МГА 'БАЦЬКАЎШЧЫНА'. Белорусская диаспора. Диаспора Беларуси, РБ.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Нашы славутыя землякі

Уладзімір Клішэвіч

Уладзімір Сідаравіч Клішэвіч - вядомы паэт беларускай эміграцыі.

Уладзімір КлішэвічНарадзіўся ў 1914 г. y в. Краснадворцы. Прага ведаў i любоў да літаратуры прывяла пасля заканчэння Старобінскай сямігодкі, Слуцкіх настаўніцкіх курсаў, рабфака БДУ на літаратурны факультэт Мінскага вышэйшага педінстытуту (цяпер Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка), дзе ў 1933-36 гг. вучыліся многія паэты: Валеры Маракоў, Тодар Кляшторны, Тодар Лебяда, Мікола Гваздоў, Сяргей Грахоўскі, Масей Сяднёў. Аднак усе яны сталі ахвярамі бязлітасных сталінскіх рэпрэсій. Давялося i Уладзіміру з 4-га курса педінстытуту пайсці па катаржных этапах ад Мінска да Калымы. Ён быў асуджаны за "наццэмаўшчыну" i атрымаў 10 гадоў. У прадчуванні арышту Клішэвіч напісаў верш "I жыцьцё i нямая трывога" (1935), дзе выказаў думку, што i яго не абміне трагічны лёс беларусіх "нацдэмаў". Амаль пяць гадоў малады паэт адпакутаваў на калымскіх капальнях. У 1940 г. ён разам з М.Сяднёвым, Т.Лебядой быў прывезены ў Мінск на перагляд справы. Клішэвічу, Сяднёву, Лебядзе, Хмару, Бярозкіну, іншым вязням пашчасціла цудам ацалець i ад нямецкай бамбёжкі, i ад энкавэдысцкага расстрэлу.

Першыя юнацкія творы Клішэвіча друкаваліся з 1931 г. у раённай i акруговай слуцкай газетах. Вершы, што снаваліся ў памяці, падтрымлівалі яго ў Мінскай турме, на перасыльных этапах, калі маладому паэту згадваліся дарагія сімвалы далёкай Радзімы.

Вярнуўшыся ў родную вёску, Уладзімір доўгі час адыходзіў ад перажытага. Аднак душа паэта зноў пачала ажываць. Вяртанне з ГУЛАГу было бязрадасным, бо вакол грукацела вайна, зноў на Радзіме гаспадарылі чужынцы. Клішэвіч працаваў па сваёй прафесіі ў "Слуцкай газэце", што паводле савецкіх законаў лічылася здрадай. Трагедыя ГУЛАГу i "крывавы пакос вайны" зліваюцца ў творах Клішэвіча першапачатковага перыяду творчасці (1937-44) y адно непадзельнае бедства, перажыванае ім самім i Бацькаўшчынай, што стварае экстрэмальны псіхалагічны стан. Такія цяжкія песімістычныя настроі абумоўлівалі i мастацкую палітру яго вершаў.

Вобразы-сімвалы Беларусі, знітаванасць асабістага i агульнага яскрава прасочваюцца ў многіх вершах. Ён часта згадвае халодную Сібір, праклятую Калыму, пра што сведчыць верш "У забоі" - своеасаблівая карціна Дантавай апраметнай. У гэтым чужым, зледзянелым краі маладому паэту ўспаміналіся родныя нівы, жыло адно памкненне, каб "толькі на волі, на Радзіме сваёй паміраць". У вершах раскрываецца традыцыйная для эмігранцкай паэзіі тэма горкай долі вязня. Клішэвіч першы прынёс у Беларусь вестку пра смерць у сталінскім канцлагеры выдатнага беларускага паэта Уладзіміра Хадыкі і ў 1942 г. напісаў верш, прысвечаны яго памяці.

Ваенны перыяд творчасці У.Клішэвіча пазначаны інтэнсіўнымі пошукамі ў галіне зместу і формы. Паэт звяртаецца да традыцый сусветнай літаратуры. Спрабуе сам пісаць антычным памерам, раскрываючы агульначалавечыя, агульнахрысціянскія праблемы дабра і зла, шчасця і змагання, радасці і пакутаў у філасофскай элегіі "Пэнтамэтры". Яна была напісана ў рэчышчы антычнай медытацыі, на аснове запаветаў Бібліі, мудрасці старажытных філосафаў. Адчувалася імкненне паспрабаваць свае сілы ў класічных формах верша, якія створаны ў форме пратэсту і супрацьстаяння катастрафічным падзеям XX ст.

Вершы пачатковага перыяду творчасці Клішэвіча на Радзіме ні разу асобнай кнігай не выдаваліся. Большасць гэтых вершаў (блізу 30) апублікавана ў калектыўным зборніку "Песьняры Случчыны" (Слуцак, 1943). У ваенныя гады друкаваў свае вершы на старонках "Беларускай газэты", "Голасу вёскі", "Раніцы", у часопісе "Новы шлях" і ў мясцовай "Газэце Случчыны".

Другі перыяд творчасці, які пачаўся з выгнання ў 1944 г., не прынёс спакою. Трапіўшы, як і многія пісьменнікі-эмігранты, спачатку ў Германію, потым у ЗША (1948), ён працягваў пісаць. Давялося нанова пачынаць жыццё ў чужой краіне, дбаць пра матэрыяльны дабрабыт сям'і, у якой было трое сыноў. Жылі напачатку ў Нью-Ёрку (Бруклін). Пазней Клішэвіч уладкаваўся на фабрыку, цяжка працаваў, не заставалася часу на кнігі, на паэзію.

I ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, Клішэвіч імкнуўся актыўна ўдзельнічаць у беларускім эмігранцкім жыцці. Ён рэдагаваў часопіс "Беларус у Амэрыцы", быў сябрам згуртавання "Шыпшына", лічыў, што беларусам трэба аб'яднацца, мець сваю газету, радыё, часопісы. Пасля ўтварэння радыё "Вызваленьне" (цяпер - "Свабода") пісаў для яго артыкулы. На пачатку 50-х Клішэвічы пераехалі ў Каліфорнію (Лос-Анжэлес), затым удалося ўладкавацца выкладчыкам рускай мовы ў адным з каледжаў г. Блумінгтон (штат Індыяна), дзе ва ўніверсітэце працаваў і Масей Сяднёў.У 1949-50-х гг. Клішэвіч напісаў паэму "Цень сьмерці" і адаслаў у часопіс "Шыпшына". Аднак Юрка Віцьбіч не апублікаваў гэты твор, што выклікала спрэчку паміж імі. Паэма была істотна перапрацаваная і ў 1958 г. апублікаваная ў часопісе "Прыйсьце". Урыўкі з яе друкаваліся ў "Баявой Ускалосі" (№ 12, 1972). Не толькі паэма "Цень сьмерці", але і многія вершы пазначаны душэўным надломам, балючай памяццю пра далёкую Айчыну, пра лёс свайго пакалення.

1937 год назаўсёды застаўся чорнай адзнакай у лёсах ацалелых вязняў ГУЛАГа. У.Клішэвіч, калі жыў ужо ў далёкай Амерыцы, у 1957 г. піша своеасаблівы верш-напамін "Менская турма (1937, 20-годзьдзе Кастрычніка)", нагадваючы ўсяму свету, як адгукнуўся гэты страшны юбілей на жыццёвым шляху беларускіх талентаў.

Вершы Клішэвіча розных гадоў друкаваліся на старонках эмігранцкіх часопісаў ("Шляхам жыцьця", "Беларуская думка", "Веда", "Сакавік" і інш.). Газета "Бацькаўшчына" (1953, №41-42) змясціла цыкл выбраных вершаў паэта, прысвечаных жонцы і сябру Марыі Клішэвіч. У часопісе "Шыпшына" Клішэвіч апублікаваў верш Тодара Кляшторнага "Сад", вынесены ім з Мінскай турмы пасля расстрэлу гэтага таленавітага паэта. Многія вершы Клішэвіча ўвайшлі ў анталогію беларускай паэзіі, выдадзеную ў Мюнхене (1955) пад назваю "Ля чужых берагоў". Першы асобны зборнік вершаў паэта быў апублікаваны ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі) у 1964 г. пры спрыянні Саюзу беларуска-амерыканскай моладзі. Пад сімвалічнай назвай "Далячынь" былі змешчана большасць вершаў, напісаных у 30-50-х гг. Гэты першы паэтычны асобнік рэдагаваў і выдаў у сваёй друкарні Я.Золак. У аснову "Далячыні" былі пакладзеныя вершы з рукапіснага зборніка Клішэвіча "Мора гневу", напісанага за гады жыцця ў Еўропе і Азіі.

Вершы Клішэвіч працягваў пісаць і далей, але найвышэйшым дасягненнем яго творчасці пазнейшага перыяду (60-70-я гг.) стала манументальная паэма "Васіль Каліна", выдадзеная ў Лондане ў 1965 г. Яна складаецца з 10-ці раздзелаў. Твор гэты карыстаўся вялікім поспехам у суайчыннікаў замежжа. На выхад паэмы часопіс "Беларуская думка" (1965, № 8) змясціў водгукі літаратараў. Паэму можна назваць вершаваным раманам ліра-эпічнага накірунку і па аб'ёме, і па глыбокай змястоўнасці. Аўтар разгортвае шырокую панараму жыцця беларускага грамадства першай паловы XX ст., выяўляе якасці прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, іх непаўторны духоўны свет, драматызм лёсаў. Клішэвіч пісаў сваю паэму ў 60-х гадах, калі ў савецкай літаратуры падобных твораў не было. Мужна і праўдзіва раскрываў трагічныя падзеі сталінскай эпохі. Асаблівую ўвагу ён засяродзіў на вынішчэнні цвету беларускай нацыі - працоўнага сялянства і свядомай часткі творчай інтэлігенцыі.

Калі выйшла ў свет паэма "Васіль Каліна", Клішэвіч дасылае некалькі асобнікаў у Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Некаторыя вершы паэта былі надрукаваныя на старонках газеты "Голас Радзімы", якая ўспрымалася многімі эмігрантамі як выданне КДБ. Больш за тое, на пачатку 70-х Клішэвіч прыязджаў у БССР як турыст. Афіцыйныя савецкія ўлады не дазволілі яму наведаць Краснадворцы і родным "не раілі" сустракацца з эмігрантам, які прыехаў з капіталістычнай Амерыкі. Хацелася Уладзіміру спаткацца і з беларускімі паэтамі, асабліва з кім быў знаёмы ў маладосці, але на сустрэчу прыйшоў толькі Сяргей Грахоўскі.

Другі свой прыезд у СССР Клішэвіч выкарыстаў для лячэння на водах Каўказа, дзе сустрэўся з В.Гарбуком, з якім разам вучыўся і адбываў калымскую катаргу. Гэтыя прыезды мелі няпростыя вынікі. У 1973 г. рэдакцыя тыднёвіка "Голас Радзімы" выдала невялічкую кніжку вершаў Клішэвіча "Сняцца дні мне залатыя", куды ўвайшлі настальгічныя вершы 50-70-х гг. і некалькі практыкаванняў, напісаных як даніна савецкай рэчаіснасці і лаяльнасці паэта. Гэтыя вершы, невялікая кан'юнктурная паэма "Шлях у светлае" (пра шчаслівую краіну Саветаў і яе небывалыя поспехі), уступнае слова аўтара да кніжкі - на ўсё гэта Клішэвіч пайшоў з адной мэтай, каб пабачыць сваю кніжку, выдадзеную на Бацькаўшчыне. Аўтар быў вымушаны прыстасавацца да той ідэалогіі, якую не прымаў і асуджаў.

Але ў выніку Клішэвіч не быў прызнаны на Радзіме, у той жа час страціў павагу беларускай эміграцыі, якая не даравала яго пракамуністычнай пазіцыі.

Адарваны з карэннем ад роднай глебы, не прызнаны Бацькаўшчынай, зняважаны эміграцыйным друкам, паэт памёр ад сардэчнага прыступу ў 1978 г. Апошнія вершы яго былі звернутыя да Маці-Беларусі.

Лідзія Савік

Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары

Rating All.BY
дзед ТАЛАШ - першы беларускi партал & каталёг
Беларуская інтэрнэт-бібліятэка -
Web-master: paragraph @ tut.by..