МГА 'БАЦЬКАЎШЧЫНА'. Белорусская диаспора. Диаспора Беларуси, РБ.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Нашы славутыя землякі

Янка Юхнавец

Янка Юхнавец (сапраўднае імя Іван Змітрыкавіч Юхнавец) - паэт, празаік, драматург. Псеўданімы: Я.Юхна, К.Юхневіч; крыптонім Я.Ю.

Янка Юхнавец Нарадзіўся ў в. Забродак Докшыцкага р-на. Да вайны скончыў сярэднюю школу. Сям'я загінула ў гады вайны, сам Я.Юхнавец быў вывезены ў Германію. Трапіў у лагер перамешчаных асобаў, вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Я.Купалы. З 1949 г. жыве ў ЗША.

Пачынаў з вершаў, першыя з іх публікаваліся ў часопісе "Шыпшына" ў 1947 г., пазней - амаль ва ўсіх эмігранцкіх выданнях. Янка Юхнавец - аўтар зборнікаў паэзіі "Шорах моўкнасці", "Новая элегія", "Калюмбы", трохтомніка "Творы" (1990), ксеракснага зборніку "Дань майго часу" (1993), выбраныя творы "Сны на чужыне", выдадзены ў Мінску ў 1994 г. Пісаў навелы, апавяданні, гістарычную аповесць-успамін "Яно" пра Мінск Другой сусветнай вайны. У 1996 г. выйшла кніга "Драматычныя начыркі".

Творчасць Я.Юхнаўца ў беларускай літаратуры вылучаецца сваёй нетрадыцыйнасцю. Ён ідзе ў авангардзе найноўшай беларускай паэзіі, сугучнай са шляхам развіцця "адкрытага" еўрапейскага мастацтва, арганічна ўпісваючыся ў англасакскі кантэкст. Як паэт Янка Юхнавец цалкам фарміраваўся па-за абшарам беларускай літаратуры. "Доўгі час, - гаварыў ён у адным з інтэрв'ю, - я нічога не ведаў пра беларускую паэзію, заўсёды арыентаваўся на заходнюю літаратуру". Юрыдычную і практычна набытую тэхнічна-матэматычную адукацыю ён адначасова дапаўняў самастойнай самаадукацыяй па азіяцкай, заходнееўрапейскай літаратуры, глыбока вывучаў як творы класікаў сусветнай літаратуры, так і знаёміўся з заходнееўрапейскай філасофскай думкай. Усё гэта ападала на яго беларускае да-літаратурнае, казачнае светаўспрыманне. "Для мяне, - пісаў Я.Юхнавец, - беларускія казкі, народны фальклор (спосаб іх казання) сталіся над усім".

Як паэт і чалавек высока самаадукаваны, Янка Юхнавец, які глыбока азнаёмлены з заходняй культурай і добра разбіраецца ў іерархіі яе каштоўнасцей, у сваёй творчасці імкнуўся ажыццявіць сваё паэтычнае крэда "Умей тварыць нястворанае!" Пісаў ён свае творы, карыстаючыся беларускай моўнай традыцыяй. Творчасць Я.Юхнаўца, цесна звязаная з еўрапейскай паэтычнай культурай і анталагічна з беларускай, садзейнічае новым перспектывам развіцця сучаснай літаратуры.

Лідзія Савік

Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары

Rating All.BY
дзед ТАЛАШ - першы беларускi партал & каталёг
Беларуская інтэрнэт-бібліятэка -
Web-master: paragraph @ tut.by..