диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№01(№60)
студзень
2007
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ШУКАЕМ НАШЧАДКАЎ РОДУ ВАЙНІЛОВІЧАЎ

Дарагія суайчыннікі! Наспеў час звярнуцца да вас, каб прасіць вашай дапамогі сабраць усіх нашчадкаў роду Вайніловічаў, якіх раскідаў лёс па свеце. Эдвард Вайніловіч, фундатар касцёла св. Сымона і Алены, мае поўнае права быць асобай, прызнанай як на Беларусі, так і за яе межамі. Карані роду Вайніловічаў сягаюць глыбока ў стагоддзі і налічваюць больш за 400 гадоў сваёй радаслоўнай гісторыі. Эдвард Вайніловіч вядомы тым, што ўжо тады, на пераломе XIX і XX стагоддзяў, думаў, паступаў і жыў экуменічна побач з людзьмі розных веравызнанняў. У Макранах і Цімкавічах Вайніловічы пабудавалі цудоўныя святыні _ каталіцкі касцёл і велічную праваслаўную царкву.

Эдвард Вайніловіч нарадзіўся ў в. Сляпянка (цяпер гэта мікрараён Мінска), у маёнтку, які належаў бацькам яго маці, Эдварду і Міхаліне са слаўнага роду Манюшкаў і Ваньковічаў. Ён належаў да дзесятага пакалення славутага роду. Адзінаццатым сталіся яго дзеці, якія трагічна памерлі.

У 1861 г. Эдвард з медалём скончыў Слуцкую гімназію, у 1865 — паступіў у Пецярбургскі імператарскі тэхналагічны інстытут, у 1872 г. — стаў слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча), у 1876 г. з удзелам Э.Вайніловіча заснавана Сельскагаспадарчае таварыства на нашых землях, а ў 1882 г. ён бярэ шлюб з Алімпіяй Узлоўскай.

Праз усё жыццё Эдвард Вайніловіч паказаў сябе ўзорным, выхаваным у маральных і хрысціянскіх традыцыях чалавекам. У веры і малітве ён чэрпаў мужнасць, цярплівасць і вынослівасць у цяжкія гады, асабліва калі адно за другім паміраюць яго дзеці.

Жыве прыгожая легенда аб гісторыі стварэння Чырвонага касцёла. Неяк ноччу цяжка хворая Алена прысніла Маці Божую, якая паведаміла, што назаўтра чакае да сябе дзяўчынку і абяцала выканаць любое яе жаданне. Алена прасіла Маці Божую, каб яна дапамагла ачуняць. "Выслухай мяне ўважліва, — адказала Маці Божая. — Заўтра ты пойдзеш па шляху Божым да жыцця вечнага. Няхай бацькі ўсе свае багацці аддадуць на пабудову касцёла з чырвонай цэглы, бо чырвоны колер _ колер радасці. Гэты касцёл будзе для іх радасцю і суцяшэннем, бо вашы душы будуць наведваць яго і бацькі будуць адчуваць нябачны гаючы дотык крылаў да параненага бацькоўскага сэрца. Гэта аблегчыць боль і смутак па вас. Запомні, якім павінен быць гэты касцёл". Калі Алена прачнулася, яна папрасіла аркуш паперы, намалявала эскіз будучага касцёла, перадала жаданне Маці Божай і ціха сканала. У 1910 годзе ў Мінску асвячаецца касцёл у гонар св. Сымона, Апостала, і св. Алены, якая знайшла на Галгофе Крыж Хрыста Збаўцы.

Пра Эдварда Вайніловіча ведаюць і памятаюць не толькі ў тых мясцінах, дзе ён жыў і працаваў, але і далёка за межамі Беларусі: у Расіі, Літве, Польшчы, Украіне. Гавораць пра яго і архіўныя дакументы, тэксты яго выступленняў на сходах, кніга-двухтомнік яго ўспамінаў.

Прызначаны ў 1883 г. ганаровым міравым суддзёй Слуцкага павета, Вайніловіч 34 гады падпісваў рашэнні "ў імя яго царскай...", а з 1917 г. _ "у імя часовага ўрада". Абраны ў 1888 г. віцэ-старшынёй, а пасля старшынёй Менскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі (першай і да самай рэвалюцыі 1905 году адзінай не кантраляванай расейскім урадам, але легальнай грамадскай арганізацыі не толькі ў Мінскай губерні, але і ва ўсёй Беларусі), Эдвард Вайніловіч фактычна кіраваў яго дзейнасцю, пакуль яе не перапыніла Першая сусветная вайна і рэвалюцыя.

Як падаюць гістарычныя крыніцы, прэм'ер Сталыпін пасля ўзгаднення з міністрамі і царом Аляксандрам запрапанаваў Эдварду Вайніловічу пасаду віцэ-міністра, а пасля міністра сельскай гаспадаркі Расіі _ ад Уладзівастока да Варшавы. Эдвард Вайніловіч мае вялікія дзяржаўныя ўзнагароды і прызначэнні.

Але ў 1919 г. Эдвард вымушаны быў пакінуць родны край, зямлю, якую любіў усім сэрцам. Дух чалавечнасці і міласэрнасці Эдварда Вайніловіча яскрава праяўляецца і ў яго пілігрымным зямным жыцці ў горадзе Быдгашчы ў Польшчы, дзе ён пражыў свае апошнія гады. Эдвард Вайніловіч будуе вялікі дом для дзяцей-сірот і да канца свайго жыцця апякуецца імі. Нязломны, непахісны ў сваёй маралі, у сваёй духоўнай традыцыі Эдвард Вайніловіч становіцца патрыярхам усіх рэпатрыянтаў з Усходу, дапамагаючы кожнаму парадай.

Падчас яго пахавання суайчыннікі скажуць словамі Яна Лютоўскага: "Эдвард быў знічом-светачам, які свяціў асаблівым маральным святлом!"

Вайніловіч у сваіх успамінах не раз пісаў аб тым, што ён вельмі хацеў бы быць пахаваны ў роднай зямлі. Выконваючы яго волю, з дазволу і блаславенства Яго Эміненцыі кс. кардынала Казіміра Свёнтка, з дазволу міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Польшчы астанкі Эдварда Вайніловіча былі перавезены з Быдгашча ў Мінск. 11 чэрвеня 2006 г. адбылося жалобнае богаслужэнне і перапахаванне астанкаў заснавальніка касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла) Эдварда Вайніловіча.

21 лістапада 2006 г. адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма "Каля Чырвонага касцёла" ў Палацы Рэспублікі ў Мінску (рэжысёр Уладзімір Арлоў) пра фундатара і мецэната Эдварда Вайніловіча. Атрыманы дазвол улад на дэманстрацыю фільма, і ў бліжэйшы час яго пабачаць многія жыхары Беларусі.

У цяперашні час ідзе няспынны працэс падрыхтоўкі да падачы дакументаў на беатыфікацыю Эдварда Вайніловіча.

Пробашч касцёла св.Сымона і св.Алены

Ксёндз-магістр Уладыслаў Завальнюк

Увага! Поўны тэкст артыкула чытайце на нашым сайце www.zbsb.org

НАВІНЫ МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»

Новая кніга "Лялечны Дом"

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і Андрэй Каляда ў беларускім выдавецтве "Кнігазбор" выдалі цудоўны зборнік п'ес замежных драматургаў "Лялечны дом". Пераклад на беларускую мову зрабіў вядомы беларускі тэатральны педагог, перакладчык, сталы рупліўца на беларускай ніве — Андрэй Каляда.

У кнігу ўвайшлі пераклады (з рускай мовы на беларускую) такіх вядомых драматургічных твораў: Аляксандр Астроўскі "Даходнае Месца"; Мікалай Гогаль "Рэвізор"; Антон Чэхаў "Чайка", "Лебядзіная песня", "Тры сястры"; Іван Тургенеў "Месяц у вёсцы", "Правінцыялка"; Максім Горкі "Дзеці сонца"; Міхаіл Булгакаў "Кабала святош"; Мікалай Каляда "Птушка фенікс"; Леанід Малюгін "Насмешлівае маё шчасце"; Сурэндар Варма "Чалавек з пяццю абліччамі"; Альберт Гурней "Лісты Кахання"; Генрык Ібсен "Лялечны дом (Нора)"; Славамір Мрожак "Дом на мяжы"; Джон Озбарн. "Азірніся ў Гневе"; Стэфан Цанёў "Другая смерць Жанны д'Арк". Ва ўступным слове Андрэй Каляда распавёў аб сваёй творчай працы і "перакладчыцкім хобі".

Літаратурна-мастацкае выданне "Лялечны дом: п'есы замежных драматургаў у перакладзе Андрэя Каляды" выдадзена невялікім накладам у 300 асобнікаў. Сама кніга энцыклапедычнага фармату, у цвёрдай глянцавай вокладцы — цудоўны падарунак для аматараў драматургіі.

"Сцэнічная мова" — у падарунак

Пры арганізацыйнай падтрымцы МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" ў выдавецтве "Кнігазбор" выйшла кніга "Сцэнічная мова" вядомага аўтара Андрэя Каляды (кандыдата педагагічных навук, прафесара кафедры сцэнічнай мовы і вакалу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў).

"Сцэнічная мова" _ вучэбна-метадычны дапаможнік, у якім аўтар цудоўна апісвае змест і методыку прафесійнай падрыхтоўкі будучых артыстаў да самастойнага творчага жыцця. Кніга цудоўны тэарэтычна-практычны дапаможнік для выкладчыкаў, студэнтаў вышэйшых і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтва. 29 снежня ў Беларускай акадэміі мастацтваў А.Каляда зрабіў прэзентацыю сваёй новай кнігі.

Дзеля таго каб як мага большае кола спецыялістаў даведалася пра выданне унікальнага вучэбна-метадычнага дапаможніка, "Бацькаўшчына" зрабіла рассылку гэтай кнігі ў рэспубліканскія, абласныя, раённыя вышэйшыя і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы, у дзіцячыя мастацкія школы і гімназіі. Кнігі былі разасланыя ў 62 навучальныя ўстановы з мастацкім ухілам.

МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" і Андрэй Каляда выказваюць шчырую падзяку спадарыні Ірэне Калядзе-Смірновай, старшыні Дабрачыннага фонду "Ethnic Voice of America" (Парма, ЗША), за чынную дапамогу ў выданні гэтых кніг.

Інфармацыйны цэнтр
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

ВІНШАВАННІ

Віншуем!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" мае гонар павіншаваць з днём нараджэння сябраў Вялікай Рады арганізацыі, што нарадзіліся ў студзені: Анатоля Грыцкевіча, Вольгу Іпатаву, Міколу Купаву, Яраслава Раманчука, Генадзя Сагановіча, Ніну Шыдлоўскую (Беларусь), Міхася Сцепанюка (Польшча), Віктара Сулкоўскага (Расія), Зінаіду Клыга (Эстонія)!

Прыміце ад нас шчырыя пажаданні добрага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі.

Управа МГА "ЗБС Бацькаўшчына"
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае падзяку

Шчырую падзяку за падтрымку Згуртавання мы выказваем нашым сябрам: Рыце Гаціх і Іллі Глыбоўскаму (Чэхія).

Навіны сайта

Паважаныя сябры, наведвальнікі сайта! У нашай пастаяннай рубрыцы "Артыкулы" з'явілася праца Ніны Баршчэўскай "Беларуская меншасьць у Польшчы _ праблемы й дасягненьні". Гэты артыкул — аналітычная і глыбокая праца аўтара, прысвечаная беларусам паўночна-ўсходняй Польшчы.

У матэрыяле прааналізавана грамадска-палітычнае і культурнае становішча беларускай меншасці ў суседняй краіне, магчымасці захавання імі нацыянальных каштоўнасцяў, а таксама прычыны апалячвання часткі эмігрантаў. Спадарыня Баршчэўская дае і поўныя спасылкі на выкарыстаныя крыніцы, што вельмі карысна для навукоўцаў і тых, хто цікавіцца тэмай беларускага насельніцтва ў Польшчы і за мяжой.

Калі ласка, глядзіце абнаўленні рубрыкі "Артыкулы"! А таксама звяртайце ўвагу на штодзённае абнаўленне навінаў.

Інфармацыйны цэнтр
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

ПАДЗЕЯ

Канфлікт "Саюза", "чорнага паліва" і "белай смерці"

"Стварэнне Саюзнай дзяржавы з Беларуссю немагчыма без эканамічнай інтэграцыі" — такое меркаванне выказаў кіраўнік Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Расіі Герман Грэф, выступаючы ў Дзяржаўнай думе.

"Праблема ў тым, што ў нас з Беларуссю не рынкавыя адносіны, але самае сумнае нават не гэта, а тое, што ў нас не ідуць інтэграцыйныя працэсы і не выконваюцца міждзяржаўныя дамовы", — сказаў ён.

Па меркаванні кіраўніка МЭРГ РФ, зараз для стварэння Саюзнай дзяржавы неабходна: падпісанне Канстытуцыйнага акту, увядзенне адзінай валюты, развіццё адзінай рэгулятыўнай эканамічнай прасторы — усё гэта блакуе беларускі бок.

Па словах Г.Грэфа, у цяперашні час у Беларусі дзейнічае 59 абмежавальных працэдур, накіраваных супраць расійскіх вытворцаў. У рамках перамоў бакі дайшлі да таго, што адпаведная міжурадавая дамова аб адмене абмежавальных мер будзе падпісана ў найбліжэйшы час. Акрамя таго, Расія прыменіць меры ў дачыненні да сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусі, калі яна будзе выкарыстоўваць забароненыя субсідыі, заявіў Грэф. Па звестках міністра, за мінулы год "з бюджэту Расіі было накіравана 3,6 млрд.даляраў у бюджэт Беларусі і частка гэтых грошай была накіраваная на субсідзіраванне сельскай гаспадаркі". Акрамя таго, адзначыў ён, субсідзіраванне сельскай гаспадаркі Беларусі ў разліку на адзін гектар у тры разы перавышае расійскі ўзровень.

Канфлікт з-за "чорнага золата"

12 студзеня, позна ўвечары, расійскі прэм'ер Міхаіл Фрадкоў і яго беларускі калега Сяргей Сідорскі завяршылі двухтыднёвы канфлікт вакол паставак расійскай нафты ў Беларусь, фармальна ўрэгулявалі канфлікт. Масква пагадзілася замест $3,6 млрд. за год атрымоўваць ад Мінска ледзь болей за $1 млрд. Але канфлікт наўрад ці можна лічыць вычарпаным. Ужо 14 студзеня прэзідэнт Беларусі пачаў публічную кампанію супраць аднаго з самых амбіцыйных расійскіх праектаў — будаўніцтва Паўночна-Еўрапейскага газаправода.

У дамове ўвага надаецца тром прынцыповым пытанням. У арт. 1 — бакі прызнаюць, што нафта Расіі, якая пастаўляецца ў Беларусь, абкладаецца вывазной пошлінай, арт. 2 — вызначае памер пошлін у дачыненні да расійскай экспартнай пошліны на сырую нафту: каэфіцыент 0,293 у 2007 годзе; 0,335 — у 2008 годзе; 0,356 — у 2009 годзе. Пры гэтым дамова прадугледжвае ў адказ толькі адну саступку з боку Беларусі: у арт. 3 гаворыцца аб ураўноўванні пошлінаў на экспарт нафты і нафтапрадуктаў у дзвюх краінах.

Усё гэта, зразумела, знізіць прыбыткі беларускага бюджэту. Пры пошлінах ў $53 за тону ўвезенай у Беларусь нафты Расія адбярэ з агульнай сумы $1,08 млрд. — такім чынам, у Беларусі застанецца ад прыбыткаў нафтаперапрацоўкі толькі каля $570 млн. Такім чынам, Расія выйграла на канфлікце каля $1 млрд. у 2007 годзе ў цяперашніх коштах нафты, Беларусь — страціла 40% прыбыткаў ад нафтаэкспарту. У такіх умовах нядзіўна, што Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на аптымістычныя заявы беларускіх службоўцаў з нагоды дамовы па нафце, ужо праз два дні выступіў з новай крытыкай Расіі.

Канфлікт з-за "белай смерці"

У расійскай прэсе было зашмат публікацый аб энергетычных і харчовых канфліктах з Беларуссю. Апошняя праблема, якую ўсе абмяркоўвалі — пастаўкі беларускага цукру. Галоўны ціск з боку расійскай прэсы быў на тое, каб Масква абмежавала пастаўкі звыштаннага беларускага цукру на расійскі рынак і абараніла расійскую прамысловасць.

Напрыклад, у газеце "Известия" ў артыкуле "Белорусский" сахар — под запретом. Энергетический конфликт сменился продуктовым" (ад 16 студзеня 2007 г.) разглядалася пытанне: які цукар і па якім кошце Беларусь увозіць у Расію: "Беларусь увозіць у нашу краіну цукар бяспошлінна. Адзінае абмежаванне — пастаўляць цукар уласнай вытворчасці. Гэта значыць бураковы. Але братняя рэспубліка разумее мытную вольніцу па-свойму. У Расію ідзе бесперапынны струмень таннай прадукцыі, вырабленай з... трыснягу. Які, як вядома, у Беларусі не вырабляецца. А прывозіцца з краін Лацінскай Амерыкі (гэты факт быў ужо даказаны экспертызай).

Зрэшты, досыць зірнуць на лічбы. Штогод беларусы з'ядаюць каля 350 тысяч тон салодкага прадукту. Прамысловасць жа вырабляе прыкладна 400 тыс. тон. Атрымоўваецца, што ў Расію Беларусь павінна штогод пастаўляць не больш за 50 тон цукру. Па дадзеных жа кампаніі "Союзроссахар", аб'ём паставак з Беларусі ў апошнія гады даходзіў да... 480 тыс. тон. Нядзіўна, што "братэрскага" цукру на нашым рынку — трэць ад усяго імпарту...

Мы цалкам можам забяспечыць сябе цукрам самі, — лічыць намеснік старшыні кіравання "Союзроссахара" Сяргей Міронаў. — Бо ў Расіі каля 80 цукровых заводаў, а ў Беларусі толькі чатыры. Да таго ж перапрацоўка цукру нам абыходзіцца танней, чым суседзям, — у нас энерганосьбіты таннейшыя".

17 студзеня была прынятая дамоўленасць па цукру. Як паведамляе БелТА, Беларусь сама ўзяла на сябе цяжар абмежавання паставак на расійскі рынак да 180 тыс. тон у бягучым годзе і да 100 тыс. тон — у наступным.

Паводле газет "КоммерсантЪ", "Известия",
агенцтваў БелТА, АФН і belaruspartisan.org

2007, 18 студз.

НАВІНЫ

Антверпен, Бельгія

У бельгійскім Антверпене ўжо больш за тры гады існуе грэка-каталіцкая беларуская царква, якая створаная супольнымі намаганнямі беларусаў, што жывуць у Бельгіі і іншых суседніх краінах. Гэта, бадай, адзіны выпадак у Еўропе сярод беларусаў-эмігрантаў новай хвалі.

Кожную нядзелю ад 11 гадзін у царкве ўжо чуваць беларускую мову. Павал Хівук, беларускі студэнт з французскага Ліля, едзе ў Антверпен, каб весці заняткі ў царкоўнай школе для дзяцей вернікаў-беларусаў.

Імшу праводзіць айцец Ян Майсейчык , без высілкаў якога беларускай царквы ў Антверпене не было б. На імшы прысутнічаюць звычайна 20-40 беларусаў. У часе набажэнства вернікі моляцца не толькі за Беларусь, але і за суседнія народы.

Для беларусаў-вернікаў царква мае не толькі рэлігійнае значэнне — тут нават не ўжываецца слова прыход, але менавіта супольнасць. Напрыканцы кожнага набажэнства абавязкова гучыць гімн "Магутны Божа".

Паводле радыё "Свабода"

Нью-Йорк, ЗША

20 студзеня Беларускім Моладзевым Рухам Амерыкі быў праведзены пікет супраць антыбеларускай палітыкі Расіі і ў падтрымку дэмакратыі на Беларусі. Пікет ладзіўся каля расійскага консульства ў Нью-Йорку. У акцыі ўзялі ўдзел каля 20 сяброў БМРА з Нью-Йорка, Нью-Джэрсі, Пенсільваніі і штата Масачусіц. Пад час пікету быў зачытаны зварот Зянона Пазняка да беларускай моладзі, а таксама агучаны патрабаванні аб вызваленні палітвязняў.

Акцыя ладзілася сумесна і ў падтрымку Маладога Фронту і іх зняволенага лідэра Змітра Дашкевіча. Адначасова на Беларусі былі праведзены шэраг акцый пратэсту ў Салігорску, Слуцку, Любані, Старобіне і Старых Дарогах.

Да пачатку акцыі на месцы правядзення пікету быў заўважаны чалавек у цывільным. На нашу прапанову падтрымаць акцыю ён збянтэжыўся і знік. Падчас акцыі ён некалькі разоў праходзіў ля пікету і рабіў фотаздымкі. Пры канцы акцыі ён спыніўся на ганку расійскага консульства і пачаў здымаць мітынгоўцаў на відэа.

Жыхары Нью-Йорка, што праходзілі побач, выказвалі падтрымку і жадалі свабоды Беларусі. Таксама трэба адзначыць, што ў адрозненне ад беларускай міліцыі, якая збівае і кідае за краты свой народ, нью-йоркская паліцыя ставілася да мітынгоўцаў з павагай.

Беларускі Моладзевы Рух Амерыкі

Рыга, Латвія

Каляды ў Латвійскім таварыстве беларускай культуры "Світанак" _ адно з традыцыйных святаў.

Вельмі дрэннае надвор'е напярэдадні старога Новага года не перашкодзіла святу 13 студзеня. У Шчодры вечар, у будынак Асацыяцыі нацыянальных таварыстваў Латвіі, прыйшло больш як паўсотні тых, каму важна адчуваць сябе беларусам і на адлегласці ад радзімы захоўваць родную мову, традыцыі, абрады _ усё, што мы зараз называем этнічнай ідэнтычнасцю. Традыцыйна на свята прыходзяць павіншаваць беларусаў прадстаўнікі нацыянальнасцяў гістарычна нам блізкіх _ латышы, украінцы, рускія, палякі, габрэі, летувісы. Не сталі выключэннем і Каляды-2007, прадстаўнікі габрэйскага і ўкраінскага культурных таварыстваў упрыгожылі беларускае свята сваімі спевамі.

Павіншаваў усіх прысутных і "світанкаўцаў" таксама замежны госць _ аспірант з польскага горада Торунь Томаш Блашчака, які прыехаў у Рыгу збіраць матэр'ял для сваёй доктарскай працы, прысвечанай дзейнасці беларускіх арганізацый у Латвіі ў міжваенны перыяд, і завітаў на нашу вечарыну.

Шмат віншаванняў прыйшло на адрас таварыства "Світанак" з усяго свету. Старшыня таварыства зачытала некаторыя віншаванні і пажаданні латвійскім беларусам: ад пасольства РБ у Латвіі і прызначанага ў мінулым годзе пасла Аляксандра Герасіменкі, ад Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", Рыжскай беларускай асноўнай школы, Таварыства беларускай культуры ў Літве і інш.

З надзеяй на новыя сустрэчы і на Боскае спрыянне ўсім беларусам свету, як прагучала ў пажаданні ад ЗБС "Бацькаўшчына", развітваліся беларусы ў Шчодры вечар 2007 года...

Таццяна Казак
Латвійскае таварыства
беларускай культуры "Світанак"

Даўгаўпілс, Латвія

14 студзеня было праведзена цудоўнае навагодняе мерапрыемства для дзяцей-беларусаў, на якое было запрошана шмат гасцей. Падарункі ад Дзеда Мароза атрымалі не толькі дзеці нядзельнай беларускай школы, але і дзеці з 6-й сярэдняй школы, якія вывучаюць беларускую мову, а таксама ўсе тыя, хто прыйшоў на наша свята ў навагодніх масках.

Ад генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь дзеці атрымалі вялікі прыгожы торт і шчырае віншаванне. Асаблівым падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне беларускага хору хлопчыкаў "Пеўнікі" з горада Маладзечна, які менавіта ў гэтыя навагоднія дні браў удзел у міжнародным фестывалі духоўнай музыкі "Сярэбраныя званы". Фестываль гэты першы і адзіны ў Латвіі. Аўтар ідэі і мастацкі кіраўнік фестывалю Яўген Усцінкоў запрасіў 100 калектываў. У агульнай песні-малітве злілося 1580 галасоў з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Беларусі, Украіны, Расіі і Германіі. У групе дзіцячых хароў першае месца атрымаў хор "Ліра" з Мінска.

Сярод эстрадных салістаў у старэйшай групе трэцяе месца заняла таксама наша суайчынніца Вікторыя Матусевіч з Мінска. У камандзе журы былі такія знакамітыя асобы як Я.Зірнітыс — прафесар Латвійскай музыкальнай акадэміі (Латвія), Э.Улеоя — прафесар Эстонскай дзяржаўнай акадэміі музыкі, У.Роўда — прафесар, акадэмік, мастацкі кіраўнік Беларускага радыё і тэлебачання (Беларусь), В.Пучкова — дырэктар камернага хору Днепрапятроўскай філармоніі і іншыя.

Таццяна Бучэль. Даўгаўпілс

Даўгаўпілс, Латвія

У Цэнтры беларускай культуры пачала сваю дзейнасць школа развіцця "Вясёлка", якую змогуць наведваць дзеці ва ўзросце ад 2 да 7 гадоў. Заняткі праходзяць два разы на тыдзень: аўторак і пятніца, раніцай — 10.30 - 11.30, увечары — 17.00 - 18.00 (выкладчыкі Эльвіра Рудзітэ і Таццяна Блізнакова). Для дарослых арганізаваны заняткі па латышскай мове: панядзелак і чацвер 18.00 - 19.00 (выкладчык Аніта Пяткун). Плануецца выкладанне беларускай мовы для дзяцей і дарослых.

Таццяна Бучэль. Даўгаўпілс

Вентспілс, Латвія

Паважаныя сябры! Запрашаем вас да ўдзелу ў Днях беларускай культуры ў Вентспілсе, якія адбудуцца з 30 чэрвеня па 1 ліпеня 2007 года. Мерапрыемства арганізуюць беларуская суполка "Спадчына" і Вентспілская Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў пры падтрымцы Вентспілскай гарадской думы.

Сёлета Дні беларускай культуры ў Вентспілсе пройдуць ужо ў трэці раз. Тэматыка Дзён _ ад Ліга да Купалы, галоўная мэта _ пазнаёміць жыхароў і гасцей Вентспілса з прыгажэйшымі традыцыямі святкавання Купалля ў беларусаў.

Арганізатары мерапрыемства аплачваюць аднаму гасцявому калектыву 2-дзённае пражыванне з харчаваннем у Вентспілсе і выдаткі на транспарт. Ёсць магчымасць арганізаваць экскурсію па Вентспілсе _ горадзе з сярэднявечнай гісторыяй і развітай сучаснай турыстычнай інфраструктурай.

Гасцям Дзён беларускай культуры апрача ўдзелу ў Купальных гуляннях, якія адбудуцца 1 ліпеня ў Прыморскім музеі пад адкрытым небам, прапануецца даць асобны канцэрт на адной з адкрытых пляцовак Вентспілса ў суботу, 30 чэрвеня.

Запрашаем дасылаць заяўкі на ўдзел у "Днях беларускай культуры ў Вентспілсу-2007" да 31 сакавіка 2007 г. на электронны адрас lena@ventasbalss.lv. Тэлефоны для даведак: +371-2-951-43-30, +371-36-29-574, 36-65-765 (вечарам). Да заяўкі просім прыкласці кароткае апісанне калектыву, колькасць удзельнікаў, праграму выступлення, пажаданні да арганізатараў мерапрыемстваў, кантакты.

Больш поўную інфармацыю глядзіце на сайце www.svitanak.lv Да сустрэчы ў Вентспілсе!

З павагай, Алена Нарушэвіч _ намеснік старшыні
Вентспілскай беларускай суполкі "Спадчына"

Вільнюс, Літва

10 студзеня апеляцыйны суд Літвы атрымаў паведамленне ад пасольства Рэспублікі Беларусь, што на Літву пададзена скарга за парушэнне Еўрапейскай канвенцыі аб экстрадыцыі. Апеляцыйны суд Літвы пачаў разглядаць скаргу грамадзяніна Беларусі Сяргея Моніча, які падазраецца ў шпіянажы, адносна рашэння аб яго выдачы Польшчы.

40-гадовы грамадзянін Беларусі Сяргей Моніч быў затрыманы ў Вільні 22 лістапада 2006 г., яго абвінавацілі ў шпіянажы супраць Польшчы, а Генеральная пракуратура Літвы распачала расследаванне аб магчымай яго дзейнасці і супраць Літвы. У судзе С.Моніч заявіў, што Польшча вінаваціць яго ў злачынстве палітычнага характару, а Літва не можа выдаваць асобаў падазроных у такіх злачынствах.

11 студзеня Літоўскі апеляцыйны суд (ЛАС) пастанавіў: "Суд вырашыў, што аргументы скаргаў, якія сцвярджаюць, што злачынства, у якім вінаваціцца падазраваны грамадзянін Беларусі, з'яўляецца палітычным, неабгрунтаваныя, таму ён падлягае выдачы", — паведаміла судовы прэс-сакратар Крысціна Пятрашэне. Зыходзячы з гэтага, ЛАС адхіліў скаргі С.Монича і яго адвакатаў на рашэнне Вільнюскага акруговага суда аб яго выдачы Польшчы. Рашэнне ЛАС з'яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае.

Паводле радыё "Свабода" і Інтэрфакс

Вільнюс, Літва

13 студзеня 2007 г. ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве адбылося святкаванне старога Новага года. Распачаў імпрэзу старшыня ТБК Хведар Нюнька, ён павіншаваў прысутных з Новым 2007 годам, пажадаў плёну ў асабістым і грамадскім жыцці, больш рабіць намаганняў і высілкаў на карысць Бацькаўшчыны. У прыватнасці, адзначыў працу Вацлава Гульбіновіча — кіраўніка Вяркяйскай сянюніі, якая заняла першае месца сярод дваццаці ў горадзе па выніках працы за мінулы год, а Вацлаў яшчэ з'яўляецца чальцом рады ТБК, дзе таксама шмат працы.

Наступным выступоўцам быў сябра таварыства, карэспандэнт радыё "Палонія" Андрусь Старавойтаў. Ён эмацыянальна распавёў пра палітычнае становішча на Беларусі. Алесь Адамковіч распачаў цыкл лекцый "Беларускія карані на Віленшчыне", першую лекцыю прысвяціў ксяндзу Юрыю Матулевічу — шчыраму абаронцу вернікаў-беларусаў. Андрусь Старавойтаў праспяваў гімн "Магутны Божа" на словы Наталлі Арсенневай. Мастак Алег Аблажэй паказаў апошнія ілюстраваныя ім кнігі казак, якія выйшлі ў выдавецтвах Літвы, Расіі, Польшчы, падзяліўся творчымі планамі.

Пры канцы афіцыйнай часткі прысутныя ў залі паглядзелі відэафільм "Белы легіён", зняты польскім рэжысёрам у 2006 г., які сваім патрыятычным зместам нікога не пакінуў раўнадушным. Завяршылася мерапрыемства за святочным сталом. Так цікава і змястоўна ў ТБК адсвяткавалі Калядкі, праводзілі Стары і сустрэлі Новы год.

Леакадзія Мілаш, Вільня

Іркуцк, Расія

Не адзін год Моладзевы клуб "Крывічы" арганізуе тэматычныя вечары для моладзі, якія завуцца "Вячоркі". 22 снежня яны праходзілі ў Доме Сяброўства. Вечар быў падзелены на дзве часткі: першая — правядзенне майстар-класаў па саломапляценні, беларуска-сэнсаваму гафту і г.д Потым захапленне агульнай працай перайшло ў агульную весялосць, распачалася другая частка вечара — танцы. Таньчылі старажытныя бытавыя беларускія танцы. З нарастаннем рытму музыкі нарастала і цікавасць, і ніхто нават не заўважыў, што адскакаў як мінімум пяць розных танцаў — "Лявонiха ў двойках", "Лявонiха ў тройках", "Маразуля", "Кракавяк", "Полька".

"Вячоркі", арганізаваныя нашым Моладзевым клубам "Крывічы" адрозніваюцца ад тых, што былі даўным-даўно, але тым не менш такая форма правядзення моладзевага вольнага часу ёсць, і ўсіх ахвотных узяць удзел запрашаем да нас.

Аксана Хвясюк,
сябра МК "Крывiчы" ІТБК

Іркуцк, Расія

7 студзеня ў сярэдняй школе № 65 адбыліся Каляды, арганізаваныя Іркуцкім Таварыствам Беларускай Культуры. Па традыцыі іркуцкія беларусы збіраюцца ў гэты дзень разам, каб адзначыць сваё старажытнае нацыянальнае свята Каляды.

Усё свята праходзіла ў тры аддзяленні. Першае — урачыстая частка, калі госці бачаць, як калядавалі нашы продкі з даўніх часоў, водзяць карагод, юныя паненкі варожаць на жаніха, пяюць народныя і аўтарскія песні.

Уладзімір Рыжанкоў, чалец абласной Рады ІТБК, акампануючы сабе на гармоніку, выканаў песню "Каханы мой". Адзін з актывістаў Таварыства Алесь Дзямідаў пад гітару праспяваў "Простыя словы" і "Песні начных сустрэч". І Моладзевы клуб "Крывічы" пацешылі гасцей сваім талентам — са сцэны загучала песня "Прымак". Адным з сюрпрызаў свята стаў выступ вядомай рок-спявачкі Касі Камоцкай, якая адмыслова прыехала з Беларусі.

Затым пачалася другая частка вечара, якая аб'ядноўвае людзей — застолле. Прамаўляліся тосты, з Калядамі і Новым годам Таварыства і ўсіх гасцей павіншавалі Баляслаў Шастаковіч, прадстаўнік польскай аўтаноміі "Крэсіва", Фагіля Хасанаўна, кіраўнік татарскага інтэлектуальнага клуба гарадской аўтаноміі "Ватан", а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Завяршальным этапам мерапрыемства стала дыскатэка. Пад беларускую музыку выконвалі беларускія танцы. Шмат прыемных уражанняў, усмешак і добрага настрою падаравала гасцям гэтае свята. І я думаю, усе ўдзельнікі будуць з нецярпеннем чакаць наступнага года, каб зноў сабрацца ўсім разам і адсвяткаваць Каляды.

Аксана Хвясюк,
сябра МК "Крывічы" ІТБК

Іркуцк, Расія

У гэтым годзе ў Іркуцк на Каляды з Беларусі прыехала вядомая рок-спявачка Кася Камоцкая. 8 студзеня 2007 года Іркуцкае Таварыства Беларускай культуры імя Я. Чэрскага арганізавала ў Доме акцёра творчую сустрэчу-канцэрт лідэра вядомага беларускага гурта "Новае Неба" (стыль — жорсткі indie-rock), узнагароджанага рок-каронай Беларусі. Гэты гурт можна параўнаць з вядомым усім "Led Zeppelin".

На яе канцэрце ў Іркуцку гледачы змаглі не толькі пазнаёміцца з творчасцю спявачкі, але і наблізіцца да сучаснай беларускай культуры, і, што вельмі важна для беларусаў Іркуцка, — пачуць беларускую гаворку!

Алены Сіпакова
сябра ІТБК імя Я. Чэрскага

Кемерава, Расія

Кузбас рыхтуецца да Чэмпіянату свету па хакеі з мячом. Зборная Беларусі нечакана прыляцела ў Кемерава на двухтыднёвы збор. Арганізатары здзівіліся, але выгляду не падалі. Беларусы прыляцелі ў Кемерава яшчэ 12 студзеня, не паведаміўшы нікому з аргкамітэта, пасяліліся ў самым цэнтры горада, і толькі праз тры дні галоўны трэнер і прэзідэнт Беларускай федэрацыі бэндзі вышлі на сувязь з арганізатарамі Чэмпіянату свету.

Віной такому ранняму з'яўленню беларускай зборнай у Кемераве стала надвор'е. Імі планавалася правесці трэніровачны збор у Краснагорску, аднак, ратуючыся ад цёплай еўрапейскай зімы, што растапіла не адзін каток, вырашылі ехаць адразу ў сталіцу першынства планеты.

Кемерава сустрэла зборную Беларусі лёгкім снегападам і маразамі, хакеістам нават прыйшлося выцягваць з гурбаў аўтобус, які забуксаваў каля іх гатэля. Пазнаць у маладых, усмешлівых хлопцах хакеістаў, якія прыехалі адстойваць гонар сваёй краіны на Чэмпіянаце свету, магчыма было толькі па вялікіх торбах і чахлах з клюшкамі. Ні аднаго прафесійнага іграка ў хакей з мячом у складзе зборнай Беларусі зараз няма. У камандзе толькі прафесіяналы хакея з шайбай. Аднак прыналежнасць да нацыянальнай зборнай, напэўна, нівеліравала адрозненні двух відаў спорту.

Паводле "Государственная телерадиовещательная компания "Новосибирск"

Масква, Расія

Беларускае Зямляцтва Масквы адзначыла Каляды. Была традыцыйная куцця з арэхамі ды разынкамі, калядная зорка, калядоўшчыкі з казою, варажэнні на саломе, беларуская музыка, спевы ды карагоды.

Свята атрымалася сапраўды беларускім, цёплым, вельмі вясёлым. Кожны меў магчымасць паўдзельнічаць, а хтосьці ўпершыню пазнаёміцца з каляднымі звычаямі ды абрадамі. Гучалі беларускія жарты-прымаўкі, а калядоўшчыкаў шчодра адорвалі, дзяўчаты гадалі, ці знойдуць свайго суджанага ў наступным годзе. Вялікай папулярнасцю карысталася сапраўдная вясковая гарэлка, ды магчымасць сфатаграфавацца з вядучым, апранутым ў беларускі строй.

Здаецца, усе на некалькі гадзін забыліся, што знаходзяцца далёка ад Беларусі. Гэта быў наш маленькі калядны цуд. Водгук пра праведзенае мерапрыемства магчыма паглядзець на форуме Maskva.net у адпаведнай тэме.

Інфармацыя ад Алены Кміт

Масква, Расія

Адкрыццё помніка беларускаму паэту Янкі Купале на Кутузаўскім праспекце ў Маскве адбудзецца ў другім — трэцім квартале 2007 года. Плануецца таксама ажыццявіць новы пераклад з беларускай на рускую мову і выдаць паэму народнага паэта Беларусі Якуба Коласа "Новая зямля" ў сувязі са 125-годдзем з дня яго нараджэння. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні рэгіёнаў Расіі МЗС Беларусі.

Тут высока ацанілі супрацоўніцтва Беларусі і расійскай сталіцы ў гуманітарна-культурнай і сацыяльнай сферах. У гэтым годзе плануецца падрыхтаваць і падпісаць Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры паміж беларускім Міністэрствам культуры і Камітэтам па культуры Масквы на 2008-2009 гады. Чакаецца таксама заключэнне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Дэпартаментам аховы здароўя Масквы.

Сёлета будзе прадоўжана работа па падтрымцы беларускай дыяспары ў Расіі. У Маскве адбудзецца Фестываль самадзейных калектываў беларускіх зямляцтваў Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі". На гэты год запланавана таксама правядзенне ў Маскве ІІІ з'езда беларусаў, якія пражываюць у Расійскай Федэрацыі.

Паводле існуючай традыцыі, беларускія школьнікі — выхаванцы дзіцячых дамоў — у перыяд школьных вакацыяў будуць адпачываць у Маскве. А на возеры Селігер будзе арганізаваны маладзёвы лагер працы і адпачынку з удзелам моладзі Беларусі і расійскай сталіцы.

Паводле Polskie Radio Polonia

Швецыя

Шведскія прыярытэты міжнароднай дапамогі будуць перагледжаныя. Аб гэтым паведаміла шведскі міністр міжнароднага развіцця, спадарыня Гуніла Карлсан. Плануецца дэталёва даследаваць структуру шведскай міжнароднай дапамогі і магчыма зменшыць колькасць краін, куды яна накіроўваецца. Урад і раней заяўляў аб намеры больш дапамагаць афрыканскім краінам. А пакуль што новыя праекты, якія разглядае Шведскае агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва і развіцця СІДА (SIDA), могуць быць разлічаныя не далей як да 2008 года.

Сярод краін, якім дапамагае Швецыя, ёсць і Беларусь, якая, напрыклад, у 2005 г. атрымала ад Швецыі 28 834 000 крон (каля 4 мільёнаў долараў ЗША) — з іх 11 мільёнаў крон на дапамогу ў сферы дэмакратызацыі і абароны правоў чалавека, больш за 8 мільёнаў крон на дапамогу ў сферы аховы здароўя і больш за 4 мільёны крон на адукацыю.

Паводле "Радыё Швецыя"
2007. 10 студз.

ВЕСТКІ

Грамадства

***

"Амерыка будзе працягваць выступаць за справу свабоды ў такіх кропках, як Куба, Беларусь і Бірма, і будзем працягваць абуджаць сумленне свету дзеля ратавання людзей у Дарфуры",— адзначыў у сваім звароце да ўдзельнікаў пасяджэння палаты прадстаўнікоў і сената кангрэса ЗША Джордж Буш. Гэта адбылося ў аўторак, 23 студзеня, падчас выступлення прэзідэнта ЗША са штогадовым дакладам "Аб становішчы ў краіне".

Джордж Буш нагадаў, што Злучаныя Штаты _ гэта краіна, якая знаходзіцца ў стане вайны з тэрарызмам. У сваёй прамове ён папрасіў кангрэс павялічыць колькасць сухапутных сіл і войскаў марской пяхоты на 92 тысячы чалавек цягам наступных пяці гадоў, стварыць у ЗША Корпус грамадзянскіх рэзервістаў.

Паводле "Wirtualna Polska"
2007. 23 студз.

***

13 студзеня Джордж Буш падпісаў ініцыяваны амерыканскім кангрэсменам-рэспубліканцам Крыстаферам Смітам "Акт аб дэмакратыі і падтрымцы правоў чалавека ў Беларусі". "Аляксандр Лукашэнка _ апошні дыктатар у Еўропе", — гаворыць ініцыятар Акту аб дэмакратыі ў Беларусі Крыстафер Сміт. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі прадугледжвае ў 2007 і 2008 гадах падтрымку дзейнасці, скіраванай на пабудову дэмакратыі ў Беларусі, падтрымку недзяржаўных арганізацый, моладзевага руху, незалежных прафсаюзаў, незалежных СМІ, дэмакратычных палітычных партыяў...

Паводле радыё "Свабода"
2006, 17 студз.

***

З 18 па 20 студзеня ў Мінск прыязджаў старшыня Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Рэне ван дэр Ліндэн. 19 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску ён сказаў, што абмяркоўваў з беларускімі палітычнымі дзеячамі тэму выкрадання і забойстваў у Беларусі лідэраў беларускай апазіцыі, аднак аб якіх-небудзь пэўных выніках гэтай гутаркі гаварыць не стаў. На пытанне журналістаў аб тым, навошта старшыня ПАСЕ прыехаў у Беларусь, калі беларускія ўлады не выканалі ні адной умовы ПАСЕ па дэмакратызацыі Беларусі, Ван дэр Ліндэн адказваў, што ён не з тых палітыкаў, хто патрабуе выканання ўмоў без якіх-небудзь крокаў насустрач. Ён, маўляў, з тых, хто гатовы першым працягнуць руку.

І гэта пры тым, што ў турму да палітвязня Аляксандра Казуліна яго не пусцілі, хаця гэта было адным з асноўных патрабаванняў. Але ван дэр Ліндэн з гонарам гаварыў, што яму дазволілі сустрэцца з жонкай Казуліна _ Ірынай _ і за гэта ўладам вялікае дзякуй.

"Безумоўна, гэты візіт ніяк нельга разглядаць як падтрымку дэмакратычных сіл і дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Мы ведаем, што любое паслабленне з боку міжнародных арганізацый і дэмакратычных дзяржаў вядзе да ўзмацнення рэпрэсіяў, да пагаршэння стаўлення да палітвязняў і развязвання рук рэжыму. Думаю, што нават ван дэр Ліндэн упэўніўся ў адсутнасці магчымасці для дыялогу", — заявіў міжнародны каардынатар Хартыі'97 Андрэй Саннікаў, каментуючы візіт старшыні ПАСЕ ў Беларусь.

Паводле "Хартыя'97"

***

5 студзеня адбылася сустрэча экс-кандыдата ў прэзідэнты А.Казуліна з адвакатам Ігарам Рынкевічам. 12 студзеня асуджанага наведаў адвакат Д.Гарачка, пасля чаго распавёў аб некаторых выніках візіту: стан здароўя Аляксандра Казуліна здавальняючы. Ён паступова выходзіць з галадоўкі. Нягледзячы на фізічныя пакуты, Аляксандр Казулін поўны энергіі, і настрой яго бадзёры.

Адзінай праблемай, аб якой палічыў патрэбным распавесці адвакату А.Казулін, з'яўляюцца ўзаемаадносіны з адміністрацыяй калоніі. Камандзір атрада і намеснік начальніка калоніі па ідэалогіі спрабуюць зламаць яго маральна, нацкоўваюць на яго іншых асуджаных, прыдзіраюцца да яго па ўсякіх дробных прычынах, ходзяць за ім літаральна па пятах. На Каляды Казуліну, адзінаму з усіх асуджаных, не было дазволена пайсці ў царкву, якая знаходзіцца на тэрыторыі калоніі. Аляксандр Казулін мае намер падаць скаргу ў Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВН) на дзеянні кіраўніцтва калоніі. Адвакат лічыць, што ў такіх умовах нармальны выхад з галадоўкі здзяйсняць А.Казуліну цяжка.

Асуджаны папрасіў адваката перадаць словы вялізнай падзякі ўсім, хто павіншаваў яго з навагоднімі і каляднымі святамі, бо адказаць на такую вялізную колькасць віншаванняў ён проста не ў стане.

Паводле nv-online.info і kozylin.com
2007. 15 студз.

***

Павел Севярынец адбывае двухгадовае пакаранне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна. Малады палітык не толькі валіць лес, але і паспявае весці актыўную дзейнасць. Ён нават арганізаваў і ўзначаліў суполку "Таварыства беларускай мовы". І вось Севярынец вырашыў зрабіць чарговую добрую справу. Усталяваць памятны знак і дошку у гонар перамогі беларуска-польскага войска над маскоўскім, у часы Лівонскай вайны.

Службоўцы паставіліся да прапановы асуджанага палітыка на здзіўленне цёпла. Накіраваны ім ліст быў разгледжаны ў Полацкім райвыканкаме, на месца нават выязджалі намеснік старшыні і начальнік аддзела культуры. Разам з старшынёй Маласітненскага сельсавета Галінай Івановай яны вырашылі ініцыятыву падтрымаць. Вось толькі тэкст надпісу пакуль узгадняецца. Варыянт Севярынца аб тым, што "беларуска-польскае войска пабіла маскавітаў" здаўся ўладам занадта палітычным. Пасля таго як знак будзе ўсталяваны, Малое Сітна, верагодна, уключаць у турыстычныя маршруты Полаччыны.

Паводле "Комсомольская правда в Беларуси"
2007. 24 студз.

***

На канферэнцыі 16 студзеня пасол ФРГ у Беларусі М.Хекер аб'явіў, што кошт Шэнгенскай візы для беларусаў павысіўся з 35 да 60 еўра. "Стаўка, якая была раней, не пакрывала выдаткаў, неабходных для таго, каб выдаваць біяметрычныя візы. Аб гэтым сведчыць досвед Францыі. А менавіта такія дакументы неабходныя ў мэтах бяспекі", — гаворыць пасол.

У той жа час нямецкі дыпламат паведаміў, што кіраўніцтва Еўрасаюза разглядае магчымасць спрашчэння выдачы віз для беларусаў, у якіх ёсць цесныя і роднасныя сувязі з жыхарамі ЕС.

У сваю чаргу, 5 кастрычніка 2006 г. ЕС прапанаваныя правілы спрашчэння ўезду на сваю тэрыторыю жыхароў памежных з ім раёнаў суседніх краін (з'явіцца бязвізавы "пропуск на перасячэнне мяжы"). Але новыя правілы ўступяць у сілу толькі пасля прыняцця прапановы Еўракамісіі аб вызваленні жыхароў прымежных раёнаў ад атрымання візы.

Паводле радыё "Свабода" і telegraf.by

***

Падрыхтаваны праект дамовы паміж Беларуссю і Італіяй аб аздараўленні беларускіх дзяцей на тэрыторыі Італьянскай Рэспублікі. Аб гэтым паведаміла намеснік міністра адукацыі Беларусі Таццяна Кавалёва.

"Асноўныя пункты дамовы замацоўваюць разуменне абодвума бакамі паняцця гуманітарнага працэсу і абавязкі бакоў, накіраваныя на забеспячэнне бяспекі знаходжання дзяцей за мяжой", — сказала Т.Кавалёва. У дамове пазначана прызнанне абодвума бакамі, што беларускія дзеці, адпраўленыя на аздараўленне ў Італію, з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі і на тэрыторыі Італьянскай Рэспублікі захоўваюць усе правы, вызначаныя нацыянальным беларускім заканадаўствам.

Яна адзначыла, што "ёсць падставы меркаваць, што гэта дамова будзе падпісана". Намеснік міністра падкрэсліла, што пасля падпісання дакумента дзеці-сіроты, якія зараз могуць выязджаць на адпачынак у Італію толькі ў спецыяльна арганізаваныя месцы (лагеры, базы адпачынку), у далейшым ізноў змогуць адпачываць у італьянскіх сем'ях.

Паводле БелаПАН і АФН
2007, 12 студз.

Эканоміка

***

11 студзеня кіраўнік расійскай Федэральнай службы ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Сяргей Данкверт паведаміў, што з гэтага моманту Расія будзе імпартаваць мяса, малако і рыбу з Беларусі толькі з атэставаных Рассельгаснаглядам прадпрыемстваў.

Як распавялі "Газете.Ru" ў Рассельгаснаглядзе, "пакуль ніводнае жывёлагадоўчае прадпрыемства Беларусі расейскім ведамствам акрэдытаванае не было. План акрэдытацыі з'явіўся 15 студзеня на сустрэчы кіраўнікоў ветэрынарных службаў Беларусі і Расіі.

Ад уведзеных санкцый пацерпяць, у прыватнасці, "Савушкін прадукт", "Белавежскія сыры", "Бярозка" і іншыя кампаніі, што асвойвалі расійскі рынак. Таксама сельскагаспадарчыя санкцыі ўдараць па мясакамбінатах і, адпаведна, жывёлагадоўчых комплексах.

Выканаўчы дырэктар Малочнага саюзу Расіі Уладзімір Лабінаў 10 студзеня нават выказаў думку, што на беларускую малочную прадукцыю варта ўвесці паўнавартасныя пошліны ў памеры 15%. Толькі гэта, на ягоную думку, можа ўратаваць Расію ад беларускага дэмпінгу і рээкспарту.

Паводле газеты "Наша Ніва"

***

Лідэры руху прадпрымальнікаў заявілі, што рыхтуюць шэраг акцый пратэсту супраць прыняцця ўказу прэзідэнта Беларусі № 760, які, па меркаванні кіраўніка каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева, не пакідае ім магчымасці на існаванне.

Указам прэзідэнта Беларусі № 760 унесеныя змены і дадаткі ва ўказ ад 18 чэрвеня 2005 года № 285 "Аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці": цяпер з 1 красавіка 2007 года сфера прымянення адзінага падатку скарачаецца за кошт выключэння з яе гандлю цэлага шэрагу тавараў, у прыватнасці бытавой тэхнікі і вырабаў з натуральнага футра. Прадпрымальнікам прыйдзецца праводзіць мытнае афармленне такіх тавараў па поўнай праграме, што вельмі працаёмка і, несумнеўна, выкліча рост коштаў на групы такіх тавараў.

А самым галоўным ударам па малым бізнесе, ад якога ён можа не акрыяць, можна назваць забарону на выкарыстанне з 1 студзеня 2008 года наёмных працаўнікоў, за выключэннем чальцоў сям'і і блізкіх сваякоў — такіх абмежаванняў няма ні ў адной цывілізаванай краіне.

Прадпрымальнікі маюць намер стварыць адзіны рэспубліканскі стачачны камітэт. Таксама індывідуальныя прадпрымальнікі маюць намер збіраць подпісы за адмену ўказу. Эксперты падрыхтуюць юрыдычную ацэнку прававых норм указу прэзідэнта на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі і маюць намер прапанаваць эканамічнае абгрунтаванне паніжэння падатковай нагрузкі прадпрымальнікаў.

— Па сутнасці, дзяржава загадвае індывідуальным прадпрымальнікам на працягу года прайсці перарэгістрацыю, але, маючы досвед у гэтай сферы, я магу з упэўненасцю прадказаць вынік гэтай кампаніі — вялізныя чэргі і ціскатня ў выканкамах. Прычым маштабы гэтых чэргаў перавысяць аналагічныя паказчыкі перарэгістрацый 1996 і 1999 гг., бо індывідуальным прадпрымальнікам, колькасць якіх нашмат перавышае колькасць юрыдычных асобаў, прыйдзецца сабраць досыць аб'ёмны пакет дакументаў, якія службоўцам выканкамаў прыйдзецца прымаць і вывяраць, — лічыць эксперт Сяргей Балыкін.

Паводле БелаПАН, 21.by, telegraf.by.
2007. 23 студз.

***

Беларуска-расійскі канфлікт выклікаў рост цэн на жыллё. З новага года сярэдні кошт за м2 жылля ў Мінску павялічыўся да $1225. Калі ў снежні "аднапакаёўка" ў сталіцы каштавала каля $42-45 тысяч, то цяпер яе кошт узняўся да 50 тысяч. Мінскія рыэлтары звязваюць рост коштаў з расійска-беларускім энергетычным канфліктам і не выключаюць далейшага падвышэння коштаў _ да 50% да канца года.

Паводле дадзеных беларускага штотыднёвіка "Недвижимость для всех", у сярэднім кошт аднаго м2 на 9 студзеня склаў $1225.

У 2002 годзе адзін м2 жылля ў Мінску каштаваў $325, у 2003 _ $378, праз год ужо $520, у 2005 _ $680, а летась _ $1034.

Паводле радыё "Свабода" і bel.biz

Культура

***

Навіны тэлеканала "Россия" ў апошнія дні сталі ісці ў Беларусі роўна на гадзіну пазней за звычайны час. Калі раней беларусы глядзелі расійскія навіны ў 13.00, 16.00 і 19.00 па мінскім часе, гэта значыць адначасова з расіянамі, то цяпер навіны ідуць у 14.00, 17.00 і 20.00. Супрацоўнік аднаго з расійскіх тэлеканалаў у інтэрв'ю прэс-цэнтра "Хартыі'97" выказаў здагадку, што такім чынам беларускія ўлады стварылі сабе люфт для таго, каб у выпадку неабходнасці цэнзураваць расійскія навіны.

На меркаванне расійскага журналіста, неабходнасць "адсочваць" расійскія навіны ўзнікла ў сувязі з тым, што ў апошні час на расійскіх тэлеканалах шмат крытыкуюць беларускія ўлады. Крыніца нагадала, што ў канцы снежня ў Беларусі з праграмы вяшчання тэлеканала НТВ была "выразана" праграма Уладзіміра Салаўёва "К барьеру!", прысвечаная беларуска-расійскаму газаваму канфлікту.

Летась навіны тэлеканала НТВ ужо цэнзураваліся. З прычыны крытычнага сюжэту пра сітуацыю ў Беларусі замест вячэрняга выпуску праграмы "Сегодня" паказалі ў запісе дзённы блок навін.

Расійскія тэлеканалы, нагадаем, даўно ідуць у Беларусі ва "ўрэзаным выглядзе". За іх трансляцыю ў Беларусі адказвае Белтэлерадыёкампанія, якая фармуе сетку вяшчання расійскіх тэлеканалаў паводле свайго меркавання.

Паводле "Хартыя'97"
2006. 16 студз.

***

З'явілася люстэрка Беларускай інтэрнет-бібліятэкі "Камунікат" (http://kamunikat.net.iig.pl, альбо http://kamunikat.org). Зараз на адрасе http://kamunikat.fontel.net вы можаце прагледзець не толькі навінкі беларускіх кніг і часопісаў, але і пазнаёміцца з грамадска-палітычнымі і культурнымі навінамі, што асвятляюцца ў СМІ (па праваму боку інтэрнет-старонкі люстэрка "Камуніката" размешчаны спасылкі на асноўныя навіны ў электронных медыя).

Адміністратар сайта ў інфармацыйнай рассылцы заклікае наведвальнікаў, пры магчымасці, адпісаць яму свае меркаванні аб тым, ці варта дадаваць навіны на сайт інтэрнет-бібліятэкі? Яго e-mail вы можаце знайсці на сайтах "Камуніката".

Інфармацыйны цэнтр
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
2007, 15 студз.

***

Нямецка-беларускі слоўнік "фальшывых сяброў перакладчыка"

Пад канец 2006 г. у выдавецтве "Кнігазбор" выйшаў Нямецка-беларускі слоўнік "фальшывых сяброў перакладчыка" (Deutsch-belarussisches Wцrterbuch der "falschen Freunde des Ьbersetzers"). Рэдактар слоўніка спадарыня Валянціна Выхота.

Ён складаецца з тысячы чатырох артыкулаў, у якія ўваходзяць тысяча чатыры пары нямецка-беларускіх слоў — "фальшывых сяброў перакладчыка" з рускім перакладам — сродкам дыферэнцыяцыі падобных нямецкіх і беларускіх слоў. Слоўнік прадугледжвае чыста практычныя мэты для перакладу тэкстаў, таму да слоў не даюцца розныя паметы. Змест кожнага артыкула зацікавіць таго, хто вывучае нямецкую мову пры ўзаемаўплыве дзвюх блізкароднасных моў.

Яраслаў Мальдзіс,
http://www.swiss-bel.of.by

***

Беларускі экіпаж на чале з Сяргеем Шкелем на прэстыжным ралі "Лісабон _ Дакар" заняў у агульным заліку 105-е месца. Старт быў у Лісабоне, за гэты час гоншчыкі пабывалі ў Партугаліі, Іспаніі, Марока, Маўрытаніі, Малі і Сенегале. Апошні этап прайшоў вакол Ружовага возера. 20 студзеня экіпаж Сяргея Шкеля ўзняў беларускі сцяг на беразе Ружовага возера

Паводле belarusbaja.com. і telegraf.by
2007. 21 студз.

Аб'явы

СБП абвяшчае конкурс праектаў надмагільнага помніка
паэту Анатолю Сысу

Прайшло амаль два гады, як Беларусь страціла аднаго з найвыдатнейшых паэтаў за ўсю гісторыю існавання беларускай літаратуры _ Анатоля Сыса. Усё сваё творчае жыццё, увесь свой паэтычны талент Анатоль Сыс усклаў на алтар служэння Бацькаўшчыне, на алтар прышласці роднай Беларусі. Ягоныя прыжыццёвыя кнігі вершаў "Агмень", "Пан Лес" і "Сыс" складаюць залаты фонд айчыннай паэзіі.

Настаў час сплачваць даўгі перад памяццю вялікага паэта. Саюзам беларускіх пісьменнікаў разам з часопісам "Дзеяслоў" мінулай восенню на радзіме Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне было арганізавана і праведзена першае свята паэзіі ў гонар паэта пад назвай "Дух _ гэта людзі я!.."

Кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў лічыць, што гэта свята павінна стаць штогадовым і традыцыйным. Зроблены першыя крокі на шляху ўшанавання памяці Анатоля Сыса. Так з 2007 г. прэмія часопіса "Дзеяслоў" у намінацыі "Дэбют" будзе насіць імя Анатоля Сыса. Пры канцы мінулага года выдавецтва "Беларускі кнігазбор" выдала кнігу паэта пад назвай "Лён". Гэта выданне — выдатны паэтычны помнік Анатолю Сысу. Але да астатняга часу застаецца неўпарадкаванай магіла паэта.

У сувязі з гэтым Саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчае конкурс на лепшы надмагільны помнік Анатолю Сысу.

Па ўмовах конкурсу: у кампазіцыі помніка абавязкова павінны прысутнічаць Крыж як галоўны хрысціянскі і паэтычны сімвал паэзіі Анатоля Сыса.

Тэрмін дзеяння конкурсу тры месяцы _ з 1 лютага па 1 траўня 2007 г.

Эскізы, праекты помнікаў будуць прымацца да разгляду аргкамітэтам па ўшанаванні памяці Анатоля Сыса, які месціцца па адрасе: г. Мінск, вул. Фрунзе, 5, п. 307.

Адначасова аргкамітэт абвяшчае збор сродкаў на выкананне і ўсталяванне надмагільнага помніка Анатолю Сысу. Кантактныя тэлефоны: у Мінску — 294-03-48; маб. (+375-29) 768-56-14.

Аргкамітэт СБП

Да ўвагі бізнес-супольнасці!

З'явілася яшчэ адна магчымасць штотыдзень атрымліваць у электронным варыянце галоўныя навіны і анонсы падзей дзелавога жыцця Беларусі. Гэта магчыма праз падпіску на рассылку бюлетэня "Анонс дзелавых падзей" Цэнтра грамадскіх сувязяў ГА "Мінскі Сталічны Саюз Прадпрымальнікаў і Работадаўцаў". Акрамя таго, ёсць магчымасць размяшчаць у бюлетэні і свае абвесткі. Даслаць заяўку на бясплатную падпіску можна на адрас: zbsb@tut.by

Пазнаёміцца з дзейнасцю Саюза прадпрымальнікаў можна на сайце www.allminsk.biz.

Інфармацыйны цэнтр
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by

 

№ 6, чэрвень 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович Лучшая детская мебель только у нас