Нашы славутыя землякі
Масей Сяднёў
Масей
Сяднёў - паэт, празаік, публіцыст, адзін з найбольш актыўных і
таленавітых прадстаўнікоў беларускага літаратурнага замежжа. Яго
імя ўпісана у Брытанскую і Польскую энцыклапедыі, а ў 1989 г.
Мюнхенскім і Вашынгтонскім Джорджтаўнскім універсітэтамі Масей
Сяднеў быў прадстаўлены на Нобелеўскую прэмію. Кнігі славутага
беларускага паэта выдаваліся ў Германіі і ЗША, перакладаліся на
англійскую, польскую, рускую, украінскую мовы. Здымаецца паўвекавая
забарона з яго кнігі на Бацькаўшчыне, яны ўведзены ў адкрыты фонд
Беларускай нацыянальная бібліятэкі. Ён ужо неаднойчы змог прыехаць
на Радзіму, дзе адбыліся шматлікія сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй,
студэнтамі, чытачамі, дзе пачалі друкавацца ягоныя вершы, проза,
дзе выходзяць асобныя зборнікі. Як дэлегат ён браў удзел у рабоце
Першага з'езду беларусаў свету.
Нарадзіўся ў в. Мокрае Касцюковіцкага раёна на
Магілёўшчыне. Літаратурны лёс, як і лёсы многіх рэпрэсіраваных
беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, пачынаўся ў 30-я гг., калі
ён, студэнт Мінскага педінстытуту, друкуе свае вершы. Яны былі
заўважаны літаратурнай грамадскасцю, што акрыліла маладога творцу.
Аднак 22-гадовага паэта, выпускніка педінстытуту, у ліку 12 найбольш
здольных студэнтаў арыштавалі ў кастрычніку 1936 г., абвінавацілі
ў нацдэмаўшчыне і ў тым, што распаўсюджваў "упадніцкія творы
Язэпа Пушчы і "Матчын дар" Алеся Гаруна". Пачаліся
змрочныя турэмныя дні, допыты, перасыльныя лагеры, Калыма - этапы,
па якіх М.Сяднёў ішоў разам з іншымі беларускімі пісьменнікамі
- Б.Мікулічам, С.Баранавых, У.Клішэвічам, Т.Лебядой, Я.Скрыганам,
А.Звонакам, У.Хадыкам і інш.
Прывезены ў Мінск у 1941 г., атрымаў магчымасць
збегчы. Вярнуўшыся ў Мокрае, Масей працаваў на бацькавай гаспадарцы.
У 1944 г. вымушаны эміграваць, апасаючыся за сваё жыццё. (Сяднёў
паслужыў прататыпам аднаго з галоўных герояў для эпапеі Івана
Чыгрынава "Плач перапёлкі".) Жыў напачатку ў Польшчы,
Германіі. З 1951 г. жыве ў ЗША. Але ўсе перыпетыі лёсу не вытруцілі
пачуцця любові да Бацькаўшчыны, ёй прысвяціў паэт сваю творчасць.
Вялікую каштоўнасць мае турэмная паэзія М.Сяднёва.
У ягонай памяці захаваліся ўсе вершы, складзеныя падчас знаходжання
ў турме, канцлагерах, пры пераездзе праз Байкал, на пераправе
ў Ахоцкім моры, у жудасных умовах Калымы. Яны ўвайшлі потым у
кнігу "Патушаныя зоры". Лірыка гэтага часу напоўнена
горкім смуткам і трагізмам. Моцны духам паэт адчуваў сваю перавагу
над турэмшчыкамі. Паэзія дапамагала яму перажыць і трагедыю выгнання,
асабліва ў першыя пасляваенныя гады, развітанне з Радзімай, блізкімі,
пачуццё непрыкаянасці, перапады настрою, матэрыяльныя нястачы.
У гэты перыяд Сяднёвым былі створаныя вялікія
цыклы вершаў: "На маршрутах" (вызваленне, радасць вольнага
свету), "Як спажытак штодзённы" (адчуванні эмігранта-выгнанніка),
"Роздум" (роздум над сваім лёсам і лёсам Бацькаўшчыны),
"Слова" (прызначэнне паэзіі), "На спынку"
(імкненне асэнсаваць лепшае з сусветнай паэзіі, пераклады з Гётэ,
Гейнэ, Рыльке, паэмы "Мая вайна", "Цень Янкі Купалы",
"Забраны Мінск", "Смерць музыкі"). Усе яны
пазней увайшлі ў кнігу "Патушаныя зоры". Украінскі паэт
Леанід Палтава, які шмат перакладаў Сяднёва на ўкраінскую мову,
лічыў, што "Патушаныя зоры" - новая, расквітнеўшая зара
вольнай беларускай паэзіі.
Аднак найбольш плённымі былі для Сяднёва 80-я
гады, калі ён пераехаў на пастаяннае пражыванне ў Глен-Коў. Тут
напісаны і выдадзены такія ягоныя кнігі, як паэтычныя зборнікі
"Ачышчэнне агнём", "А часу больш, чым вечнасць",
раманы "Раман Корзюк" (быў выдадзены ў Мюнхене Барысам
Кітом). У Глен-Коў напісана "Масеева кніга", куды ўвайшлі
іранічныя біблейскія вершы, артыкулы, публіцыстыка, перапіска
Сяднёва з беларускімі пісьменнікамі.
Але гэтаму перыяду папярэднічалі гады фізічнай
працы на фабрыцы (1952-60), выкладчыцкая работа ва ўніверсітэце
Індыяна (1960-67), горад Блумінгтон, дзе М.Сяднёў, навучаючы студэнтаў
рускай мове і літаратуры, адначасова вучыўся сам, атрымаў "Дыплом
Універсітэту Індыяна" і ступень магістра гуманітарных навук
па славянскай літаратуры і філалогіі. Да гэтага часу ён ужо добра
валодаў нямецкай, англійскай мовамі, не кажучы пра беларускую,
польскую, рускую, украінскую. У 1967 г. амерыканскія ўлады прапануюць
яму работу на радыёстанцыі "Свабода" ў Мюнхене, дзе
ён працаваў да 1983 г., узначальваў беларускую рэдакцыю. Мюнхенскі
перыяд быў плённым у сэнсе агульнай адукацыі: Сяднёў у арыгінале
перачытваў Гётэ, Гейнэ, Гельдэрліна, Наваліса, Мёрыке, да таго
ж Мюнхен славуты сваімі музеямі, цэрквамі, саборамі, старажытнай
архітэктурай. Амаль штогод былі цікавыя падарожжы па Еўропе (Італія,
Іспанія, Англія, Грэцыя, Аўстрыя, Польшча). Ён імкнуўся ўвесці
ў беларускую паэзію тэмы, звязаныя з лепшымі традыцыямі сусветнага
мастацтва, з вобразамі класічнай паэзіі: Прыродай, Зямлёй, Вадой,
Небам, Месяцам, Зорамі, Домам, вольналюбівым Духам.
Паказваючы свет у вобразах нябеснай і зямной
красы, ён імкнуўся раскрыць высокую духоўнасць свайго героя праз
чыстую, узвышаную лірыку. Звычайна асноўная сутнасць, галоўная
ідэя такіх вершаў выказваецца ў апошніх 2-3 радках - гэта тая
самая гейнаўская пуанта, пра якую гаварыў, аналізуючы творчасць
Сяднёва, украінскі літаратуразнавец, крытык, прафесар Юры Шэрах.
Побач з гэтым інтуітыўным пачаткам у вершах ёсць і тое, за што
ўкраінскі паэт Яр Славутыч назваў Сяднёва паэтам думкі. "Пранікненне
ў таямнічасць прыроды Беларусі, - адзначаў прафесар Мюнхенскага
ўніверсітэту Бойка-Блахін, - эротыка, напоўненая ідэалістычнымі
тонамі, рэфлексія, упрыгожаная ціхай засмучонасцю над недасканаласцю
чалавека, - матывы паэзіі М.Сяднёва".
І ўсё ж пры багатай разнастайнасці тэм, матываў,
лірычных вобразаў праз творчасць Сяднёва праходзіць адна нязменная
тэма - Бацькаўшчына, маці, мова, прызначэнне паэта.
"Чым для мяне з'яўляецца Беларусь? Без яе
я не мог бы ўявіць сябе як паэта... А што тычыцца мовы, дык яна
была не толькі сродкам, а нечым больш. Лекамі ў найцяжэйшыя часы.
Я прыйшоў з ёй у гэты свет, нідзе з ёй не разлучаўся, яна была
маёй духоўнай спадарожніцай".
Памёр Масей Сяднёў у 2001 г., пахаваны на Беларускіх
могілках Саўт-Рывера (штат Нью-Джэрсі, ЗША).
Лідзія Савік
|