідэнта, які інтуітыўна (і не толькі) адчуваў пагрозу з боку прадстаўнікоў старой палітычнай і гаспадарчай улады. Частка наменклатуры перайшла ў апазіцыю, што выклікала яшчэ большую лютасць новага палітычнага класу краіны. Другая частка паступова стварае свае ўласныя арэалы застою. Невыпадкова ў Беларусі актуалізаваўся тэзіс пра дэбюракратызацыю. Гэта варыянт ціску на бюракратыю з боку галоўных кантралёраў улады. Дамагчыся дэбюракратызацыі рукамі саміх бюракратаў – гэта тое ж самае, што высекчы розгамі самога сябе.

Варыянты і інварыянты

Адмысловай праблемай развіцця ў ХХІ стагоддзі становіцца распрацоўка т. зв. крытычных тэхналогій. Пад імі маюцца на ўвазе такія новыя тэхналогіі, якія выводзяць з вытворчасці наяўныя тэхналогіі. Новыя “памежныя тэхналогіі” распрацоўваюцца ўсё з большай хуткасцю.

Такім малым краінам, як Беларусь няма магчымасці ўдзельнічаць у стратэгічных распрацоўках “вялікай навукі” сусветнага ўзроўню. Мы знаходзімся ў іншым класе краін – маленькая адкрытая эканоміка. Таму для нас хуткасць адаптацый з’яўляецца галоўнай характарыстыкай стратэгіі нацыянальнага тыпу развіцця.

Што ж больш падыходзіць нам? Частка палітыкаў лічыць: сацыяльныя каштоўнасці і імператывы сацыяльнай абароны глыбока ўкараніліся ў беларускім грамадстве. Яно сапраўды “зацыклілася” на гэтым у пачатку і сярэдзіне 90-х гг. Але затым рост ВУП і прыбыткаў зрабіў людзей больш самастойнымі і ўпэўненымі.

Зараз акцэнт у развіцці краіны можа быць перанесены з вядомай сацыяльнасці на эканамічную эфектыўнасць. Зараз важна вывучэнне досведу Кітая і краін Азіі, якія лідзіруюць у развіцці канкурэнтаздольнасці. Мы можам узяць у іх некалькі пазіцый: максімальная прагматызацыя ў арганізацыі эканамічнага жыцця, хуткасць рашэння “дробных праблем” развіцця прыватнага і дзяржаўнага бізнесу. Добры эфект дае зніжэнне ўзроўню дзяржаўнага ўмяшання ў эканоміку. Пазітыўна ўздзейнічае і зніжэнне ўдзельнай вагі бюджэту ў ВУП.

Зараз ствараецца новая эканамічная сістэма – “эканоміка ведаў”. Што яна дае? Па ацэнках спецыялістаў ЕЗ, кожны дадатковы год адукацыі ў краіне прыносіць на 6,2% павелічэння агрэгатаў прадукцыйнасці. У Беларусі тармажэнне адукацыі выклікана малой запатрабаванасцю яе на прадпрыемствах старых тэхналагічных узораў. Але развіццё адбываецца. Прычым за кошт сваіх уласных інвестыцый.

Асноўная нагрузка бізнес-эліты можа быць прадстаўленая ў выглядзе арганізаваных высілкаў па стварэнні дзелавога клімату ў краіне. Што варта чакаць ад іх, а што не атрымаецца?

1. Мы можам аптымізаваць заканадаўства з дапамогай дзелавых кругоў. Яны будуць выконваць ролю актыўнага асяродку, не проста выканаўцаў законаў, а “рэактыўнай часткі” працэсу выканання.

2. Прыняцце эканамічнай канстытуцыі можа быць галоўным крокам па сістэматызацыі адпаведных законаў і рашэнні праблем дваістай трактоўкі.

3. Дзелавая эліта сама фармулюе рацыянальныя формы і метады адносін з дзяржаўнымі органамі.

4. Прыватная ўласнасць і нацыянальныя эканамічныя інтарэсы інтэгруюцца ў сістэму заахвочвання развіцця нацыянальнай вытворчасці.

Трэба разумець, што многае і не атрымаецца. Бізнес можа не паспець сябе артыкуляваць ва ўмовах узмацнення жорсткасці знешняй канкурэнцыі. У пэўнай ступені мы запазніліся з развіццём буйной нацыянальнай дзелавой супольнасці. Урад ускладаў і ўскладае надзеі на 117 прадпрыемстваў, якія лічыць для сябе апорнымі ў атрыманні бюджэтных сродкаў, у развіцці нацыянальнай эканомікі. Гэта – праява слабасці ў развіцці ўнутранай канкурэнцыі і стварэнні новых сфер вытворчасці, новых эканамічных суб’ектаў.

Як і колькі нарошчваць прыватны сектар у эканоміцы краіны? Фармаванне актыўнага інвестыцыйнага і дзелавога асяродку будзе стымуляваць рост сегментаў прыватнай уласнасці ў розных рынкавых палях. У тым ліку і ў інавацыйным сектары краіны.

Палітыка змен і змены палітыкі

Беларускае кіраўніцтва цяжка назваць адной камандай. Дакладней, на менклатура ўзваліла на прэзідэнта ўсё, што магла. Узамен – партрэты прэзідэ нта ў кабінетах… Аднак ёсць і мацнейшыя хады. Назавем некаторыя з іх, лічачы, што першы крок ужо зроблены.

Другі крок, які можа зрабіць кіраўнік дзяржавы, – заняцца прафесійнай адукацыяй ураду і службоўцаў вертыкалі. Потым экзаменаваць па найважнейшых прадметах: сусветнай эканоміцы, менеджменце, макраэканоміцы, тэорыі прыняцця рашэнняў, сацыяльнай палітыцы.

Трэці крок – “эканоміка развіцця” . Эканоміка развіцця адрозніваецца ад механічнага прыросту паказчыкаў, гэта новыя праекты і новыя інвестыцыі ў нетрадыцыйныя для Беларусі кластары эканомікі. Да прыкладу, будаўніцтва новага аўтамабільнага завода легкавых машын і пазадарожнікаў.

Нашым полісімэйкерам можна прыняць да ўвагі тое, што 3 кластары эканомікі з’яўляюцца перадавымі: (1) нафтахімія, (2) фармацэўтыка, (3) інфарматыка і камунікацыі.

Чацвёрты крок – “эканамічная дэмакратызацыя”. Беларускі дэмакратычны праект можа адбыцца ў эканамічнай сферы. Сутнасць яго ў развіцці кіравання на ўзроўні прадпрыемства, рэгіёна, краіны. Гэта – інстытуцыянальны варыянт. Ёсць і чыста прыкладны – фармаванне сістэмы самакіравання на дзяржаўных прадпрыемствах. Як у Нямеччыне, Швецыі і шэрагу еўрапейскіх краін.

Частка другая. “Беларускі выклік” – “дэмакратычны адказ”

Аналіз сітуацыі ў эканоміцы і грамадстве дае падставы лічыць, што “дэмакратычны адказ” на зменлівую сітуацыю павінен быць канструктыўным. У першую чаргу не варта канцэнтравацца на негатыве. Гэта нязвыкла для барацьбітоў за справу дэмакратычнай будучыні. Але жыццё ў краіне змянілася, павінна змяняцца і палітычная тактыка.

Канструктыўны падыход уключае пазітыўнасць мэтаў і дзеянняў. Не руйнуючы дасягнутага беларускім грамадствам. Не трэба выкідваць з жыцця краіны актыўнасць бізнесу ў стварэнні новых вытворчасцяў, працоўных месцаў, інвестыцыйную дынаміку, што перавышала 30% гадавога прыросту і інш.

Задача ў тым, каб зрабіць тое, што ўлада не змагла ў сілу ідэалагічнага выбару, падазронасці, слабай інфармацыйнай і прафесійнай падрыхтаванасці ў дачыненні да новых эканамічных тэхналогій. На жаль, беларускі ўрад не з’яўляецца перадавой камандай полісімэйкераў краіны. Такога кшталту адставанне асабліва заўважна пры супастаўленні персанальных прафесійных якасцяў нашых міністраў і іх расійскіх калегаў.

У спектры новых выклікаў Беларусі ёсць зыходная аснова. Гэта – выклік адпаведнасці заяўленай ролі беларускай эліты, што знаходзіцца ва ўладзе, рэальным здольнасцям і патэнцыялу дасягнення нацыянальна важных мэтаў.

У прапануемай аўтарскай версіі праграматыкі вызначаецца 7 асноўных выклікаў Беларусі.

Выклікі Беларусі

1. Знешняя і ўнутраная адкрытасць краіны – дасягненне рэальнай адкрытасці і ўваходжанне ў рэгіянальныя дэмакратычныя супольнасці. Адкрытасць краіны рэалізуецца ў сталым здыманні бар’ераў, як эканамічных, так і палітычных.

2. Вартасная дылема: эканамічная эфектыўнасць – сацыяльная справядлівасць. Гэты выклік вырашаецца на ўзроўні грамадства і асобных людзей. Суседнія краіны адказ на яго ўжо далі, Беларусь засталася ў рамках патэрналізму, абмежаванай волі і адказнасці.

3. Энергетычны і эканамічны суверэнітэт, які пакуль выступае ў якасці самага актуальнага выкліку.

4. Геаэканамічная і геапалітычная стратэгічная арыентацыя. Пакуль у Беларусі заўважны парадаксальны дысбаланс усходняга і заходняга вектараў развіцця краіны.

5. Канкурэнтнасць на знешніх рынках і на ўнутраным рынку.

6. Якасць жыцця і развіццё актыўнай прыватнай эканомікі.

7. Здольнасць стварыць новую эканоміку – “эканоміку ведаў”. Іншага шляху ў Беларусі няма. Быць проста “адвёрткавай” краінай – правал нацыянальнай ідэі.

Калі правесці рэйтынг кароткатэрміновых выклікаў, то на першы план можна паставіць два самых неадкладных. Гэта – энергетыка і канкурэнцыя.

Энергетычны выклік.

Энергетычны і эканамічны суверэнітэт.

У цяперашняй сітуацыі ўлада спрабуе даць адказ на выклік. Што адбудзецца пры такіх дзеяннях, калі гаворка ідзе пра часовыя меры, “пажарныя” сродкі? Наступствы аператыўнага ўмяшання выяўляюцца ў наступным:

* Узмацненне “мабілізацыйнай эканомікі”.

* Пераход да “галоднага пайку” НПЗ і пераход да мабілізацыйных мераў.

* Імпарт нафты з Ірана, Венесуэлы і Азербайджана.

або

* Заключэнне дамоў з расійскімі алігархамі аб продажы НПЗ і іншага “фамільнага срэбра”.

* Поўнае прыняцце ўсіх “расійскіх умоў”.

* Здача пазіцый па шырокім коле палітычных пытанняў.

Такім чынам, гэты выклік азначае праверку на трываласць усёй краіны.

Цяперашняя ўлада досыць хутка ўсвядоміла важнасць дадзенага выкліку. Ліхаманкавыя пошукі сяброў у Азербайджане, Іране і Венесуэле далі першыя вынікі. Мы атрымалі магчымасць распрацоўваць нафтавыя радовішчы ў гэтых краінах. Чаго не атрымлівалася дасягнуць у адносінах з Расіяй.

Разам з энергетычным, аб’ектыўна ўзрастае значнасць канкурэнтнага выкліку. Зніжэнне нацыянальнай канкурэнтаздольнасці мела месца ўсе апошнія гады. Дзіўная няўдача кіраўніцтва краіны складалася ў тым, што мы не здолелі напоўніцу выкарыстаць наступствы расійскага дэфолту ў 1998 г. Больш таго, у пачатку гэтага дзесяцігоддзя Беларусь пачала губляць шэраг традыцыйных знешніх рынкаў.

Канкурэнтны выклік.

* Уступ Расіі ў СГА і пагаршэнне пазіцый беларускага экспарту.

* Коштавая канкурэнтнасць беларускіх тавараў – цукру, малака, мясапрадуктаў.

* Новыя кошты на энергарэсурсы і рост выдаткаў – развіццё інфляцыйных працэсаў.

* Падзенне экспарту і зніжэнне валютных паступленняў.

* Страта ўнутранай канкурэнта-здольнасці.

Новая сітуацыя – умовы фармавання альтэрнатывы

* Крах “беларускага эканамічнага цуду”.

* Палітычныя і геапалітычныя змены.

* Нуліфікацыя ранейшай эканамічнай палітыкі.

* Змена груп уплыву ў лабісцкай наменклатуры.

* Пераход да рацыянальных метадаў эканамічнай палітыкі.

* Прагматызацыя сацыяльнай рэчаіснасці ў шырокім кантэксце.

У новай сітуацыі важныя новыя прыярытэты і мэты дзеянняў. Цалкам актуальныя такія прыярытэты, як:

* эканамічны і палітычны суверэнітэт;

* адкрытасць грамадства і эканомікі;

* прафесіяналізм эканамічнай і сацыяльнай палітыкі;

* новыя тэхналогіі эканамічнага і грамадскага жыцця;

* нацыянальныя інтарэсы і адзінства грамадства і дзяржавы;

* прыярытэт чалавека і яго вектараў волі ў эканоміцы і грамадстве;

* будучыня краіны як нацыянальная ідэя;

* гуманізм і правы асобы як безумоўная каштоўнасць і палітыкі, і практыкі штодзённасці.

У гэтых фармулёўках няма прамых выпадаў “супраць”. Змагацца варта не “супраць”, а “за”. Што і складзе “знешнюю частку” канструктыўнай альтэрнатывы. Тэзіс “за” актыўна быў скарыстаны беларускай наменклатурай у кампаніі сакавіка 2006 г. Гэта было тэхнічна правільна, але па сутнасці ў кіруючага класа нічога не атрымалася. Падзел грамадства адбыўся па лініі ўлада – народ.

Якія прыярытэты ў эканамічнай і сацыяльнай палітыцы варта непасрэдна вылучыць з улікам сітуацыі і нарастання крызісных працэсаў?

* Мабілізацыя рэсурсаў грамадства і інтэлекту нацыі ў дасягненні энергетычнай незалежнасці.

* Абмежаванне выдаткаў дзяржаўнага бюджэту. Першапачаткова неабходнае скарачэнне выдаткаў на 15%, што і дае эканомію для аплаты энергавыдаткаў.

* Замарожванне зарплаты службоўцаў і дзяржаўных службоўцаў. Скарачэнне апарата міністэрстваў і канцэрнаў.

* Зняцце адміністрацыйных бар’ераў у працы дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў – рэгістрацыя, ліцэнзаванне, справаздачнасць.

* Ажыццяўленне актыўнай антыінфляцыйнай палітыкі. Падвышэнне канкурэнтнасці на знешнім рынку.

* Новая палітыка падаткаў і прыбыткаў. Правядзенне хуткай падатковай рэформы і поўны пераход да простых і ясных электронных форм уліку і справаздачнасці.

* Палітыка стварэння эфектыўных працоўных месцаў, уключаючы рэ-структурызацыю занятасці як неадкладную меру мадэрнізацыі краіны.

* Новая карпаратыўная прамысловая і аграрная палітыка, якая ў сваёй сутнасці падтрымлівае нацыянальнага вытворцу ва ўзгодненых дзеяннях у сферы занятасці, мадэрнізацыі, коштавай палітыкі і палітыкі прыбыткаў.

Першыя 7 крокаў

Ці будзе змяняцца сітуацыя ў краіне? Пытанне цікавае, асабліва ў кантэксце палітыкі Крамля, які акуратна і мэтанакіравана праводзіць “перадпродажную падрыхтоўку” Беларусі. Спачатку – нафта, каб прыбраць расійскае фінансавае мецэнацтва. Затым – цукар. Асноўны ўдар – мяса і малако. Выключэнне гэтых тавараў з экспарту ў Расію – галоўны ўдар па 118 раёнах Беларусі, што па дырэктывах з Мінска нарошчваюць вытворчасць прадуктаў харчавання, якія нам у такіх аб’ёмах не патрэбныя. Ды і дорага, асабліва ў параўнанні з Польшчай, Літвой і Украінай.

Што ж рабіць? “Спецплан” прапаноўваць рана, але пачынаць папярэднія распрацоўкі ўжо мае сэнс. Гаворка ідзе пра тое, якія меры ў дачыненні да партнёраў Беларусі варта прымаць, якія рэсурсы супрацоўніцтва можна ўключаць у механізмы новай эканамічнай і сацыяльнай палітыкі. Контурнае пазначэнне першых крокаў і канструктыўных дзеянняў варта рабіць ясна і проста. Зыходная пазіцыя – канструктыўная альтэрнатыва.

Апорнымі тэзісамі такой альтэрнатывы становяцца зыходныя прынцыпы:

* палітычная і эканамічная дэмакратыя;

* дыялог сацыяльных груп грамадства: аснова – нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы;

* новы нацыянальны праект – “канструктыўная Беларусь”;

* нацыянальная “адкрытая эканоміка” – адзінства мэты і сродкаў;

* эфектыўная рэструктурызацыя вытворчасці – рост элементаў новай эканомікі;

* “уласнасць для ўсіх” – дзяржаўная палітыка заахвочвання развіцця ўласнасці ў грамадзян краіны;

* адміністрацыйная рэформа і рэальная дэбюракратызацыя.

Неадкладныя меры па пераадоленні негатыўных сацыяльна-эканамічных працэсаў у Беларусі:

1. Стварэнне “Нацыянальнай Эканамічнай Рады” як ураду, што выконвае функцыі крызіснага кіраўніка. Усталяванне рэжыму адкрытасці інфармацыі пра становішча ў краіне і развіццё дыялогу ў грамадстве.

2. Забарона “паскоранага распродажу” дзяржаўнай уласнасці (часткова праз пакеты акцый, прама пад выглядам прыватызацыі).

3. Захаванне ўзроўню жыцця насельніцтва шляхам актыўнай палітыкі заахвочвання занятасці, рэструктурызацыі, новых прыбыткаў, асабліва ў сферы самастойнай дзелавой актыўнасці.

4. Стабілізацыя беларускага рубля і ўвядзенне абмежаванняў па грашовай эмісіі і павелічэнні грашовай базы. Забеспячэнне захаванасці назапашванняў прадпрыемстваў і грашовых укладанняў за кошт падтрымання рэальнай дадатнай стаўкі працэнта. Абмежаванне інфляцыйных працэсаў, асабліва ў прамысловым сектары, уключаючы метады і інструменты інавацыйнай і падатковай палітыкі. Увядзенне працэдур санацыі прадпрыемстваў і іх рэструктурызацыі.

5. Увядзенне рэжыму эканомікі і рацыяналізацыі бюджэтных выдаткаў. Скарачэнне агульных выдаткаў дзяржаўнага бюджэту на 15%. Замарожванне заработнай платы на 18 месяцаў для бюджэтных арганізацый і дзяржаўных прадпрыемстваў.

6. Адмена ўсіх абмежаванняў развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Рэалізацыя “Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі”, заахвочванне фармавання ўласнасці ва ўсіх катэгорый грамадзян Беларусі. Продаж або перадача ў лізінг стратных прадпрыемстваў нацыянальнаму бізнесу, грамадзянам і дзелавым структурам краіны.

7. Падрыхтоўка і ўвядзенне ў дзеянне “Эканамічнай Канстытуцыі” Беларусі як замацавання адаптацыйнай фазы і пачатак сістэматычнага фармавання “новай эканомікі”.

Сэнс гэтых дзеянняў у тым, каб спыніць нарастанне крызісных працэсаў. Мэта – стварэнне асноў яснай нацыянальнай эканамічнай і сацыяльнай палітыкі. Пры гэтым пачынаць трэба з эканоміі, а не з пазыкаў, не з продажу нацыянальнай уласнасці.

У цэлым, аснова праграмных дзеянняў вызначаецца такім чынам. Спачатку – адаптацыйная фаза неадкладных мер. Затым – разгортванне прынцыпаў эканамічнай палітыкі па пазначаных 7 кірунках. Затым – прыняцце “Эканамічнай Канстытуцыі” і рух да “новай эканомікі”. Гэты рух па развіцці новых канструкцый эканомікі будучыні можна пачаць да канца 2008 г.

Ці стане новая эканамічная палітыка прарывам у будучыню? Вядома, калі хопіць палітычнай волі на ажыццяўленне прагматычных дзеянняў. Сутнасць “беларускай сітуацыі” ў тым, што цяперашняя кіруючая эліта не можа рэалізаваць патэнцыял беларускага грамадства. За высокімі лічбамі валавых паказчыкаў стаяць праблемы рэсурсаў і збыту.

Монакратычны этап жыцця краіны павінен стаць гісторыяй. Новая эканамічная палітыкай ёсць і будзе палітыка развіцця ўласнага “эканамічнага класу”, сваіх “самастойных” людзей.

 

 

Унутрыпалітычныя наступствы нафтагазавага крызісу

Віктар Чарноў,

палітолаг, выканаўчы дырэктар ГА “Адкрытае грамадства”

Сяргей Нікалюк,

палітычны аглядальнік (Беларусь)

З прыходам да ўлады У.Пуціна і асабліва пасля рэферэндуму 2004 г. беларуска-расійскія адносіны сталі даволі стрыманымі. У лідэраў Беларусі і Расіі выявіліся занадта розныя эканамічныя інтарэсы і палітычныя курсы, каб можна было і далей ісці на цеснае збліжэнне ў рамках заяўленай канцэпцыі Саюзнай дзяржавы. У адносінах паміж дзвюма дзяржавамі пазначылася тэндэнцыя да кансервацыі дасягнутага стану з магчымасцю сур’ёзнага зрыву ў любы момант. Такі зрыў адбыўся ў канцы 2006 г. у сувязі з нафтагазавым канфліктам, што завяршыўся вельмі цяжкім для беларускай эканомікі рашэннем аб паэтапным пераходзе да сусветных коштаў на расійскія энерганосьбіты.

На сённяшні дзень прамыя страты Беларусі аказаліся не такія вялікія, як гэта прагназавалася ў канцы снежня мінулага года. Аднак перспектыва сталага падаражання нафты і газу не магла не ўсхваляць беларускія палітычныя колы. Яна прывяла да пэўных змен і ў знешняй, і асабліва ва ўнутранай палітыцы кіруючага класу, выявіла новыя лініі канфліктнага напружання ў апазіцыі і ўзмацніла раскол у грамадстве.

Калі браць пад увагу знешнепалітычны аспект, беларуска-расійскі канфлікт прымусіў многіх аналітыкаў гаварыць пра магчымасць пацяплення ў адносінах Беларусі з Захадам. Падставай для такіх высноў, акрамя агульнай логікі канфлікту, служаць і шматлікія выказванні самога Лукашэнкі. Але наколькі рэальная такая знешнепалітычная пераарыентацыя? З нашага пункта гледжання, яна блізкая да нуля. Назіраюцца толькі спробы эканамічнага і палітычнага збліжэння з ідэалагічна роднаснымі рэжымамі ў Венесуэле, Іране і Судане. Знешняя палітыка з’яўляецца працягам унутранай палітыкі, а на ўнутраным “фронце” змен у бок эканамічных рэформ і дэмакратычных пераўтварэнняў не плануецца. Беларуская эканамічная мадэль функцыянуе, найперш, за кошт рэнты, крыніцай якой ёсць чужыя прыродныя рэсурсы. За гады рэнтаарыентаванай палітыкі ў Беларусі сфармаваліся тыповыя для падобных эканомік палітычныя інстытуты. Змяніць іх ні Лукашэнка, ні яго каманда не ў сілах.

Як гэта ні дзіўна, не здольныя змяніцца і асобныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі. З іх боку часта гучаць абвінавачанні ў адрас Расіі ў сувязі з вуглевадародным канфліктам. За падвышэннем коштаў шэраг апазіцыйных палітыкаў бачаць пачатак імперскай экспансіі. Нам падаецца, што калі Расія і заслугоўвае абвінавачанняў у свой адрас, то не за падвышэнне коштаў, а якраз за падтрымку іх на нізкім узроўні на працягу многіх гадоў. Расія аплачвала не толькі эканамічную стабільнасць Беларусі, але і поўную адсутнасць эканамічных рэформ, эканамічнай ініцыятывы, палітычнага жыцці і шмат у чым – адсутнасць перспектывы.

З іншага ж боку, у самой апазіцыі пад уплывам нафтагазавага канфлікту нарэшце з’явілася група прарасійскі настроеных палітыкаў, якія нядаўна выступілі з вельмі эмацыйным, але цалкам непераканаўчым “Мінскім маніфестам беларуска-расійскага яднання”. Па іх меркаванні, у Беларусі няма іншай перспектывы, акрамя як увайсці ў склад Расіі на правах асацыяванага суб’екта, аддаць у расійскую ўласнасць свае газа- і нафтаправоды і ўвесці расійскі рубель.

Насамрэч, Беларусь цалкам самадастатковая дзяржава, здольная самастойна вырашыць свае праблемы, не адмаўляючыся ад свайго палітычнага суверэнітэту або нацыянальнай валюты. Гэты пункт гледжання сёння падзяляюць і аб’яднаная дэмакратычная апазіцыя, і ўлада, і пераважная частка беларускага грамадства.

Некаторыя аналітыкі пасля нафтагазавага канфлікту нават паставілі Лукашэнку ў адзін шэраг з такім барацьбітом за беларускую незалежнасць, як Зянон Пазьняк. Такое параўнанне цалкам некарэктнае. Мы можам толькі канстатаваць, што на дадзеным этапе назіраецца некаторае супадзенне інтарэсаў нацыянальнай супольнасці і дзеючага палітычнага рэжыму.

Але Беларусь – не Паўночная Карэя, пры ўсёй важнасці сілавых структур для ўтрымання ўлады, кіраўнік дзяржавы пастаянна памятае пра тое, што ён “усенародна абраны”. Таму невыпадкова выдаткі на сацыяльныя праграмы складаюць у Беларусі больш за палову кансалідаванага бюджэту. Такая “шчодрасць” немагчымая без эфектыўнай эканомікі, якая ў сваю чаргу патрабуе эфектыўнай бюракратыі. Для Беларусі апошняе асабліва актуальнае: у адрозненне ад сваіх заходніх калегаў, беларускі дзяржаўны службовец з’яўляецца ключавой постаццю ў працэсе вытворчасці матэрыяльных выгод і галоўным (калі не адзіным) кантралёрам над гэтым працэсам.

У дэмакратычных краінах асноўным кантралёрам з’яўляюцца незалежныя ад дзяржавы СМІ. У аўтакратычных – спецыялізаваныя дзяржаўныя структуры. Як правіла, іх шмат, што не здзіўляе: кантралёры – гэта тыя ж бюракраты. Яны самі маюць патрэбу ў кантралёрах. Далёка не відавочна, што здабытая імі інфармацыя будзе перададзеная непасрэднаму заказчыку. Заўсёды існуе спакуса “ўручыць” яе аб’екту назірання. Зразумела, не задарма.

Этап “энергетычныя рэсурсы ў абмен на братэрскія пацалункі” ў беларуска-расійскіх адносінах, мяркуючы па ўсім, завяршыўся. Беларусь на парозе крызісу, а крызіс – гэта стадыя ў развіцці сістэмы, калі сістэма аказваецца неадэкватнай зменлівым знешнім выклікам. Сёння Беларусі востра неабходныя інавацыйныя палітычныя рашэнні, але іх проста няма каму выпрацоўваць. У краіне адсутнічае публічная палітыка ў сэнсе politics, г.зн. сфера самастойных дзеянняў разнастайных палітычных актораў па выбары мэтаў грамадскага развіцця, канкурэнцыя альтэрнатыўных палітычных курсаў і лідэраў пад кантролем выбаршчыкаў і незалежных СМІ. Таму ўзмацненне палітычнага кантролю зверху – гэта адзінае, што ёсць у арсенале кіраўніка беларускай дзяржавы. Гэта яго галоўны адказ на выклікі постіндустрыяльнага грамадства. Яшчэ адзін адказ – узмацненне цэнтралізацыі ў эканоміцы.

Чаго варта чакаць у сярэднетэрміновай перспектыве? Наш прагноз наступны: па меры скарачэння датацый з боку Расіі ўнутры прэзідэнцкай “вертыкалі” будзе нарастаць напружанне. Масавая прафнепрыдатнасць прадстаўнікоў беларускай кіруючай эліты (няздольнасць быць адэкватнымі нават у адносна складанай сітуацыі) стане дадатковым фактарам паглыблення крызісу. Рэакцыю ж Лукашэнкі прадказаць нескладана: ён працягне закручваць гайкі. Галоўны крок у гэтым кірунку ўжо зроблены: Віктар Лукашэнка ўведзены ў склад Рады бяспекі, у выніку чаго яго статус памочніка прэзідэнта фактычна прыроўнены да статусу старшыні КДБ альбо кіраўніка МУС.

Але акрамя ўлады і апазіцыі ў Беларусі ёсць і грамадства. Адсутнасць публічнай дыскусіі ў манапалізаваных дзяржавай электронных СМІ прывяла да таго, што беларускае грамадства было недасведчанае ў наспелых эканамічных праблемах. Таму нядзіўна, што большасць грамадзян працягвала спа ць спакойна. Больш таго, упэўненасць у заўтрашнім дні (галоўная якасць савецкага чалавека) з ростам напружанасці ў беларуска-расійскіх адносінах з кожным месяцам толькі павялічвалася. Як паказваюць апытанні НІСЭПД, у 2004–2006 гг. грамадскі аптымізм зрабіў гіганцкі крок наперад (гл. табл. 1). Менавіта на хвалі гэтага аптымізму і прайшлі ў Беларусі чарговыя прэзідэнцкія выбары.

Табліца 1. Размеркаванне адказаў на пытанне: “Як, на Ваш погляд, зменіцца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшы год?”, %

Варыянт адказу

06’04

03’05

11’06

01’07

05’07

Палепшыцца

21,8

29,7

42,5

30,6

26,7

Не зменіцца

46,2

40,8

37,7

35,0

42,2

Пагоршыцца

21,5

16,8

10,7

25,6

22,8

 

Нафтагазавы канфлікт выклікаў у беларускім грамадстве сапраўдны шок. У выніку ў 2007 г. колькасць аптымістаў скарацілася амаль у 2 разы, у той час як колькасць песімістаў, наадварот, вырасла больш чым у 2 разы.

Аптымізм беларусаў знаходзіцца ў поўнай адпаведнасці з верай у правільнасць абранага краінай курсу, які яны звязваюць з А. Лукашэнкам (табл. 2). Але тут варта зрабіць агаворку. За ўсё яшчэ высокай лічбай агульнай ухвалы (61,6% на канец мінулага года) хаваецца карціна глыбокага расколу ў беларускім грамадстве. А калі вылучыць групы прыхільнікаў і праціўнікаў улады, то раскол становіцца яшчэ больш відавочны.

Іншая справа, што колькасць прыхільнікаў прэзідэнта па-ранейшаму з’яўляецца даволі значнай. Тры гады росту прыбыткаў не маглі прайсці дарма. Сёння колькасць прыхільнікаў складае па розных дадзеных 46-48%, што прыкладна ў 2 разы перавышае колькасць праціўнікаў (20-25%). Але яшчэ ў кастрычніку 2006 г. больш чвэрці грамадзян Беларусі не задумваліся аб сваім стаўленні да ўлады (26,2% па дадзеных НІСЭПД). Ім яна была абыякавая.

Табліца 2. Размеркаванне адказаў на пытанне: “На Ваш погляд, у цэлым стан рэчаў у нашай краіне развіваецца ў правільным кірунку або ў няправільным?”, %

Варыянт адказу

10’06

Усё насельніцтва

Прыхільнікі ўлады

Праціўнікі ўлады

У правільным

61,6

90,5

19,5

У няправільным

24,0

4,0

72,4

 

Такі высокі адсотак абыякавых тыповы для паслявыбарчага перыяду. У цяперашняй беларускай улады, у адрозненне ад яе папярэдніцы – улады савецкай, ужо няма ўнутраных рэсурсаў для падтрымання высокага ўзроўню мабілізацыі грамадства цягам значнага прамежку часу. Тым не менш, А. Лукашэнка рашыўся пачаць у студзені 2007 г. чарговую мабілізацыйную кампанію, якая, як паказваюць вынікі апошніх апытанняў, скончылася для яго “нічыёй”. Сродкі масавай інфармацыі не здолелі выканаць сваю традыцыйную ролю, страх перад блізкай пагрозай матэрыяльных стратаў пакуль не прымусіў частку палітычна інертных грамадзян “прачнуцца” і згуртавацца вакол “бацькі”. Таму ўзровень электаральнай падтрымкі застаўся ранейшым.

Разам з тым усё заўважней пачынаюць дзейнічаць фактары пагаршэння матэрыяльнага становішча або запаволення ўжо звыклых тэмпаў росту даходаў. Калі, па дадзеных НІСЭПД, у лістападзе 2006 г. 12,8% рэспандэнтаў адзначылі пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча за апошнія тры месяцы, дык у траўні 2007 г. іх колькасць дасягнула 17,7%. Прыкладна такая ж дынаміка адзначана і ў апытаннях лабараторыі “НОВАК”. У снежні 2006 г. пагаршэнне матэрыяльнага становішча сваёй сям’і за апошні месяц адзначылі 15,9% апытаных, а ў сакавіку 2007 г. – 18,8%. Замарожванне росту пенсій, якія не павышаліся з кастрычніка мінулага года, сталы рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, чаканая адмена сацыяльных ільготаў, узмацненне фіскальнага характару экстрактыўнай палітыкі – гэта не толькі прамыя сацыяльныя наступствы руху Беларусі да сусветных коштаў на энерганосьбіты, але і фактары магчымых палітычных змен.

Улада ў сучаснай Беларусі ў значнай ступені абапіраецца не на харызму прэзідэнта, не на папулярную ідэалогію і нават не на сілу, а на інструментальную падтрымку абывацеляў, што думаюць і дзейнічаюць рацыянальна. У гады выбарчых кампаній яна проста купляе сваю падтрымку. З 2004 г. электаральны рэйтынг кіраўніка дзяржавы пачаў імкліва расці, але дзякуючы не харызме або ідэалогіі, а “моцнай сацыяльнай палітыцы”, росту зарплат і пенсій. Аднак у інструментальнай падтрымкі ёсць адна непрыемная асаблівасць, якая заключаецца ў тым, што яна ўмоўная, менш трывалая і больш схільная да эрозіі, чым эмацыйная падтрымка. Калі эмацыйная падтрымка імкнецца да нуля і адначасова ў нейкі момант высвятляецца, што абяцанні аказваюцца нявыкананымі, абывацелі пачынаюць адчужана ставіцца не толькі да тых людзей, якія ўвасабляюць палітычны рэжым, але і да самой сістэмы.

 

Украінскія рэаліі і беларускія перспектывы: урокі, пагрозы, магчымасці

Андрэй Кірчыў,

аналітык (Украіна)

Унутраная палітыка

Нягледзячы на параўнальна нядаўняе агульнае савецкае мінулае і відавочныя падабенствы ў асобных характэрных алгарытмах палітычных працэсаў, у дзяржавах развіліся розныя па сутнасці рэжымы. Украіна (асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў 2004 г. і звязаных з імі амаль рэвалюцыйных падзей) імкнецца даказаць сабе і ўсяму свету выразную тэндэнцыю развіцця дэмакратыі і плюралізму еўрапейскага кшталту.

Крызіс апошняга года пасля парламенцкіх выбараў і выбараў прэзідэнта, з аднаго боку, падкрэсліваюць слабыя месцы прававой дзяржавы ў перыяд яе станаўлення, з іншага ж, дэманструюць уменне балансаваць на мяжы ўнутрыдзяржаўнага палітычнага і нават грамадзянскага канфлікту без ужывання сілавых механізмаў (апошнія характэрныя для аўтарытарных або таталітарных сістэм).

Прававы нігілізм заканадаўцаў, ператварэнне палітычнага працэсу ў прававую казуістыку, адсутнасць нават мінімальна эфектыўнай судовай улады, выкарыстанне злачынных маніпулятыўных механізмаў, накіраваных на ўнутрынацыянальны раскол з мэтай забеспячэння вузкапартыйных інтарэсаў, недахоп палітычнай культуры ў рыторыцы на ўсіх узроўнях, спробы ўзурпавання ўлады кожнай з яе галін, нябачаная і адкрытая палітычная і эканамічная карупцыя – далёка не поўны пералік адмоўных фактараў, пад уплывам якіх апынулася ўсё грамадства. Небяспека палітычнай апатыі з элементамі агрэсіі працягвае нарастаць практычна на ўсіх ступенях соцыуму. Не варта тлумачыць, да чаго такія працэсы могуць прывесці ў зусім недалёкай будучыні, нават пры ўмове паўнавартаснага прававога ўрэгулявання доўгатэрміновага крызіснага перыяду.

І усё ж, на працягу 2004–2007 гг. напрацаваны неацэнны досвед адмаўлення ад сілавых рашэнняў, цярплівага пошуку цяжкіх кампрамісаў і ўсталяванне адзіных правіл гульні для ўсіх. Нават без дасягнення 100%-га эфекту ад пералічаных крокаў, важным вынікам, нарэшце, вымалёўваецца змушанасць палітыкаў гуляць па гэтых правілах ці хоць бы імітаваць такую гульню. Акрамя таго, канчаткова акрэслілася “кропка невяртання” да ірацыянальных геапалітычных крэатур накшталт “Саюза славянскіх дзяржаў” або іншых канструктаў з вядучай і кіруючай роляй Расіі ва ўнутранай і знешняй палітыцы. Нават у традыцыйна русафільскіх і амаль татальна рускамоўных усходніх рэгіёнах Украіны сцвердзілася ўкраінская самаідэнтыфікацыя. Палітычныя сілы, якія эксплуатуюць у сваёй раскрутцы ідэю дзяржаўнага адзінства са “старэйшым братам”, фактычна маюць на сваім баку выміраючы электарат савецкай эпохі.

Вядома, магутнасць рускага ўплыву на ўнутрыпалітычнае і грамадскае жыццё на Украіне, лабіраванне інтарэсаў РФ на найвышэйшым узроўні і фактар прысутнасці ў Крыме значнага і агрэсіўна актыўнага вайсковага кантынгенту пуцінскай неаімперыі не варта недаацэньваць. Небяспека гэтага ўплыву ўзмацняецца дэманстратыўным “заплюшчваннем вачэй” цэнтральнай улады на відавочныя парушэнні дзеючага заканадаўства ў частцы , якая рэгулюе абарону нацыянальных прыярытэтаў і каштоўнасцяў.

І тут не варта сябе суцяшаць тэндэнцыяй да спаду русафільства на агульнанацыянальным узроўні, паколькі менавіта на ўзроўні асобных памежных з Расіяй рэгіёнаў гэты ўплыў правакуе сепаратысцкія настроі і актыўна эксплуатуе антыканстытуцыйныя ідэі тэрытарыяльнага пераразмеркавання. Скажам, усё больш частыя ваяжы расійскіх палітычных каршакоў у Крым, заклікі мясцовых палітыкаў да адмаўлення ад дзяржаўнага суверэнітэту, прапаганда рускай мовы як адзінай дзяржаўнай на Украіне, нахабная самаўпраўнасць расійскага марацтва на ўкраінскай тэрыторыі атрымліваюць неадэкватна млявыя ацэнкі афіцыйнага Кіева і амаль цалкам ігнаруюцца органамі, у службовыя абавязкі якіх уваходзіць кантроль за выкананнем нормаў дзеючай Канстытуцыі. Такім чынам, улада на макраўзроўні дэманструе дэкларатыўны, а не імператыўны характар дзеяння Асноўнага закона, што, адпаведна, і з’яўляецца крыніцай прававога нігілізму на ўсіх узроўнях грамадства.

На сучасным этапе апісанне ўнутрыпалітычных трэндаў на Украіне з’яўляецца мала прыдатным у прыкладным плане для беларускіх рэалій. Распавядаць аб характары і рысах дзеючага рэжыму ў Беларусі не мае ніякага сэнсу: для беларускай аўдыторыі гэтая інфармацыя вядомая да нюансаў. Тым не менш, актуальная сітуацыя на Украіне мае ўсе шанцы стаць своеасаблівым палітычным люстэркам Беларусі ў постлукашэнкаўскі перы яд. Таму яе дэталёвы аналіз і ацэнка – гэта магчымасць для будучых беларускіх палітычных і дзяржаўных лідэраў не дапусціць развіцця асобных шкодных схем і мадэляў.

Энергетычная і эканамічная бяспека

Падабенства ўкраінскай і беларускай сітуацый у гэтай частцы ёсць занадта ашаламляльным, што таксама вызначаецца расійскім фактарам. Неэфектыўная і энергавыдатковая эканоміка савецкіх часоў, якую атрымалі ў спадчыну абодва новаспечаныя суверэны, адчула мінімальныя змены ў кірунку ўдасканалення.

Прычынамі рэалізацыі такой мадэлі можна назваць устойлівае перакананне тагачасных палітычных эліт у немэтазгоднасці паўнавартаснага суверэнітэту і пошуках спосабаў рэфармавання саюзнай дзяржавы, захаванні стратэгічнага кадравага патэнцыялу (дзяржаўных менеджэраў вышэйшага ўзроўню, навукова-тэхнічнай эліты) у Маскве, танныя энерганосьбіты і адсутнасць надзённай неабходнасці ў развіцці і ўкараненні энергаэканомных і энергаэфектыўных тэхналогій новых часоў, узаемазалежнасць вытворчых цыклаў, пабудаваную на нерацыянальнай савецкай схеме забеспячэння, актыўнае прапагандаванне ўнутранага рынку краін СНД як альтэрнатывы сусветнаму і, як наступства, – унутраныя стандарты прадукцыі, несумяшчальныя з агульнасусветнымі і інш.

Скажам, энергаёмістасць ВУП Украіны (у пераразліку на міжнародную сістэму вылічэння) складае 0,98 кг нафтавага эквіваленту на $1 ЗША, у той час як у сярэднім у свеце гэты паказчык роўны 0,31, у Еўразвязе – 0,27, а ў такіх краінах, як Японія, Францыя, Нямеччына – ад 0,20 да 0,25. Паказчык энергаёмістасці ВУП Украіны ў 3–5 разоў горшы, чым у развітых краінах свету. Гэта аб’ектыўна абмяжоўвае канкурэнтаздольнасць айчыннай вытворчасці, кладзецца цяжарам на нацыянальную эканоміку, асабліва ва ўмовах яе знешняй энергетычнай залежнасці.

Для Украіны і Беларусі апісаная вышэй мадэль абярнулася дзвюма галоўнымі пагрозамі для суверэнітэтаў і нацыянальнай бяспекі кожнай з дзяржаў: арыентацыяй значнай часткі экспартнага патэнцыялу і амаль усяго імпарту энерганосьбітаў на Расію. Пры гэтым апошні фактар з’яўляецца ключавым для перспектыў развіцця эканомікі і гарантый непахіснасці суверэнітэту.

Такім паўнатуральным-паўпалітычным спосабам Маскве былі перададзеныя рычагі сталага палітычнага ціску і магчымасці карэктаваць унутрыпалітычны курс кожнай з краін з мэтай яго аптымізацыі да інтарэсаў Расіі. У Беларусі такая залежнасць, у суме з поўнай сумяшчальнасцю палітычных рэжымаў, прывяла да стварэння квазісаюзнай дзяржавы; для Украіны яна адбілася ў згаданым ужо дэстабілізацыйным расійскім фактары важкага ўплыву на ўнутраную і знешнюю палітыку.

З мэтай узмацнення і замацавання дасягнутых палітыка-эканамічных пераваг Расія засяродзіла высілкі на авалоданні нафтагазатранспартнымі сістэмамі абедзвюх дзяржаў. Трэба нагадаць, што толькі Украіна валодае на сёння газатранспартнай сістэмай, якая складаецца з 37 тыс. км магістральных газаправодаў, 71 кампрэсарнай станцыі, 13 унікальных падземных сховішчаў газу (ПСГ), сеткі газаразмеркавальных (ГРС) і газавымяральных (ГВС) станцый. Гэты, па словах афіцыйнай расійскай прапаганды, “металалом” мае прапускную здольнасць, якая на ўваходзе складае 290 млрд. м 3, на выхадзе – 175 млрд. м 3 газу ў год, у тым ліку 140 млрд. м 3 у еўрапейскія краіны.

Украінская газатранспартная сістэма цесна звязаная з сістэмамі суседніх еўрапейскіх краін – Польшчы, Беларусі, Расіі, Румыніі, Малдовы, Венгрыі, Славакіі – і праз іх інтэграваная ў агульнаеўрапейскую газавую сетку. Таму без перабольшання можна сказаць, што ГТС Украіны з’яўляецца своеасаблівым мостам паміж газаздабываючымі рэгіёнамі (Расіі і Сярэдняй Азіі) і спажыўцамі Еўропы. Асноўны паток экспартных паставак расійскага і сярэднеазіяцкага газу (каля 85%) здзяйсняецца праз тэрыторыю Украіны. Украінская сістэма здольная забяспечыць транзіт нарастальных аб’ёмаў газу, існуе тэхнічная магчымасць для павелічэння яго транзіту ў краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы з фактычнага ўзроўню 105 да 140 млрд. м 3 на год без пашырэння газатранспартнай сістэмы.

Зацікаўленасць у валоданні такой сеткай каментараў не патрабуе. Калі прыняць да ўвагі асобныя палажэнні расійскай энергетычнай стратэгіі на перыяд да 2020 г., то стане зразумелым само значэнне пытання (цытуецца мовай арыгінала):

“Россия всегда была одним из ведущих энергетических государств. В мировом производстве топлива и энергии на ее долю приходится 23% добываемого газа, около 10% нефти (включая газовый конденсат), почти 6% угля и 6% электроэнергии. Есть полная уверенность, что роль российских топливно-энергетических ресурсов в формировании устойчивого энергоснабжения сохранится и в XXI веке.

Сейчас мы занимаем ведущее место по ресурсному потенциалу и производству первичных энергоресурсов: 1-е место по добыче газа, 2-е – по неф-ти, 4-е – по электроэнергии, 6-е – по добыче угля.

Внешний спрос на российские энергоресурсы вырастет и составит к 2020 г. до 855 млн. т у. т., в том числе на нефть – до 309 млн. т, на газ – до 245 млрд. куб. м. В ближайшие годы экспорт энергоресурсов остается ключевым фактором развития национальной экономики. Закрепление за Россией достойного места на мировых энергетических рынках является важнейшей задачей Стратегии. Для стран СНГ Россия является главным по-ставщиком энергоресурсов. Основные потребители: Украина, Белоруссия, Казахстан и Молдавия. Хотя на пути устойчивого сотрудничества имеются серьезные препятствия, есть и предпосылки для объединения СНГ в единое экономическое пространство.

Стратегия предусматривает сохранение в поставках доли стран СНГ в 18-19%. По плану поставки энергоресурсов в страны СНГ составят к 2020 г. 150 млн. т у. т.

Для России одним из крупнейших рынков на предстоящие 20–25 лет остается Западная и Центральная Европа. Дальнейшее сотрудничество будет включать совместные энергетические проекты и обмен опытом по внедрению передовых научно-технических разработок. При условии интеграции российского и европейского рынков экспорт газа в эти страны составит в 2020 г. 160-165 млрд. куб. м, нефти – 150-160 млн. т. Расширяется трубопроводная система на Новороссийск, вводятся в действие нефтепроводы в обход Чечни и Украины, первая очередь Балтийской трубопроводной системы.

Стратегией предусматривается организация параллельной работы ЕЭС России с энергосистемами Европы. Это обеспечит равноправный доступ России на рынки Европы и получение эффекта масштаба производства. Рост спроса на российскую электроэнергию в Европе оценивается в 35 млрд. кВт-ч к 2010 г. и до 75 млрд. кВт-ч к 2020 г.” (часопіс “Экономика России: ХХI век”, № 13).

Прыведзеная цытата лішні раз падкрэслівае, што, улічваючы адсутнасць дыверсіфікацыйных альтэрнатыў забеспячэння энерганосьбітамі Еўропы, пра якія гаворыцца ў Еўрапейскай Стратэгіі энергетычнай бяспекі, з аднаго боку, і з-за тэхнічных і палітычных ускладненняў падчас пабудовы прадуктаправода па дне Балтыкі (тэхналагічна складаны і дарагі праект; пашырэнне акваторыі Эстоніі), з другога, Расія зробіць усё, што ад яе залежыць, абы гарантаваць бесперабойны паток нафты і газу праз транспартныя сеткі Украіны і Беларусі.

Непрыемны для сябе факт асобнага галасавання ВРУ па забароне продажу або прыватызацыі ГТС Украіны афіцыйная Масква імкнецца кампенсаваць чарговым павелічэннем кошту паліўных вуглевадародаў і лабіраваннем перагляду прынятага рашэння. Нешта падобнае адбываецца і з Беларуссю, тым не менш, тут сітуацыя больш складаная з-за высокай запазычанасці.

Знешнія выклікі і пагрозы

Знешнепалітычнае становішча Украіны і Беларусі перш за ўсё фармуецца двума вызначальнымі фактарамі: абедзве краіны з’яўляюцца буфернай зонай паміж дзвюма прынцыпова рознымі палітычнымі сістэмамі, якія аформілі свае канцэпцыі бяспекі ў адпаведныя ваенна-палітычныя блокі (NATO і Ташкенцкі пакт); абедзве дзяржавы з’яўляюцца актыўнай зонай транзіту энерганосьбітаў з Расіі ў Заходнюю Еўропу.

Бяспека і стабільнасць за любы кошт у гэтай прасторы з’яўляецца жыццёва неабходным элементам палітыкі атачэння Украіны і Беларусі. Гэта менавіта той фактар, які прымушае краіны NATO і Расію дамаўляцца паміж сабою.

Праблема ў тым, што такія дамоўленасці звычайна не прадугледжваюць улік інтарэсаў краін, якія воляй палітыкаў з’яўляюцца аб’ектам перамоў і дамоў. Захад працяглы час лічыў (і ў асобных выпадках працягвае лічыць) абедзве суверэнныя дзяржавы падкантрольнай Расіі прасторай, дзе яна будзе гарантаваць стабільнасць.

Калі звярнуцца да Ваеннай дактрыны Расіі з 2000 г., прыведзены тэзіс знаходзіць прававое пацвярджэнне: “Расійская Федэрацыя... надае прыярытэтнае значэнне ўмацаванню сістэмы калектыўнай бяспекі ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў на аснове развіцця і ўмацавання Дамо вы аб калектыўнай бяспецы; праводзіць сумесную з Рэспублікай Беларусь абаронную палітыку, каардынуе з ёй дзейнасць у галіне ваеннага будаўніцтва, развіцця ўзброеных сіл дзяржаў – удзельнікаў Саюзнай дзяржавы, выкарыстання ваеннай інфраструктуры, прымае іншыя меры па падтрымцы абароназдольнасці Саюзнай дзяржавы”. У гэтым жа дакуменце прама паказваецца на абарону (у тым ліку і ваеннымі сродкамі) інтарэсаў РФ у яе межах і за мяжой, дзе размешчаныя дзяржаўныя, эканамічныя і ваенныя аб’екты Расіі. Іншымі словамі, пры дэклараванай Канстытуцыяй пазаблокавасці Украіны і дачынення Беларусі да Ташкенцкага пакта, Расія атрымлівае фактычны карт-бланш на дзеянні ў гэтым рэгіёне.

Незадаволенасць з гэтай нагоды прама або ўскосна выказваюць новыя чальцы ЕЗ і NATO, якія гісторыка-геаграфічным чынам непасрэдна мяжуюць з абедзвюма дзяржавамі, у прыватнасці, Польшча, Славакія і Літва. Надзвычай абвастрыліся адносіны паміж Расіяй і NATO пасля рашэння ЗША размясціць элементы сістэмы СРА на тэрыторыі натаўскіх суседзяў Украіны і адпаведных заяў Пуціна аб перанацэльванні іх ядзерных ракет на Еўропу. Гэты факт не мог не выклікаць заклапочанасці Украіны, якая адчула сябе чарговы раз патэнцыйным тэатрам ваенных дзеянняў.

На Украіне ўжо працяглы час, найперш па ініцыятыве ЗША і названых дзяржаў, актыўна вядзецца кампанія адносна адмаўлення ад нейтральнага статусу і ўступлення ў Паўночнаатлантычны альянс. Ва ўмовах абвастрэння ўнутрыпалітычнай барацьбы гэты фактар эксплуатуецца як прыхільнікамі, так і скептыкамі еўраатлантычнага вектару інтэграцыі Украіны.

Пэўныя крокі ў кірунку перавагі сістэмы сусветнай калектыўнай бяспекі ўжо зробленыя: аб жаданні Украіны ўступіць у ЕЗ і NATO ўсюды і заўсёды гаворыць прэзідэнт Юшчанка; Міністэрства абароны Украіны праводзіць інтэнсіўную рэформу УСК з мэтай прывядзення іх у адпаведнасць з патрабаваннямі стандартаў Паўночнаатлантычнага блока; МЗС Украіны афіцыйна абвясціў пра адмову пагадзіцца на знаходжанне баз і іншай інфраструктуры РФ на тэрыторыі Украіны пасля 2017 г. Тым не менш значная частка ўкраінскага грамадства, “падагрэтая” панславісцкімі і прарасійскімі прапагандыстамі, не гатовая да ўспрымання гэтых ідэй, таму правядзенне нацыянальнага рэферэндуму па названых пытаннях зараз немэтазгоднае.

Сітуацыя з Беларуссю ў кантэксце яе палітычнага курсу і бяспекі істотна адрозніваецца ад украінскага аналагу, найперш – контраверсійнасцю знешнепалітычных прыярытэтаў. Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Беларусі, у прыватнасці, абвяшчае: “...важнейшым фактарам знешняй бяспекі з’яўляецца саюз з Расійскай Федэрацыяй. <…> У сілу незалежнай знешняй і ўнутранай палітыкі Рэспубліка Беларусь з’яўляецца аб’ектам неабгрунтаванага палітычнага і іншага ціску з боку ЗША і іншых дзяржаў – чальцоў NATO. Пры іх падтрымцы расце актыўнасць дэструктыўных сіл унутры краіны па дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча і гвалтоўнай змене канстытуцыйнага ладу”. Разам з тым, улічваючы змену канцэпцыі расійскіх энергетычных “пернікаў”, прэзідэнт Лукашэнка абурыўся і па-спрабаваў згуляць на змяненні вектару знешняй палітыкі.

Флірт з Захадам на фоне адмаўлення ад рэфармавання ўласнага аўтарытарызму, зрэшты, даў мала вынікаў. Фармаванне ж дзіўных канструктаў супрацоўніцтва на манер “Беларусь–Куба–Венесуэла” пазбаўленае здаровага сэнсу і не падмацаванае эканамічнымі разлікамі. Акрамя таго, прамой пагрозай суверэнітэту Беларусі быў і застаецца Ташкенцкі пакт і Саюзная дамова з Расіяй, якія дэ-юрэ даюць падставы трымаць на беларускай зямлі значны расійскі ваенны кантынгент.

Да гэтага далучаецца і другі згаданы фактар уплыву на карэкцыю знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі – энергетычны. Як нядаўна заявіў Каміл Хаманс, генеральны сакратар нідэрландскай дэлегацыі ў сацыял-дэмакратычнай фракцыі Еўрапарламента, “кантроль над энергарэсурсамі і іх транзітам – гэта кантроль над іншымі ўдзельнікамі глабальнай эканомікі”. Выдатна гэта разумеючы, і Расія, і Захад будуць імкнуцца максімальна абмежаваць суб’ектнасць Украіны і Беларусі адносна ГТС і могуць дасягнуць зусім нечаканых кампрамісаў. Прынамсі, пра гэта сведчыць поўнае талераванне дэмакратычнай Еўропай пуцінскай аўтакратыі.

Перспектыва агульных дзеянняў – тэзісна:

* рэфармаванне існуючага рэжыму ў Беларусі ў дэмакратычным кірунку (кампраміс паміж рознымі галінамі і кірункамі апазіцыі і стварэнне агульных платформы і праграмы дзеянняў у палітычнай, эканамічнай і іншых сферах, канстытуцыйная змена ўлады, дэклараванне змены вектару знешняй палітыкі і бяспекі на еўраатлантычныя структуры);

* захаванне нацыянальнага кантролю над прадуктаправодамі, найперш – ГТС абедзвюх дзяржаў, прывядзенне транзітных тарыфаў у адпаведнасць з міжнароднымі нормамі фармавання і налічэнне як фіксаванай сумы адсоткаў ад кошту адзінкі транспартаванай прадукцыі;

* шырокамаштабная дамова аб суп рацоўніцтве дзяржаў Балта-чар наморскага басейна (Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, скандынаўскія дзяржавы, Беларусь, Украіна, Грузія, Турцыя); наладжванне іх супрацоўніцтва з краінамі Каспійскага басейна ў галіне нафтагазаздабычы і транспарціроўка энерганосьбітаў: фармаванне агульнага субрэгіянальнага “пояса бяспекі”;

* стварэнне агульнай стратэгіі і механізмаў супрацьдзеяння знешнім пагрозам (агрэсіі, эканамічнаму і палітычнаму дыктату, міжнароднаму тэрарызму і да т.п.).

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by

 

№ 6, чэрвень 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович