МГА 'БАЦЬКАЎШЧЫНА'. Белорусская диаспора. Диаспора Беларуси, РБ.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Нашы славутыя землякі

Ірэна Каляда-Смірноў

Ірэна Каляда-Смірноў паходзіць са славутага роду, генеалогія якога налічвае больш за тысячу гадоў. Першыя звесткі пра род Каляды адносяцца да часоў Яраслава Мудрага. Беларускія войскі пад харугвамі з гербам Каляды бралі ўдзел у Грунвальдскай бітве. Буйнейшыя прадстаўнікі роду ахвяравалі свае жыцці Беларусі.

Ірэна Каляда-СмірноўНарадзілася ў вёсцы Падкасоўе Наваградскага раёна. Бацька Ірэны памёр ад сухотаў у 1937 г., маці засталася ўдавою ў 29 гадоў. Гадаваць дзяцей дапамагала бабуля, якая і навучыла Ірэну беларускай мове. Маці трымала малачарню, дзе выраблялі сыр. Калі ў 1939 г. прыйшлі Саветы, маёмасць канфіскавалі. Ад Сібіры ўратавалі суседзі. Ірэне было тады каля чатырох гадоў, калі пачалася вайна. У 1944 г. Ірэна разам з маці трапіла ў Германію, а старэйшы брат Лёня, які падлеткам у час вайны ўступіў у Саюз беларускай моладзі, застаўся на Радзіме. За ўдзел у гэтай арганізацыі ён на некалькі гадоў трапіў у турму. Пра яго лёс родныя нічога не ведалі аж да канца 60-х.

У Германіі, у працоўных лагерах, маці Ірэны працавала разам з іншымі жанчынамі, укопваючы тэлеграфныя слупы. Калі вызвалялі Германію, сям'я Ірэны трапіла ў амерыканскі сектар. Добра разумеючы, што вяртанне на Радзіму пагражае высылкай, сям'я выехала ў Кліўленд (ЗША). На эміграцыі Клаўдзія Каляда, маці Ірэны, стала адной з актывістак грамадскага жыцця беларускай дыяспары. Яна збірала вакол сябе людзей, была адной са стваральніц Беларускага жаночага згуртавання (1952 г.), рыхтавала выставы, вечарыны, канцэрты, арганізоўвала беларускія школкі.

У ЗША Ірэна працавала эканамістам, хаця марыла пра іншую кар'еру - артыстычную. Ад прыроды мела талент і жаданне спяваць. Скончыла беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Германіі, дзе пазнаёмілася са славутымі беларускімі кампазітарамі Куліковічам і Равенскім. Брала ў іх урокі вакалу, спявала ў царкоўным хоры, выконвала партыі ў беларускіх спектаклях. Некаторы час узначальвала беларускі хор у Кліўлендзе. Стаць прафесійнай спявачкай Ірэна не змагла толькі таму, што атрымаць адпаведную адукацыю ў Амерыцы было вельмі цяжка і каштавала шмат грошай.

У Беларусь Ірэна прыехала ў 1992 г. Эканамічнае становішча краіны стала для яе сапраўдным шокам. Але яшчэ больш уразілі наступствы Чарнобыльскай трагедыі для беларускіх дзяцей. Менавіта для дапамогі хворым дзеткам спадарыня Ірэна стварыла Дабрачынны фонд "Этнічны голас Амерыкі". На грошы фонду штогод больш за 500 беларускіх дзяцей адпачываюць у Славеніі, Турцыі, Балгарыі. Летась Мазырскі раён атрымаў 18 тон гуманітарнай дапамогі (вопратку, коўдры). За час працы фонду на аздараўленне было накіравана больш за 5 тысяч беларускіх дзяцей. У асноўным гэта дзеці з глыбінкі, з дзіцячых дамоў, малазабяспечаных і няпоўных сем'яў. Штогод Ірэна атрымлівае сотні лістоў ад удзячных дзетак і іх бацькоў.

Вельмі шмат увагі надае спадарыня Ірэна і патрыятычнаму выхаванню беларускай моладзі. З дапамогай гэтай жанчыны змаглі паехаць на аздараўленчы адпачынак у Балгарыю пераможцы дзіцячых творчых конкурсаў, якія ладзіла МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" ў 2000, 2001 і 2002 гг. Работы пераможцаў былі выдадзены асобнымі кнігамі таксама дзякуючы сп. Ірэне.

He пакідае сп. Ірэна без увагі і беларускую культуру. Дзякуючы яе падтрымцы былі выдадзены кнігі "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы", "Аповесці і апавяданні" Ф.Дастаеўскага ў перакладзе на беларускую мову яе стрыечнага брата Андрэя Каляды. Таксама сп. Ірэна паспрыяла выпуску музычнага альбома "Verbum", які мае адукацыйную вартасць і ў якім адноўлены сярэднявечныя традыцыі чытання тэкстаў.

Алена Макоўская

Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары

Rating All.BY
дзед ТАЛАШ - першы беларускi партал & каталёг
Беларуская інтэрнэт-бібліятэка -
Web-master: paragraph @ tut.by..