Нашы славутыя землякі
Янка Запруднік
Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі) - вядомы беларускі
гісторык і публіцыст, адзін з самых актыўных дзеячаў беларускай
дыяспары ў ЗША, ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.
Нарадзіўся
ў 1926 г. у мястэчку Мір (зараз Карэліцкі раён). Яго бацькі -
настаўнікі Вера і Мікалай Вільчыцкія - былі вымушаны займацца
і сельскай гаспадаркай. У час акупацыі скончыў Баранавіцкую прагімназію,
потым вучыўся ў Баранавічах у гандлёвай школе. З 1944 г. у Германіі,
затым працаваў на шахтах у Вялікабрытаніі. У 1954 г. закончыў
гістарычны факультэт Лювэнскага каталіцкага ўніверсітэту ў Бельгіі.
Потым працаваў на радыёстанцыі "Вызваленне" (зараз -
"Свабода"). З 1957 г. у ЗША. Абараніў у Нью-Ёркскім
універсітэце доктарскую дысертацыю на тэму "Палітычнае змаганне
за Беларусь у Дзяржаўнай думе 1906-1917 гг.", выкладаў гісторыю
ў вышэйшых навучальных установах ЗША.
Літаратурную дзейнасць распачаў у 1947 г. Быў
супрацоўнікам і рэдактарам многіх перыядычных выданняў беларускай
эміграцыі. Пад псеўданімам Сяргей Ясень друкаваў вершы - пераважна
патрыятычную лірыку. Асноўныя англамоўныя працы юбіляра - "Беларусь
на гістарычным скрыжаванні" (1993), "Гістарычны слоўнік
Беларусі" (1998). Апошняе выданне энцыклапедычнага характару
не мае сабе аналагаў. Тут у сціслай форме сабрана многае па нашай
гісторыі, што можа цікавіць амерыканскага (ды і беларускага) чытача.
У 2001 г. удзельнічаў у працы Трэцяга з'езду
беларусаў свету, наведаў родныя мясціны. Прэзентаваў сваю кніжку
"Дванаццатка" - дакументальную аповесць пра дванаццацярых
беларусаў, якія трапілі ў Нямеччыну, Вялікабрытанію і Бельгію
ў 1946-54 гг. "Дванаццатка" - беларуская літаратурная
суполка, што паўстала адразу па вайне ў Заходняй Еўропе і задзіночвала
12 таленавітых празаікаў і паэтаў. Бальшыня з іх працавала на
шахтах Брытаніі, зарабляючы на жыццё. Неўзабаве "Дванаццатка"
ператварылася ў скаўцкую групу. "Жыць для Бацькаўшчыны, змагацца
за яе, а калі трэба, дык і памерці", - быў дэвіз сяброў літаратурнага
згуртавання. Пазней шмат хто з "Дванаццаткі" стаў супрацоўнікам
радыё "Вызваленне", Інстытуту вывучэння СССР. Адзін
з дванаццацёх - Янка Філістовіч - быў перакінуты на Беларусь,
дзе праз пэўны час быў расстраляны як дыверсант і шпіён.
У кнізе змешчаны дзённікі, апавяданні, вершы
і здымкі, якія паказваюць жыццё беларускіх эмігрантаў і іх дзейнасць
на беларускай ніве. У канцы кнігі змешчаны ўспаміны пра вядомага
кампазітара Міколу Равенскага, а таксама дзённік ўкладальніка
кнігі - Яна Запрудніка. Кніга гэтая ілюстраваная. Тут інфармацыя
пра гімназію імя Янкі Купалы ў лагерах перамешчаных асобаў у Міхельсдорфе
і Рэгенсбургу.
У 2001 г. беларуская грамадскасць на Радзіме
і ў замежжы шырока адзначыла 75-гадовы юбілей славутага дзеяча.
Паводле матэрыялаў друку
|