МГА 'БАЦЬКАЎШЧЫНА'. Белорусская диаспора. Диаспора Беларуси, РБ.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Беларусы замежжа:

Кароткі агляд

Гісторыя

У розных гістарычных умовах перасяленне беларусаў было выклікана эканамічнымі, палітычнымі і іншымі прычынамі. Ранняя эміграцыя вызначалася найперш уцёкамі з ВКЛ незадаволеных яго палітыкай прадстаўнікоў пануючага саслоўя. У 16-17 стст. выезд за мяжу быў выкліканы ўзмацненнем эксплуатацыі сялян, нацыянальна-рэлігійнага ўціску. У 17-18 стст. у ходзе войнаў беларускія землі часта станавіліся арэнай жорсткіх бітваў, а іх жыхары масава выводзіліся ў глыб Расійскай імперыі. Тры падзелы Рэчы Паспалітай і развіццё нацыянальна-вызваленчага руху у канцы 18-19 стст. вызначалі палітычныя прычыны эміграцыі. Боязь рэпрэсій з боку царскага ўрада выштурхнула з Бацькаўшчыны тысячы ўдзельнікаў паўстанняў Т.Касцюшкі, беларускай шляхты, К.Каліноўскага, а таксама прыхільнікаў аднаўлення ВКЛ у час паходу Напалеона на Расію. Беларусы рассеяліся па свеце, некаторыя ўключыліся ў рэвалюцыйны і вызваленчы рух у Еўропе і Амерыцы, садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання.

Першая хваля масавай працоўнай міграцыі пракацілася на рубяжы 19-20стст. Да Першай сусветнай вайны па эканамічных прычынах у Расію перасялілася больш за 700 тыс., у ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Заходняй Еўропы - 500-600 тыс. чалавек. Першая сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, германская і польская акупацыі Беларусі выклікалі адток беларускага насельніцтва на Усход Расіі (246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных не вярнуліся на Радзіму), вываз ваеннапалонных у Германію, выезд больш 120 тыс. чалавек у Літву, Латвію, Эстонію, Чэхаславакію, Турцыю і інш. краіны. Працоўная эміграцыя звязана з выездам у Амерыку і Еўропу (каля 180-250 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі). З БССР у 1926-1938 гг. у іншыя рэгіёны СССР перасялілася больш 600 тыс. чалавек (планавы набор рабочай сілы, дэпартацыі, палітычныя рэпрэсіі і інш.).

У выніку Другой сусветнай вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіравалася на ўсход і толькі трэць з іх вярнулася ў БССР; у ліку савецкіх ваеннапалонных за мяжой апынуліся сотні тысяч беларусаў; 385 тыс. чалавек вывезена ў Германію. Да 1946 г. у СССР рэпатрыіравана 520 тыс. беларусаў. Пасля вайны беларуская дыяспара папаўнялася нязначна.

Рэгулярны прыток выхадцаў з Беларусі ў заходнія краіны выявіўся ў канцы 1980-х гадоў. З 1988 па 1999 гг. атрымалі дазвол на эміграцыю каля 143 тыс. чалавек. На 1999 г., па неафіцыйных звестках, каля 500 тыс. беларусаў пражывала ў ЗША, каля 100 тыс. - у Канадзе, дзесяткі тысяч у Аргенціне, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, а таксама ў новых цэнтрах беларускай дыяспары - Велікабрытаніі і Аўстраліі. Прыкладна 250-400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынулася ў Польшчы пасля вызначэння пасляваенных дзяржаўных граніц. Пасля распаду СССР на яго абшарах апынулася большасць усіх замежных беларусаў, у Расіі іх больш 1 млн. чалавек, на Украіне больш 400 тыс., Казахстане - 110 тыс., Латвіі - амаль 100 тыс., Літве - 55 тыс., Эстоніі - 25 тыс. і г. д.

На рубяжы 20-21 стст. за межамі Беларусі пражывае каля 3,5 мільёнаў беларусаў. Духоўнай асновай нацыянальнага самавызначэння, праявай самабытнасці, адметнасці сталі створаныя ў замежжы працай і ахвярнасцю многіх беларусаў грамадскія, палітычныя, асветна-культурныя, навуковыя, рэлігійныя арганізацыі, суполкі мастакоў, нацыянальны друк і асвета, культурныя цэнтры, музеі і архівы, мастацкія калектывы, пабудаваныя храмы.

Эміграцыя ў гады Другой сусветнай вайны

З пачаткам Другой сусветнай вайны перапыніўся прыток беларускіх эмігрантаў на амерыканскі кантынент і карэнным чынам змяніліся іх колькасць і становішча ў еўрапейскіх дзяржавах. На акупаваных немцамі тэрыторыях аказаліся сталыя беларускія асяродкі з арганізаваным нацыянальным жыццём (у Празе, Парыжы, Варшаве, Лодзі і інш). Захоп Германіяй Польшчы і далучэнне Заходняй Беларусі да БССР выклікалі выезд на захад палітычных дзеячаў, якія не мелі даверу да палітыкі савецкай улады.

У Германію і на акупаваныя ёю тэрыторыі эмігравалі многія беларусы з віленскага і іншых асяродкаў прыбалтыйскіх дзяржаў напярэдадні іх інкарпарацыі ў СССР. 70-80 тысяч беларусаў, што ваявалі ў складзе польскага войска, трапілі ў нямецкі палон, а затым з канца 1939 г. і на працягу 1940 г. атрымалі права ўладкоўвацца вольнымі работнікамі. Арганізацыю матэрыяльнай падтрымкі і культурна-асветнай работы ажыццяўлялі грамадскія арганізацыі: Беларускі Камітэт самапомачы ў Берліне (меў аддзелы ў Мюнхене, Лейпцыгу, Вене, Празе, Лодзі, Торуні і іншых месцах) і Беларускі камітэт у Генеральнай губерні ў Варшаве (меў аддзяленні ў Кракаве і Бялай Падлясцы).

Неакрэсленасць пазіцыі кіраўніцтва Германіі адносна статуса Беларусі спарадзіла разлік часткі лідэраў беларускай эміграцыі на падтрымку іх памкненняў да незалежнасці Беларусі. У сувязі з гэтым у 1941 г. у Берліне узнік Беларускі нацыянальны цэнтр. Лідэры створанай летам 1940 г. у Варшаве Партыі беларускіх нацыяналістаў наадварот арыентаваліся на заходніх саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі, лічылі, што яны стануць пераможцамі і будуць вырашаць праблемы пасляваеннага ўладкавання Еўропы, а тады можна будзе пытанне незалежнасці Беларусі вывесці на міжнародны ўзровень.

Напад Германіі на СССР, працяглая акупацыя тэрыторыі Беларусі абумовілі масавае, галоўным чынам прымусовае, перамяшчэнне яе насельніцтва. У ліку савецкіх ваеннапалонных за мяжой аказаліся сотні тысяч беларусаў. Амаль 385 тыс. асоб былі прымусова адпраўлены з акупаванай БССР у Германію як танная працоўная сіла (остарбайтэры). Напрыканцы вайны ў Германіі паявіліся лагеры прымусова вывезеных дзяцей ад 6 да 12 гадоў. На працу ў Германію паехалі каля 5 тыс. юнакоў і дзяўчат Саюза беларускай моладзі. Мелі яны, як і прымусова вывезеныя, нялёгкія ўмовы жыцця і працы, але ў адрозненне ад апошніх праводзілі нацыянальную культурна-асветную працу. У гады вайны ў Германіі выдаваліся газеты "Раніца", "Беларускі работнік", часопісы "Беларускі студэнт", "Малады змагар", была 15-хвілінная радыёперадача на беларускай мове ў Гамбургу.

Нямецкія ўлады ізалявалі прэзідэнта БНР В.Захарку, які знаходзіўся ў акупаванай Празе і адмовіўся выступаць у падтрымку германскай палітыкі. Перад сваёй смерцю ў 1943 г. ён перадаў паўнамоцтвы М.Абрамчыку, які быў арыштаваны гестапа і вывезены ў Парыж. Паспяховае наступленне савецкіх войскаў выклікала значную эмігранцкую хвалю з Беларусі тых, хто баяўся вяртання сталінскага рэжыму. За мяжу выехалі дзесяткі тысяч беларусаў, у тым ліку арганізацыі, установы, вайсковыя фарміраванні, створаныя на акупаванай тэрыторыі (БЦР, Галоўны штаб Саюза беларускай моладзі, Сабор епіскапаў Беларускай праваслаўнай царквы, атрады Беларускай краёвай абароны і дапаможнай паліцыі), інтэлігенцыя, якая працавала ў гады вайны ў адукацыйнай сістэме і культурна-асветных арганізацыях. Гэтая плынь была ў асноўным палітычнай - апазіцыйнай савецкай уладзе.

БЦР, якая выехала ў Кёнігсберг, а затым Берлін, зрабіла захады па афармленні сябе ўрадам у выгнанні. Рабілі спробы наладзіць кантакты з заходнімі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі, каб стварыць умовы для далейшай дзейнасці эміграцыі пасля вайны. Большасць членаў БЦР у канцы вайны трапіла ў зоны акупацыі ЗША і Вялікабрытаніі.

Няпростым быў лёс беларускіх вайсковых фарміраванняў, якія пры адступленні немцаў былі ўключаны ў германскае войска. Батальёны Беларускай краёвай абароны (да 16 тыс. чалавек) былі адпраўлены на заходні фронт. Нямала гэтых беларусаў, якія аказаліся летам 1944 г. на тэрыторыі Францыі, далучыліся да мясцовых партызан, а адзін батальён перайшоў у Швейцарыю. Восенню 1944 г. большасць іх уступіла ў войска Андэрса і змагалася супраць Германіі. Значная частка беларусаў з дывізіі Зіглінга ў Францыі здаліся ў палон англа-амерыканскім саюзнікам восенню 1944 г. Сотні беларусаў-остарбайтэраў, уцекачоў з лагераў ваеннапалонных, працоўных каманд, канцлагераў вялі антыфашысцкую барацьбу на тэрыторыі акупаваных еўрапейскіх дзяржаў. Узброенае змаганне супраць акупантаў жыхары Беларусі вялі ў складзе часцей нацыянальна-вызваленчай арміі Югаславіі.

Нямала беларускіх эмігрантаў змагалася на франтах Другой сусветнай вайны ў войсках дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі. Улады Францыі ў 1939 г. упершыню прызвалі ў армію больш 6 тыс. беларусаў. У баях з германскімі войскамі праявілі мужнасць сотні амерыканскіх беларусаў. У брытанскім войску служыла не менш 30 тыс. беларусаў, з іх больш за 1700 загінулі на заходніх франтах, у тым ліку ў вядомай бітве пры Монтэ-Касіна (Італія).

Яшчэ ў ходзе вайны ў адпаведнасці з рашэннем СНК СССР (кастрычнік 1944 г.) пачалася абавязковая рэпатрыяцыя савецкіх грамадзян, якая пазбаўляла магчымасці застацца ў эміграцыі. Але заходнія саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі не адносілі да падлягаючых рэпатрыяцыі тых асоб, якія да пачатку Другой сусветнай вайны пражывалі ў Польшчы (у Заходняй Беларусі), прыбалтыйскіх дзяржавах. Карыстаючыся гэтым, многія беларусы, змяніўшы нацыянальнасць, пазбеглі прымусовай рэпатрыяцыі.

Галіна Сяргеева

Сучаснасць

Набыццё Беларуссю незалежнасці і звязанае з гэтым паглыбленне працэсаў дзяржаўнага, нацыянальна-культурнага адраджэння (асабліва ў першай палове 1990-х гадоў) абумовіла якасна новыя тэндэнцыі ў міграцыйных працэсах, адносінах Бацькаўшчыны да замежных суродзічаў, у жыцці беларускай замежнай супольнасці:

  • Заканадаўча замацаванае права на выезд грамадзян Беларусі за яе межы і вяртанне ў краіну (дзейнічае з 1994 г.) абумовіла натуральныя міграцыйныя працэсы. У савецкі ж час стымуляваўся выезд жыхароў БССР у рэгіёны СССР, а эміграцыя ў заходнія краіны была нязначнай, бо стрымлівалася ўладай рознымі спосабамі (прававымі, ідэялагічнымі, эканамічнымі ды інш.).
  • Адметнасцю беларускай замежнай супольнасці ў 1990-я гады стала прыкметнае яе колькаснае змяншэнне на постсавецкай прасторы і паступовае павялічэнне ў заходніх краінах. У 1992-2000 гг. стыхійная міграцыя беларусаў з пост савецкай прасторы ў Беларусь склала 200 тыс., што склала 46% ад усёй колькасці прыбылых адтуль. За гэты час з Беларусі выехалі ў новыя незалежныя краіны каля 70 тыс. беларусаў. З 1992 па 2000 г. з Беларусі эмігравалі ў заходнія краіны больш за 75 тыс. жыхароў (у Канаду, ЗША, Ізраіль, Германію, Польшчу, Аўстралію ды інш.), пры гэтым каля траціны з іх склалі беларусы.
  • 1990-я гады характарызуюцца істотнымі зменамі ў складзе беларускай дыяспары:
    • Новым стала з'яўленне ў эміграцыі грамадзян незалежнай Беларусі (некалькі дзесяткаў тысяч).
    • Сфармавалася новая, немагчымая ў савецкі перыяд, з'ява - часовая працоўная эміграцыя. У 1994 - 2000 гг. у Міністэрстве працы зарэгістравалі свае кантракты больш за 20 тысяч жыхароў Беларусі. Па меркаванню даследчыкаў колькасць нелегальных эмігрантаў вызначаецца ўжо дзесяткамі тысяч.
    • Праявілася ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння дыяспары (пераважна па эканамічных прычынах) за кошт здольных, творчых, перспектыўных высокапрафесійных выхадцаў з Беларусі, якія часова ці стала жывуць за мяжой. Неспрыяльныя падаткавыя, інвестыцыйныя ўмовы гаспадарання выштурхоўваюць у іншыя краіны прадпрымальнікаў і іх капіталы.
    • Беларусь першая сярод пост савецкіх рэспублік займела палітычную эміграцыю. Апаненты ўладзе атрымалі палітычны прытулак у ЗША, Чэхіі, Польшчы, Бельгіі, Вялікабрытаніі.
  • Істотным фактарам у 1990-я гады стала ўзнікненне на ўсёй прасторы пражывання беларускай дыяспары нацыянальна-арганізаванай дзейнасці (у іншаэтнічных рэгіёнах СССР яна цалкам адсутнічала ад 1930-х да сярэдзіны 1980-х гадоў). Культурна-асветную і сацыяльна-дабрачынную дзейнасць ажыццяўляюць беларускія суполкі, таварыствы, згуртаванні, навуковыя цэнтры, выдавецтвы, бібліятэкі у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Польшчы, Аўстраліі, Расіі, Літве, Украіне, Малдове, Казахстане, Латвіі, Эстоніі, Кыргызстане, Узбекістане, Арменіі ды інш.

Галіна Сяргеева

Міграцыя

Слова "міграцыя" паходзіць ад лац. перасяленне (насельніцтва). Пад ім разумеюцца тэрытарыяльныя перамяшчэнні людзей (з мэтай перамены месца пражывання) у межах дзяржавы (унутраная) і з адной краіны ў другую (знешняя - эміграцыя і іміграцыя). На міграцыю ўплываюць прыродныя, дэмаграфічныя, эканамічныя, культурныя, маральныя, сацыяльна-псіхалагічныя, палітычныя, ваенныя, рэлігійныя і інш. фактары. У сярэднія вякі знешняя міграцыя з беларускіх княстваў, а затым Вялікага Княства Літоўскага ажыццяўлялася шляхам дынастычных шлюбаў, перасяленняў у Маскоўскую дзяржаву праваслаўнай знаці, нязгоднай з існуючай палітыкай (разам з войскам і сялянамі), вывазу ў палон. Натуральнай эміграцыі з беларускіх зямель спрыяў прывілей 1447 г. вялікага князя ВКЛ Казіміра IV, паводле якога князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць краіну. Права ўсіх свабодных людзей на выезд за мяжу прадугледжвалася статутамі 1566 і 1588 гг. (за выключэннем "непрыяцельскіх" дзяржаў). З канца XVI ст. у Расіі павялічылася колькасць беглых у Расію сялян з беларускіх зямель у пошуках волі ці незанятай зямлі. У ХVІІ-ХVІІІ стст. масавы характар набыў вываз у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і іншымі краінамі не толькі служылых людзей, але і шляхты, рамеснікаў, сялян. Пашырэнне ў XVII ст. у Рэчы Паспалітай палітыкі паланізацыі выклікала выезд з беларускіх зямель на ўсход вядомых беларускіх дзеячаў культуры, праваслаўных святароў. Далучэнне ў канцы XVIII ст. беларускіх зямель да Расіі пашырыла міграцыю з іх, асабліва пасля адмены прыгоннага права, у цэнтральныя і паўднёвыя раёны еўрапейскай Расіі, Сібір, Казахстан, Далёкі Усход. У канцы XIX - пачатку XX стст. масавасць набыў адыход беззямельных ці малазямельных беларускіх сялян на заработкі ў іншаэтнічныя рэгіёны дзяржавы, павялічылася эканамічная эміграцыя (асабліва пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг.) у ЗША, Канаду, іншыя краіны Амерыкі, Заходнюю Еўропу (сюды пераважна на сезонную працу). Сярод раёнаў нечарназёмнай паласы Расіі 5 губерняў з пераважна беларускім насельніцтвам далі 85% усіх перасяленцаў, адмоўнае сальда міграцыі за 1897-1914 гг. склала 0,5 млн. асоб.

Вымушаныя масавыя перасяленні жыхароў адбыліся ў Першую сусветную вайну, калі беларускія землі аказаліся ў эпіцэнтры баявых дзеянняў (сотні тысяч эвакуіраваных і бежанцаў у глыбінныя раёны Расіі, некалькі дзясяткаў тысяч ваеннапалонных у Германіі), а затым пасля рэвалюцый 1917 г. у Расіі, польскай акупацыі (дзесяткі тысяч асоб эмігравалі ў Літву, Латвію, Эстонію, Польшчу і інш.). З Заходняй Беларусі, якая да 1939 г. уваходзіла ў склад Польшчы, выехала за яе межы ў выніку сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага ўціску каля 200 тыс. чалавек. Аб актыўнай міграцыі насельніцтва БССР сведчыць тое, што ў міжваенны перыяд у іншаэтнічныя рэгіёны СССР прыехала больш за 1,6 млн. чалавек (планавы набор рабочай сілы, уцёкі сялян ад прымусовай калектывізацыі, ссылка і ссылка "раскулачаных", беспадстаўна рэпрэсіраваных па палітычных і ідэалагічных матывах, святароў інш.). З 1924 па 1939 гг. Беларусь мела адмоўнае сальда міграцый (960 тыс. у сучасных граніцах). У перадваенныя гады пашырылася ўнутрырэспубліканская міграцыя. 3 1926 па 1939 гг. удзельная вага гарадскога насельніцтва павялічылася на 8%.

Вялізныя міграцыйныя зрухі выклікала Другая сусветная вайна. З пачаткам яе 70-80 тыс. жыхароў - беларусаў заходняй Беларусі, прызванных у польскае войска, трапілі ў нямецкі палон. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР савецкія ўлады ў 1939-1940 гг. правялі тут масавыя дэпартацыі насельніцтва (найперш палякаў) у Сібір, Казахстан і інш. Пасля нападу Германіі на СССР 1,5 млн. чалавек з Беларусі былі эвакуіраваны ва ўсходнія раёны дзяржавы. Больш 1 млн. 100 тыс. жыхароў Беларусі змагаліся ў шэрагах Савецкай Арміі, тысячы - у арміях саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі, еўрапейскім руху супраціўлення. 385 тыс. асоб з акупаванай тэрыторыі было вывезена на прымусовыя работы ў Германію, у ліку савецкіх ваеннапалонных сотні тысяч жыхароў БССР аказаліся ў Германіі ці захопленых ёй краінах. Пасля вайны засталіся ў Заходняй Еўропе, а затым у большасці сваёй эмігравалі на амерыканскі і аўстралійскі кантыненты дзесяткі тысяч остарбайтэраў, ваеннапалонных, выехалі за мяжу тыя, хто ў гады нямецкай акупацыі працаваў (добраахвотна ці прымусова) у цывільнай адміністрацыі, культурна-асветных установах Беларусі, вайскоўцы атрадаў Беларускай краёвай абароны і інш. Большасць грамадзян, якія ў гады вайны аказаліся за межамі СССР, вярнуліся на Радзіму, сюды трэба таксама далучыць некалькі дзясяткаў тысяч выхадцаў з Беларусі, якія эмігравалі ў дарэвалюцыйны і даваенны час. Пасля вайны дзяржаўная стымуляцыя ўнутрыміграцыйных працэсаў (планавыя вярбоўкі, грамадскія прызывы на новабудоўлі, абавязковае размеркаванне маладых спецыялістаў і інш.) спрыяла таму, што з 1949 па 1964 гг. БССР мела адмоўнае сальда міграцыі ў 1,2 млн., затым паступова адток насельніцтва ў іншыя рэспублікі скараціўся ў 1980-я гг. адмоўнае сальда не перавышала 1-2 тыс. чал. у год. Толькі ў 1950-х - пачатку 1960-х гг. з Беларусі выехала каля 900 тыс. чал. на новабудоўлі і цалінныя землі Сібіры, Казахстана, іншых раёнаў краіны. За межамі БССР на тэрыторыі СССР у 1959 г. пражывала 1,4 млн. беларусаў, у 1970 г. - 1,8 млн., у 1989 г. - 2,1 млн. Унутраная міграцыя ў межах БССР вызначалася з 1960-х гг. масавым перасяленнем сельскіх жыхароў у гарады ў сувязі з ростам прамысловасці. Урбанізацыя працягваецца і цяпер, што прыводзіць да абвастрэння праблемы працоўных рэсурсаў у вёсцы. Чарнобыльская катастрофа абумовіла экалагічную міграцыю насельніцтва з забруджаных тэрыторый Гомельскай і Магілёўскай абласцей у іншыя раёны рэспублікі.

Пры адсутнасці ў СССР заканадаўча замацаванага права на эміграцыю выезд з БССР у замежныя краіны быў нязначны (шлюбы з іншаземцамі, эміграцыя з канца 1960-х гг., найчасцей грамадзян яўрэйскага паходжання, для ўз'яднання сямей). Ажыўленне пачалося толькі пасля пачатку лібералізацыі ў СССР. З БССР у 1988-1991 гг. атрымалі дазвол на выезд ў заходнія краіны больш як 74 тыс. чал.

Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці праявіліся істотна новыя тэндэнцыі ў напрамку і балансе эміграцыйна-іміграцыйных працэсаў. У 1992-1999 гг. у Беларусь прыбыло 668 тыс. чал., а пакінула яе 495 тыс. асоб. У гэтыя гады Беларусь мела дадатнае сальда міграцыі з новымі незалежнымі дзяржавамі на постсавецкай тэрыторыі (за выключэннем 1994-1995 гг.). За кошт гэтага адбываўся прырост насельніцтва краіны. Калі ў 1992-1999 гг. рэспубліка прыняла з новых незалежных дзяржаў 408 тыс. жыхароў, то з Беларусі ў гэтыя краіны выехала 210 тыс. чал., а больш за 69 тыс. чал. атрымалі дазвол на эмігрцыю ў Ізраіль, ЗША, Германію, Канаду, Польшчу і інш. У апошнія гады з'явіліся новыя віды іміграцыі ў Беларусь: вымушаная, нелегальная, працоўная і інш. Па неафіцыйных звестках на тэрыторыі рэспублікі знаходзіцца 100-300 тыс. нелегальных мігрантаў. Больш 30 тыс. чал., якія ў 1992-1999 гг. прыбылі ў Беларусь, прэтэндуюць на статус бежанцаў. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусь пачала фарміраваць уласную міграцыйную палітыку. Важнымі крокамі на гэтым шляху стаў закон аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь (18.10.1991), прыняцце ў маі 1993 г. закона аб парадку выезду грамадзян з Беларусі і ўезду ў яе (дзейнічае з 01.01.1994). Канстытуцыя, прянятая 15 сакавіка 1994 г., замацавала за грамадзянамі права "свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад". У ліпені 1992 г. заснавана Дзяржаўная міграцыйная служба пры Дзяркамітэце па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва (затым пры Міністэрстве працы). З 1 студзеня 1997 г. яна пераўтворана ў Камітэт па міграцыі пры Міністэрстве працы. Беларусь - член Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (у снежні 1996 г. у Мінску заснавана яе прадстаўніцтва). Паміж ёй і ўрадам Беларусі падпісана ў чэрвені 1998 г. пагадненне аб супрацоўніцтве, ратыфікаванае ў маі 1999 г. З 1995 г. у Беларусі дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.

Практычнымі мерамі па рэгуляванню міграцыйных працэсаў сталі падпісаныя рэспублікай у 1990-я гг. міжурадавыя пагадненні аб абароне правоў сваіх грамадзян з Польшчай, Расіяй, Украінай, Літвой, Казахстанам, Славакіяй, Кубай. Падпісана 30 кастрычніка 1996 г. і ратыфікавана 6 студзеня 1998 г. пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі аб рэгуляванні працэсаў перасялення і абароне правоў перасяленцаў. На сацыяльную абароненасць працоўных мігрантаў у заходнееўрапейскіх краінах скіравана пагадненне аб партнёрстве і супольніцтве з еўрапейскімі супольніцтвамі і іх дзяржавамі-членамі (06.03.1995). Прыныты закон "Аб знешняй працоўнай міграцыі" (17.06.1998). Асноўныя мэты і прынцыпы эміграцыйна-іміграцыйнай палітыкі Беларусі, механізмы яе рэалізацыі сфармуляваны ў Дзяржаўнай міграцыйнай праграме, ухваленай урадам 8 красавіка 1998 г.

Галіна Сяргеева

Дэпартацыя

Дэпартацыя (лацінскае dерогtаcіо - літаральна "вываз") - выгнанне, прымусовае высяленне асоб з месца пастаяннага жыхарства па сацыяльных, палітычных, рэлігійных і іншых матывах. Прымяняецца як мера крымінальнага ці адміністрацыйнага пакарання "сацыяльна-небяспечных" асоб з абмежаваннем свабоды перамяшчэння на новым месцы. У праве - тэрмін для абазначэння асобных відаў ссылкі. У Расійскай імперыі шырока практыкавалася высылка тых грамадзян, якіх улады лічылі "непажаданымі" ў палітычных адносінах. У 1824 г. больш 20-ці ўдзельнікаў тайных таварыстваў патрыятычнай моладзі ў Беларусі і Літве былі высланы ў Пецярбург і ў аддаленыя губерні Расіі. Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчых паўстанняў 1794 г., 1830-1831 гг., 1863-1864 гг. былі высланыя ўжо тысячы асоб ў аддаленыя і кліматычна суровыя для жыцця і працы рэгіёны імперыі. У сувязі з нелаяльнымі адносінамі шляхты да новай улады ў паўднёвыя губерні Расіі пераселена пасля паўстання 1830-1831 гг. значная частка дваран, якая не змагла пацвердзіць сваю прыналежнасць да гэтага саслоўя і была пераведзена ў разрад дзяржаўных сялян-аднадворцаў. Пасля падаўлення паўстання 1863 г. на Беларусі ў Сібір і іншыя этнічныя рэгіёны былі высланыя 12 483 асобы. У гады Першай сусветнай вайны, калі расійскія ўлады ва ўмовах адступлення 1915 г. спрабавалі прымяняць тактыку "выпаленай зямлі", частка насельніцтва была прымусова дэпартавана з прыфрантавой тэрыторыі ўглыб дзяржавы. Пасля ўсталявання савецкай улады дэпартацыі прымяняліся ў адносінах да апазіцыі, патэнцыяльных непрыхільнікаў новага ладу жыцця. З месцаў пастаяннага пражывання гвалтоўна высылаліся (у 20-40-я гг. масава, без суда і следства) грамадзяне, якіх таталітарная сістэма з класавых пазіцый прызнавала ворагамі народа. Дэпартацыі практыкаваліся не толькі ў адносінах да асоб, але і саслоўяў (дваранства, заможнага сялянства, нацыянальнай інтэлігенцыі). За межы Беларусі ў канцы 1920 - пачатку 1930-х гг. дэпартаваны шматлікія прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі, абвінавачаныя ў т.зв. "нацыянал-дэмакратызме". Масавыя дэпартацыі з Беларусі сялянства ажыццяўляліся падчас калектывізацыі, якая з 1929 г. праводзілася адміністрацыйна-прымусовымі метадамі. Падчас рэалізацыі палітыкі "ліквідацыі кулацтва як класа", да якога ўлады Беларусі аднеслі шмат сераднякоў, было "раскулачана" каля 15% сялянскіх гаспадарак. Да вясны 1930 г. у БССР было "раскулачана" і выселена са сваіх двароў больш за 15,5 тыс. сялянскіх сем'яў. Многія з іх былі вывезеныя на Крайнюю Поўнач, у Сібір, Казахстан і іншыя рэгіёны з фармулёўкай "за антысавецкую агітацыю супраць калектывізацыі", "невыкананне збожжавых паставак", "шкодніцтва ў калгасах". 3 мая 1932 г. па май 1933 г. выслана 35 тыс. сем'яў. Усяго ў 1931-1934 гг. з БССР гвалтоўна выселена каля 260 тыс. асоб, многія з якіх загінулі ад голаду, непасільнай працы ў месцах дэпартацыі ці яшчэ ў дарозе. Пасля далучэння да БССР Заходняй Беларусі савецкая ўлада стала актыўна пазбаўляцца ад "ненадзейных", "класава варожых" элементаў, і з гэтай тэрыторыі з кастрычніка 1939 г. і да нападу Германіі на СССР у чэрвені 1941 г. з грубымі парушэннямі закона было дэпартавана больш за 120 тыс. чалавек (частка іх лічылася спецперасяленцамі). Калі Другая сусветная вайна перасягнула межы СССР, пачаліся пазасудовыя расправы і высылкі ні ў чым не вінаватых членаў сем'яў "здраднікаў Радзімы" і ваеннапалонных. Ужо 28 чэрвеня 1941 г. з'явіўся загад, які прадугледжваў адказнасць членаў сям'і завочна асуджаных здраднікаў Радзімы, вызначаны парадак высяленняў аддаленыя раёны. Ахвярамі татальнага недаверу з боку савецкай сістэмы ў пасляваенныя гады сталі жыхары Беларусі, якія па розных прычынах засталіся на акупаванай немцамі тэрыторыі, апынуліся за мяжой (ваеннапалонныя, остарбайтэры, удзельнікі еўрапейскага антыфашысцкага руху супраціўлення, ваяваўшыя ў саюзных арміях). Вайскоўцы-беларусы з 2-га Польскага корпуса пад камандаваннем генерала У.Андэрса (8-я Брытанская армія), што змагаліся на Заходнім фронце і пасля яго расфарміравання ў 1946-1947 гг. вярнуліся на бацькаўшчыну, былі 1 красавіка 1951 г. разам з сем'ямі вывезены на спецпасяленне ў Іркуцкую вобласць. Пры гэтым рашэнне аб іх высяленні і канфіскацыі маёмасці прымалася асобай нарадай ужо пасля вывазу. Амністыяй 1955 г. "андэрсаўцы" былі памілаваны (а не рэабілітаваны) і пачалі вяртацца ў родныя мясціны. Дэпартацыі з заходніх абласцей БССР прадоўжыліся ў 1944-1953 гг., калі тут ажыццяўлялася прымусовая калектывізацыя. У верасні 1951 г. Савет Міністраў СССР прыняў Пастанову "Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР", у выніку ажыццяўлення якой толькі ў 1952 г. за межы БССР была выслана 4431 "кулацкая" сям'я ў Казахстан, Якуцію, Кіргізію і іншыя аддаленыя рэгіёны дзяржавы. 3 другой паловы 50-х гг. пачалася рэабілітацыя бязвінных ахвяр таталітарнай сістэмы, якая працягваецца і зараз. У кастрычніку 1992 г. Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Украіна падпісалі Пагадненне па пытаннях, звязаных з узнаўленнем правоў дэпартаваных асоб, нацыянальных меншасцяў і народаў. У ім дзяржавы асудзілі "тое, што мела месца ў мінулай таталітарнай практыцы" прымусовае перасяленне народаў, нацыянальных меншасцяў і асобных грамадзян былога СССР, як злачынства, якое супярэчыць агульначалавечым, гуманным прынцыпам. Яны перанялі на сябе абавязкі па законнай абароне дэпартаваных і забеспячэнні добраахвотнага вяртання ў месцы іх пражывання на момант высылкі. У пагадненні прадугледжваецца вырашэнне пытанняў грамадзянства, свабоднага выезда-ўезда, пенсійнага забеспячэння, спрыяння ў атрыманні крэдытаў для ўладкавання. Сваім рашэннем ад мая 1996 г. Арменія, Беларусь, Казахстан, Расія, Кыргызская Рэспубліка, Таджыкістан і Украіна абавязаліся прымаць меры па вырашэнню комплекса пытанняў, неабходных для рэалізацыі Пагаднення 1992 г.

Галіна Сяргеева

Рэпатрыяцыя

"Рэпатрыяцыя" (вяртанне на радзіму) - вяртанне ў краіну грамадзянства, сталага пражывання ці паходжання асоб, якія апынуліся ў іншай дзяржаве ў выніку войнаў, надзвычайных прыродных катаклізмаў, па палітычных, рэлігійных, эканамічных, этнічных, асабістых прычынах: ваеннапалонных, бежанцаў, інтэрніраваных і перамешчаных асоб, эмігрантаў (з узнаўленнем у правах грамадзянства). Рэпатрыяцыя вядома са старажытнасці, але ўпершыню юрыдычна замацавана ў мірных дагаворах пасля Першай сусветнай вайны ў сувязі з урэгуляваннем праблемы бежанцаў. Рэпатрыяцыя ажыццяўляецца, як правіла, на падставе міжнародных дагавораў ці пры наяўнасці адпаведных законаў у зацікаўленых дзяржавах. Яна звязана са зменай (набыццём) грамадзянства і можа быць разнавіднасцю аптацыі - выбару асобай грамадзянства, калі змянілася дзяржаўная прыналежнасць тэрыторыі яе пражывання. Гэта мела месца пасля заканчэння савецка-польскай вайны на падставе заключанага 24 лютага 1921 г. дагавора аб рэпатрыяцыі паміж Польшчай і РСФСР, УССР. Да 1924 г. у Заходнюю Беларусь (у складзе Польшчы) вярнулася каля 700 тыс. бежанцаў, пераважна з Расійскай Федэрацыі. Дзесяткі тысяч асоб, якія пакінулі Расію пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і ў ходзе грамадзянскай вайны, вярнуліся ў СССР, у тым ліку ў БССР. Нэп, беларусізацыя, пашырэнне тэрыторыі БССР, амністыя 1923 г. паспрыялі вяртанню на Бацькаўшчыну ў другой палове 1920-х гг. і часткі палітычных эмігрантаў. Прыток рэпатрыянтаў у СССР спыніўся з пачаткам масавых палітычных рэпрэсій.

Пэўная рэпатрыяцыя звязана з пачаткам Другой сусветнай вайны. Пры заключэнні 28 жніўня 1939 г. дагавора аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй быў падпісаны і канфідэнцыяльны пратакол аб выездзе асоб нямецкай нацыянальнасці з тэрыторыі, якая адышла да СССР, а беларусаў і ўкраінцаў - з акупаванай Германіяй тэрыторыі Польшчы. У адпаведнасці з падпісаным 16 лістапада 1939 г. пагадненнем Германія перадала СССР 38.424 пастаянных жыхароў заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх зямель. Германскі ўрад пасля заканчэння тэрміну работ па эвакуацыі бежанцаў прапанаваў у сакавіку 1940 г. у абмен на 1-2 тыс. нямецкіх асоб, якія не паспелі выехаць ці знаходзіліся ў заключэнні, перадаць СССР 50 тыс. палонных германа-польскай вайны - ураджэнцаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Сваю адмову савецкі ўрад тлумачыў у ноце Народнага камісарыята замежных спраў тым, што пагадненнем ад 1939 г. не прадугледжана вяртанне гэтай катэгорыі асоб у месцы іх пражывання і што ў адпаведнасці з законамі СССР яны не могуць быць прызнаны савецкімі грамадзянамі, бо не знаходзіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны на момант іх уключэння ў склад СССР.

Праблемы рэпатрыяцыі мільёнаў савецкіх грамадзян (ваеннапалонных, вывезеных на работу - з БССР каля 385 тыс. чал.) востра паўстала ў канцы Другой сусветнай вайны і пасля яе завяршэння ў Еўропе. На гэты час на тэрыторыі Германіі і Аўстрыі налічвалася звыш 6 млн. чалавек з СССР, з іх амаль 5 млн. "остарбайтэраў". Па рашэнню СНК СССР ад 4 кастрычніка 1944 г. рэпатрыяцыі падлягалі ў абавязковым парадку ўсе савецкія грамадзяне, якія ў ходзе Другой сусветнай вайны апынуліся за мяжой. Выключэнне было зроблена для замужніх жанчын, якія мелі дзяцей. У кастрычніку 1944 г. было створана Упраўленне ўпаўнаважанага СНК СССР па справах рэпатрыяцыі. Пры СНК БССР, а таксама РСФСР, Украіны, Малдавіі, Эстоніі і Латвіі дзейнічалі аддзелы рэпатрыяцыі. У рэспубліцы былі арганізаваны аддзелы пры выканкамах абласцей, функцыянавалі размеркавальныя пункты, спецыяльныя фонды харчавання, адзення і абутку, былі выдзелены пэўныя сродкі для дапамогі рэпатрыянтам. СССР дамагаўся максімальнай рэпатрыяцыі сваіх грамадзян да сярэдзіны 1950-х гг., каб задаволіць патрэбы дзяржавы ў рабочай сіле для аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі, прадухіліць патэнцыяльную масавую эміграцыю, прадэманстраваць міжнароднай супольнасці прыхільнасць савецкіх людзей да існуючага ладу. СССР дабіўся ад саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі згоды на абавязковую рэпатрыяцыю на Крымскай канферэнцыі (Ялта, люты 1945 г.). Міжнародна-прававымі актамі па рэгуляванні рэпатрыяцыі сталі заключаныя адпаведныя пагадненні СССР з Вялікабрытаніяй і ЗША (11.2.1945), Бельгіяй (13.3.1945), Францыяй (29.6.1945). Яны прадугледжвалі вяртанне дамоў грамадзян гэтых дзяржаў - бежанцаў і перамешчаных асоб, у тым ліку ваеннапалонных. 3 сакавіка 1945 г. пачалася арганізаваная рэпатрыяцыя савецкіх грамадзян з-за мяжы. Пры тым СССР адмовіўся ад удзелу Адміністрацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях дапамогі і аднаўлення (ЮНРРА), якая займалася яшчэ міжнароднай прававой абаронай бежанцаў і перамешчаных асоб (1943-1946). Рэпатрыяцыйныя місіі арганізавалі вываз у СССР практычна ўсіх, незалежна ад іх намераў.

Натуральным жаданнем пераважнай большасці спакутаваных людзей было імкненне пакінуць разбураную вайной Еўропу, пры гэтым яны спадзяваліся на нармальныя адносіны да сябе на Радзіме. Да 1 сакавіка 1946 г., калі ў асноўным рэпатрыяцыя была завершана, у СССР вярнулася амаль 521 тыс. беларусаў (больш за 385 тыс. грамадзянскіх асоб і каля 135 тыс. ваеннапалонных). Юрыдычнай падставай для вяртання на Бацькаўшчыну эмігрантаў папярэдніх хваляў стаў Указ Прэзідыума ВС СССР ад 14 чэрвеня 1946 г. "Аб аднаўленні ў грамадзянстве СССР падданых былой Расійскай імперыі, а таксама асоб, якія страцілі савецкае грамадзянства", іншыя акты 1945-1947 гг., паводле якіх беларусы і ўкраінцы з даваеннай Польшчы атрымалі права на набыццё савецкага грамадзянства. Каб паскорыць вяртанне, СМ БССР і ЦК КП(б)Б у 1946 г. прынялі пастанову "Аб рэпатрыяцыі беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Францыі", а ў 1947 г. быў назначаны прадстаўнік СМ БССР у заходнюю зону Германіі і Аўстрыю. Пад уплывам перамогі СССР і заходніх саюзнікаў у Другой сусветнай вайне тысячы эмігрантаў, у тым ліку выхадцаў з Беларусі, паверылі савецкай прапагандзе, эмігранцкай прэсе пракамуністычнай арыентацыі і прынялі грамадзянства СССР (у Францыі, Бельгіі, Аргенціне і інш.). Але ад рэпатрыяцыі ўхіляліся дзесяткі тысяч беларусаў, якія апынуліся ў амерыканскай, брытанскай і французскай зонах акупацыі і якія з ліпеня 1945 г. знаходзіліся ў лагерах для перамешчаных асоб. Вяртацца ў СССР не жадалі многія з жыхароў (пераважна сяляне Заходняй Беларусі, палонныя, якія агулам залічваліся ўладамі ў здраднікі), асобы, якія прымусова ці добраахвотна супрацоўнічалі з акупантамі, ваявалі на іх баку. Савецкія рэпатрыяцыйныя місіі наведвалі лагеры, агітавалі вяртацца дамоў, а многіх грамадзян СССР прымусова пераводзілі ў савецкую зону. Прымусовасць, паспешлівасць, неразборлівасць у сродках пры вырашэнні пытанняў рэпатрыяцыі выклікалі рознагалоссі з саюзнікамі. Негатыўны розгалас у свеце атрымалі арышты эмігрантаў у Празе, аблавы на іх у Сафіі і Бялградзе, гвалтоўная адпраўка у Саюз перамешчаных асоб з лагера "Борэгар" у Францыі. З 1947 г. саюзнікі адмовіліся ад прымусовай рэпатрыяцыі. Сесія Савета Міністраў замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ад 23 красавіка 1947 г. пацвердзіла пагадненне Кантрольнага савета ў Германіі аб новым парадку выдачы зацікаўленым краінам ваенных злачынцаў - толькі пасля прад'яўлення аргументаваных юрыдычных доказаў іх віны. Такое ж рашэнне прыняла 2-я сесія ГА ААН. Але БССР не прадставіла заходнім дзяржавам абгрунтаванні да спіса ваенных злачынстваў, аб якім летам 1947 г. паведаміў яе прадстаўнік на нарадзе намеснікаў у СМ замежных спраў. Савецкія прадстаўнікі адсутнічалі і ў створанай замест ЮНРРА Міжнароднай арганізацыі па справах бежанцаў (1947-1952), якая па рашэнні 8-й сесіі ЭКАСАС ААН (1949) займалася ўжо не вяртаннем бежанцаў на Радзіму, а іх рассяленнем у іншых дзяржавах. Прадстаўнікі СССР і БССР выступілі супраць стварэння Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і не бралі ўдзел у яго рабоце. Яны не далучыліся да Канвенцыі аб статусе бежанцаў, якую 25 ліпеня 1951 г. падпісалі Бельгія, Данія, ФРГ, Францыя, Вялікабрытанія і інш. і ў адпаведнасці з якой да бежанцаў былі аднесены і перамешчаныя асобы. Да 1952 г. у СССР вярнуліся, галоўным чынам прымусова, беларусы і прадстаўнікі іншых нацыянальнацей, выхадцы з БССР (пераважна з дзяржаў, дзе размясціліся савецкія войскі), колькасцю 104.893 чал. - у адпаведнасці з Жэнеўскай канфенцыяй 1948 г. аб абароне ахвяр вайны.

Палітычная "адліга", прыадкрыццё "жалезнай заслоны" з сярэдзіны 1950-х гг., прапаганда рэпатрыяцыі савецкім друкам, пасольствамі, камітэтамі "За вяртанне на Радзіму" (з 1955 г. дзейнічала беларуская секцыя Савецкага камітэта "За вяртанне на Радзіму", а ў 1960-1964 гг. - "За вяртанне на Радзіму і развіццё культурных сувязей з суайчыннікамі") абумовілі нязначную рээміграцыю. Вярталіся ў асноўным эмігранты і іх нашчадкі з былой Расійскай імперыі і міжваеннай Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. З Францыі і Аргенціны ў БССР прыехала ў 1953-1955 гг. каля 200 чал. Па некаторых звестках, да 1964 г. сюды прыбыло каля 10-15 тыс. аргенцінскіх беларусаў. Аднак ужо ў пачатку 1960-х гг. пачаўся іх адток у Паўднёвую Амерыку, і 40-50 працэнтаў рээмігрантаў, расчараваных савецкай рэчаіснасцю, пакінулі Бацькаўшчыну. Пасля іх вяртання ў краіны ранейшага пражывання прыток рээмігрантаў з іх перапыніўся. Далейшыя заклікі да рэпатрыяцыі, асабліва ў асяроддзі пасляваеннай эміграцыі, водгуку не знаходзілі, і вярталіся нямногія. Пасля распаду СССР без дзяржаўнай падтрымкі пачалася рэпатрыяцыя беларусаў, ураджэнцаў Беларусі з новых незалежных дзяржаў на постсавецкай тэрыторыі. У 1992-1999 гг. з іх прыехала ў Беларусь 408 тыс. чалавек, у тым ліку 188 тыс. беларусаў.

Галіна Сяргеева

Дыяспара на постсавецкай прасторы

Практычная цікавасць і навуковая актуальнасць асэнсавання жыццядзейнасці сучаснай беларускай супольнасці на постсавецкім абшары вызначаецца найперш тым, што тут сканцэнтравана значная частка ўсёй беларускай дыяспары ў свеце (больш паловы). Па-за межамі Беларусі на постсавецкай прасторы пасля распаду СССР аказалася больш за 2 млн. беларусаў. Пры гэтым у суседніх постсавецкіх дзяржавах (Расія, Літва, Латвія) на памежных з Беларуссю тэрыторыях беларусы жывуць на сваіх гістарычна этнічных землях і з'яўляюцца тут карэнным народам. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі на дзяржаўным узроўні ўпершыню пасля 1920-х гг. быў праяўлены клопат аб патрэбах беларускай супольнасці ў іншаэтнічных рэгіёнах Саюза, на былой яго тэрыторыі ў шэрагу заканадаўчых актаў былі замацаваны правы суродзічаў і беларускіх грамадзян, якія жывуць за межамі Беларусі - у Законе аб грамадзянстве (1991), Законе аб парадку выезду грамадзян Беларусі і ўезду ў яе (дзейнічае з 1 студзеня 1994 г.), Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (1994).

Прынцыпова новымі і важнымі для постсавецкіх замежных беларусаў сталі палажэнні пра захаванне права на грамадзянства Беларусі, абарону правоў грамадзян рэспублікі за яе межамі, немагчымасць страты грамадзянства толькі на падставе пражывання ў іншай дзяржаве, а таксама прызнанне за жыхарамі права свабоднага выезду з Беларусі і вяртання ў яе, заканадаўча замацаванага ў якасці аднаго з асноўных правоў асобы. Гэта абумовіла натуральныя працэсы эміграцыі-іміграцыі. Адметнасцю 1990-х гг. стала дадатнае сальда міграцыі з дзяржавамі на тэрыторыі экс-СССР (у адрозненне ад савецкага часу, калі, за невялікім выключэннем, яно было адмоўным).

У 1992-1999 гг. Беларусь прыняла з новых незалежных дзяржаў на постсавецкай прасторы 408 тыс. асоб, а перасялілася туды амаль 210 тыс. чалавек. Сярод перасяленцаў у Беларусь беларусы склалі 46% (прыкладна 188 тыс. чалавек). Трэба ўлічыць, што 75 тыс. беларусаў прыехалі на бацькаўшчыну яшчэ ў 1990-1991 гг. Гэта значыць, што больш 11% ад іх колькасці на тэрыторыі былога Саюза (за межамі Беларусі) вярнуліся на бацькаўшчыну. Абумоўлена гэта немагчымасцю ці няпэўнасцю атрымання грамадзянства (Латвія, Эстонія), складанасцямі адаптацыі да новых умоваў (асваенне ў краінах Балтыі, Казахстане і інш. дзяржаўнай мовы, без ведання якой нельга заняць пэўныя пасады ці проста знайсці работу, прыстасавацца да жыцця ва ўмовах трансфармацыі эканомікі).

Тысячы беларусаў вяртаюцца на бацькаўшчыну як бежанцы (з раёнаў нацыянальных, этнічных канфліктаў, ускладнення сацыяльнай ці палітычнай сітуацыі). У 2000 г. на статус бежанца ў Беларусі прэтэндавала больш за 30 тыс. асоб, у тым ліку з Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Прыднястроўя, Літвы, Латвіі, Эстоніі. З іх не менш паловы - беларусы. Але закон аб бежанцах, які ўступіў у дзеянне з 1 ліпеня 1995 г., а затым прыняты ў 1999 г. новы закон не даюць ім ніякіх ільгот, пераваг перад іншымі прэтэндэнтамі на гэты статус. Ненатуральна, што рэпатрыяцыя этнічных беларусаў на бацькаўшчыну адбываецца без дзяржаўнай падтрымкі. Яны не маюць дастатковых гарантый для ўключэння ў жыццё і працу, сутыкаюцца з абыякавасцю ўлады і адсутнасцю ад яе дапамогі. І справа тут не толькі ў адсутнасці сродкаў, але і ў неразуменні кіраўніцтвам краіны важнасці кансалідацыі карэннай нацыі. Прыклады збірання нацыі даюць многія краіны (і на абсягах былога Саюза). З улікам эканамічных абставін Польшча ў 2000 г. прыняла закон аб рэпатрыяцыі, якому падлягаюць палякі з Каўказскага і Азіяцкага рэгіёнаў былога СССР. Цывілізаваным спосабам вырашэння гэтай праблемы маглі б стаць пагадненні паміж Беларуссю і новымі незалежнымі постсавецкімі краінамі, з якіх ідзе значны адток беларусаў, аб рэгуляванні перасяленняў і абароне правоў перасяленцаў. Першай такой спробай стала пагадненне, падпісанае з Расіяй у 1996 г., ратыфікаванае Беларуссю ў 1998 г., але яно да гэтага часу фактычна не дзейнічае, не вызначаны і механізмы яго рэалізацыі.

Для дынамікі іміграцыі ў Беларусь з тэрыторыі экс-СССР (у тым ліку і беларусаў) характэрна штогадовае зніжэнне. Абумоўлена гэта пагаршэннем сацыяльна-эканамічнага становішча ў Беларусі, цяжкасцямі ўладкавання на бацькаўшчыне (прапіска, работа), прыстасаваннем часткі суродзічаў да новых умоў жыцця на постсавецкай прасторы. Калі ў 1992 г. у ліку перасяленцаў у Беларусь беларусаў было 54 тыс., то ў 1997 г. - 13,5 тыс.

Прыток беларусаў ў новыя незалежныя дзяржавы на постсавецкай тэрыторыі за 1992-1999 гг. з Беларусі быў адносна невялікі: у 1995 г. - 7,5 тыс. беларусаў, у 1997 г. - 3 тыс.

Аналіз міграцыйных працэсаў сведчыць, што ў адрозненне ад савецкіх часоў, калі нацыянальная дыяспара з кожным годам павялічвалася і кожны пяты беларус у 1989 г. пражываў у іншаэтнічных рэгіёнах СССР, то ў 1990-я гг. на постсавецкай тэрыторыі яна зменшылася. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што беларусы адсюль эмігравалі яшчэ і на Захад, а колькасць іх там паволі расце. Цяпер беларусы на постсавецкай прасторы найбольш сканцэнтраваны ў суседніх дзяржавах: Расіі - больш 1 млн., Украіне - да 450 тыс., Латвіі - 100 тыс., Літве - больш 50 тыс., у Малдове асела каля 20 тыс., Казахстане - 170 тыс.

З улікам такіх абставін абарона правоў замежных суайчыннікаў закладзена ў міжнародных дагаворах аб узаемаадносінах Беларусі з Расіяй, Украінай, Казахстанам, Літвой, Узбекістанам. Там ёсць артыкулы аб магчымасці свабоднага выяўлення, захавання і развіцця суайчыннікамі этнічнай, культурнай, моўнай, рэлігійнай самабытнасці. Першае міжурадавае спецыяльнае пагадненне аб абароне інтарэсаў суродзічаў Беларусь падпісала з Малдовай (1997), такія ж пагадненні рыхтуюцца з памежнымі дзяржавамі - Украінай, Расіяй, Літвой. Аднак, нягледзячы на значную нацыянальную дыяспару ў свеце (больш 3 млн. беларусаў), правы замежных суродзічаў не адрэгуляваны. Закон аб суайчынніках, якія жывуць за мяжой, павінен юрыдычна замацаваць правы і льготы, якія прадаставіць ім бацькаўшчына (гэта можа быць палёгка ў набыцці маёмасці, большае спрыянне прадпрымальнікам, інвестарам з беларускай дыяспары і інш.). Дзяржава павінна прызнаць пэўныя іх правы дзеля захавання інтарэсаў у краіне іх паходжання, на гістарычнай радзіме.

Новым у жыцці беларускай супольнасці ў свеце стала з'яўленне ў яе складзе грамадзян Беларусі. У ліку 19 тыс. асоб, якія ў 2000 г. знаходзіліся на консульскім уліку ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, пэўную колькасць складаюць беларусы на постсавецкай прасторы. З просьбамі атрымання беларускага грамадзянства найчасцей звяртаюцца асобы беларускага паходжання ў Латвіі, Эстоніі (напрыклад, 80% беларусаў, што стала пражываюць у Латвіі, з'яўляюцца ў адпаведнасці з яе законам неграмадзянамі). Праблемай для многіх беларусаў у некаторых дзяржавах СНД і Балтыі, якія прэтэндуюць на грамадзянства, работу на пэўных пасадах у гэтых краінах, з'яўляецца неабходнасць ведання дзяржаўнай мовы. Складаная працэдура атрымання грамадзянства ў Латвіі, Эстоніі, дзе вялікая доля рускамоўнага насельніцтва, успрымаецца як дыскрымінацыя, а ўладамі гэтых краін тлумачыцца як клопат пра будучыню карэннага народа, мера па стрымліванню русіфікацыі.

Спазненне з прыняццем спрошчанага парадку (шляхам рэгістрацыі) набыцця беларускага грамадзянства (толькі ў 1993 і 1998 гг.) прывяло да таго, што нямала суродзічаў, сутыкнуўшыся са складанасцямі яго атрымання ці вяртання, набылі расійскае ці іншае. Крокам да вырашэння гэтага пытання стала пагадненне аб спрошчаным парадку набыцця грамадзянства пры пэўных умовах паміж Беларуссю, Казахстанам, Кыргызстанам і Расіяй (1999). З улікам сталага пражывання грамадзян Беларусі ў новых незалежных дзяржавах заключаны міжурадавыя пагадненні аб узаемнай абароне правоў сваіх грамадзян на тэрыторыі Расіі, Украіны, Літвы, Казахстана. У студзені 1999 г. Беларусь ратыфікавала дагавор з Расіяй аб роўных правах грамадзян на тэрыторыі адна адной. Але на цяперашні час ён - дэкларацыя аб намерах, таму што ў Расіі і Беларусі розны жыццёвы ўзровень, несумяшчальныя сацыяльныя, палітычныя і эканамічныя працэсы, заканадаўства.

Пры савецкай уладзе БССР была пастаўшчыком рабочай сілы, асабліва на поўнач і ўсход СССР. I ў 90-х гг. сфарміравалася часовая працоўная міграцыя з Беларусі ў Расію, Літву і інш., у тым ліку і нелегальная, некантралюемая. Гэтаму спрыяла адсутнасць да сярэдзіны 1990-х гг. прававой базы для легальнага, сацыяльна абароненага ўладкавання на работу за мяжой. Затым дзяржава зрабіла крокі па наданню працэсу працоўнай міграцыі заканадаўча аформленых норм. З 1995 г. міграцыйная служба пачала выдаваць ліцэнзіі фірмам на замежнае працаўладкаванне па кантрактах. Але ёсць факты махлярства, злоўжыванняў нелегальных фірм ці нават тых, што маюць ліцэнзіі. Беларусь заключыла ў 1998 г. і ратыфікавала ў 1999 г. пагадненне краін СНД аб супрацоўніцтве ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй. Але да гэтага часу Беларусь не падпісала Міжнародную канвенцыю па абароне правоў працоўных мігрантаў (1977), канвенцыю "Аб злоўжываннях у галіне міграцыі і забеспячэнні працоўным мігрантам роўных магчымасцей" (1975) і інш.

Нацыянальная дыяспара на постсавецкай тэрыторыі папоўнілася навуковай, творчай, спартыўнай элітай, асабліва ў Расіі. Неспрыяльныя ўмовы гаспадарання ў Беларусі вымусілі тысячы яе жыхароў весці свой бізнес ў Расіі, Украіне, Прыбалтыцы, паляпшаючы дабрабыт гэтых дзяржаў. Адток высокапрафесійных працаўнікоў у постсавецкія дзяржавы павялічваецца. Але кіраўніцтва беларускай дзяржавы не прымае эканамічных мераў для стрымлівання "ўцечкі мазгоў" і "залатых рук", не праяўляе клопату аб захаванні нацыянальнага генафонду. У адрозненне ад краін Балтыі, Украіны беларускія ўлады не выкарыстоўваць даволі значны эканамічны, інтэлектуальны патэнцыял беларускай супольнасці на тэрыторыі былога СССР, яе дзелавыя сувязі ва ўсіх сферах на карысць бацькаўшчыны. "Калі латышская дыяспара вярнулася ў Латвію, - адзначае былая эмігрантка, член парламента Латвіі Інэса Бізніеце, - нас вітала краіна і народ. Людзі з нашага асяроддзя сталі першымі пасламі Латвіі ў замежных краінах, многія былі абраны ў парламент, у іншыя органы ўлады".

Яшчэ адна новая адзнака часу - Беларусь першая з постсавецкіх дзяржаў (з сярэдзіны 1990-х гг.) займела палітычную эміграцыю. Апаненты пануючай улады, якія не прымаюць яе адносіны да дзяржаўнасці, беларускай мовы, культуры, унутраны і знешні курс, выязджаюць не толькі ў заходнія краіны, але і ў Літву. Тут дзейнічае Віленскі цэнтр грамадскіх ініцыятыў "Дэмакратыя дзеля Беларусі". З 2000 г. у Вільнюсе пачала вяшчанне прыватная (з удзелам беларусаў) радыёстанцыя на беларускай мове "Балтыйскія хвалі". Еўрапейскі сектар Рады БНР папоўніўся прадстаўнікамі беларускіх суполак Санкт-Пецярбурга, Масквы, Вільнюса і інш. Сярод літоўскіх беларусаў набыла водгук акцыя прыняцця сімвалічнага грамадзянства БНР.

У адрозненне ад заходняй дыяспары, дзе дзейнічае беларуская нацыянальная царква (ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Аўстралія), спробы арганізаваць царкоўна-рэлігійнае жыццё на нацыянальнай аснове на постсавецкай прасторы сутыкнуліся з цяжкасцямі. У Маскве з 1991 г. дзейнічаюць намаганнямі сяброў Таварыства беларускай культуры уніяцкая і каталіцкая суполкі. Дзякуючы Каталіцкай грамадзе ў Вільнюсе і вернікам іншых нацыянальнасцей у касцёле св. Барталамея з 1998 г. адбываюцца багаслужэнні на беларускай мове. Арганізаваная беларусамі-вернікамі Санкт-Пецярбурга праваслаўная абшчына без тлумачэння прычын была забаронена ў 1998 г., і дзейнасць яе спынілася.

У 1990-я гг. паскорыўся працэс згуртавання беларусаў у новых незалежных дзяржавах, які распачаўся ў канцы 1980-х гг., актывізавалася іх нацыянальна-культурнае жыццё. У 2000 г. культурна-асветную і сацыяльна-дабрачынную дзейнасць праводзілі дзесяткі арганізацый, суполак, згуртаванняў, цэнтраў, клубаў у Расіі (больш 40), Літве (больш 20), Украіне (больш 20), Малдове, Казахстане, Кыргызстане, Узбекістане, Эстоніі, Латвіі, Арменіі. Нацыянальна-арганізаваныя асяродкі спрыяюць захаванню традыцый свайго народа, яго мовы, гісторыі, культуры, іх папулярызацыі шляхам заснавання беларускіх школ, беларускага друку, аматарскіх фальклорных і мастацкіх гурткоў, арганізацыі курсаў вывучэння беларускай мовы, лекцый па гісторыі і культуры Беларусі, святкавання юбілеяў вядомых культурных дзеячаў і адметных падзей у жыцці беларускага народа, яго абрадавых святаў.

Але на маштабы і характар развіцця беларускага нацыянальнага руху на постсавецкай тэрыторыі адмоўна паўплывалі моцная дэнацыяналізацыя беларусаў не толькі тут, але і на бацькаўшчыне, іх русіфікацыя ва ўсіх былых савецкіх рэспубліках. Слабая згуртаванасць, недастатковая ўнутраная самаарганізацыя, падзеленасць па палітычных прычынах і, што самае трагічнае, у адносінах да дзяржаўнасці Беларусі. Паміж суполкамі існуе непаразуменне і нават канфрантацыя (Масква, Санкт-Пецярбург, Вільнюс, Талін).

Увядзенне прэзідэнцтва з 1994 г., майскі (1995) і лістападаўскі (1996) рэферэндумы карэнным чынам змянілі палітычную і сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў Беларусі і моцна паўплывалі на раскол беларускай дыяспары на постсавецкім абшары. Прынцыповыя змены ўнутранай і знешняй палітыкі абумовілі новы афіцыйны падыход да дыяспары: прыярытэтнай вызначана работа з суайчыннікамі ў новых незалежных дзяржавах на постсавецкай тэрыторыі (т.зв. "блізкім замежжы"). Гэтым зноў падзялілі суродзічаў за мяжой - цяпер ужо на "блізкіх" і "далёкіх", на афіцыйных (лаяльных пануючай у Беларусі ўладзе) і "апазіцыйных". Заходняя дыяспара негатыўна аднеслася да новага курса беларускай улады. Такім чынам, сучасныя праблемы, цяжкасці ў развіцці беларускага нацыянальнага руху на постсавецкім абшары абумоўлены як яго ўнутраным станам, так і складаным працэсам станаўлення дзяржаўнасці Беларусі, неадназначным стаўленнем да замежных суполак беларусаў. Да дзвюх міжнародных арганізацый па сувязях з замежнымі суродзічамі (адзяржаўленая "Радзіма" і Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" - грамадская арганізацыя з 10-гадовым вопытам, у тым ліку правядзення і агульнабеларускіх маштабных акцый) далучылася з 1999 г. асацыяцыя "Святло Радзімы". Яе старшыня праўлення - адначасова і старшыня Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальных меншасцей. Менавіта камітэт выконвае ролю куратара па пытаннях дыяспары. Час пакажа, чым стане асацыяцыя.

Да расколу беларускіх суполак у буйнейшых цэнтрах краін СНД і Балтыі падштурхоўвае рэалізацыя ідэі іх гуртавання адпаведнымі органамі Беларусі на аснове лаяльнасці да існуючага рэжыму. З канца 1990-х гг. пасольствы актывізавалі дзейнасць па стварэнню аб'яднанняў у межах краін пражывання беларусаў. Пры ўдзеле беларускіх пасольстваў створаныя Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве (1998), Каардынацыйная рада ў Малдове, Нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы Расіі" (1999), Усеўкраінскае аб'яднанне "Беларусь" (2000). Старшыня Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь А.Білык падкрэсліў на старонках друку, што станоўчыя вынікі ад сумеснай дзейнасці беларускіх аб'яднанняў бачацца як самімі арганізацыямі, так і дзяржаўнымі, грамадскімі структурамі Беларусі. Але амаль ва ўсіх краінах па-за створанымі ўладамі каардынацыйнымі органамі аказаліся многія суполкі, якія бачаць у дапамозе сучаснай выканаўчай улады Беларусі рычаг уціску на змест працы суполак, іх пазіцыю ў адносінах да падзей на бацькаўшчыне (Міжрэгіянальнае аб'яднанне беларусаў Расіі, Таварыства беларускай культуры і іншыя арганізацыі ў Літве, Украіне). Само па сабе старанне пасольства стварыць аб'яднанні і павялічыць колькасць суполак -справа добрая, калі яны сапраўды будуць жыццяздольныя і разгорнуць культурна-асветную, адукацыйную і іншую нацыянальную работу. Але практыка сведчыць, што частка іх існуе фармальна, асаблівай цікавасці да беларускай культурнай спадчыны, традыцый яны не праяўляюць ці ўвогуле ставяцца да гэтых каштоўнасцей, як і незалежнасці Беларусі, варожа. Калі ў Беларусі ўзмоцняцца працэсы ўмацавання дзяржаўнасці, паскарэння нацыянальнага адраджэння, беларусізацыі ўсіх сфер жыцця, тады арганізаваныя пры ўдзеле ўладаў Беларусі на постсавецкім абшары суполкі і каардынуючыя арганізацыі, што не прымаюць гэтых каштоўнасцей, знікнуць ці зменшацца і павялічацца непалітызаваныя нацыянальна арыентаваныя таварыствы, галоўнай мэтай якіх будзе наладжванне нацыянальнага, культурна-асветнага жыцця і ўзаемадзеяння з бацькаўшчынай на гэтай аснове. Пастаянны клопат дзяржавы пра беларускую дыяспару, а не выкарыстанне яе ў палітычных мэтах, зможа прадухіліць асіміляцыю беларускіх асяродкаў на постсавецкім абшары. Цяпер жа існуе вельмі абмежаваная эканамічная падтрымка беларускага нацыянальнага руху не толькі ўладамі краін на постсавецкай прасторы, але і самой Беларусі. Дзяржаўная праграма "Беларусы ў свеце", прынятая ў 1993 г., слаба рэалізуецца з-за адсутнасці сродкаў.

Неналежная падтрымка суродзічаў з боку існуючай у Беларусі ўлады, заняпад усяго беларускага ў самой дзяржаве сталі прычынамі адсутнасці беларускіх школ, нацыянальнага друку нават у багатых на інтэлектуальныя сілы беларускіх асяродках у Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Калінінград, Новасібірск), Украіне, Казахстане і інш. З улікам таго, што беларусы ў іншаэтнічных рэгіёнах СССР у аднолькавай ступені не мелі магчымасцей для выяўлення сваёй нацыянальнай самабытнасці, уражвае іх вельмі адрозны сучасны вопыт нацыянальнага жыцця і інтэграцыі ў грамадства новых незалежных дзяржаў. Аўтар кнігі "Беларусы ў Латвіі" Ілга Апіне падкрэслівае: "Можна сцвярджаць, што ў Латвіі складваецца інфраструктура беларускай культуры са сваімі цэнтрамі, друкам, школай, а таксама адраджаецца беларускае асяроддзе ў Рызе, дзе трывалае месца пачынае займаць беларуская мова". Тое ж вызначае і беларускую супольнасць у Літве. Істотна іншая сітуацыя ў Расіі. Блізкасць моваў, працяглае пражыванне ў Расійскай імперыі, а затым СССР, палітычныя падзеі і рашэнні апошняга пяцігоддзя, моцна паўплывалі там на дэнацыяналізацыю, асіміляцыю беларусаў. Інтэграцыйныя працэсы, якія рэальна адбываюцца ў ваеннай і ваенна-прамысловай сферы і замаруджваюцца ў сацыяльна-эканамічнай (амаль не дзейнічаюць законы аб мытным саюзе, аб роўных магчымасцях суб'ектаў гаспадарання, роўных правах грамадзян на тэрыторыі дзвюх дзяржаў), аказваюць маральна-псіхалагічны ціск на расійскіх беларусаў, паскараюць іх адрыў ад свайго этнасу, супярэчліва адбіліся і на самавызначэнні беларусаў на тэрыторыі экс-СССР. Сведчанне таму - амаль поўная асіміляцыя беларусаў на беларуска-расійскім паграніччы, дзе яны жывуць на этнічна гістарычных землях. Прыгадаем, што ў Літве, Польшчы на сваіх этнічных тэрыторыях беларусы маюць пэўную нацыянальную адукацыю, нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі, кнігадрукаванне, а ў Польшчы - і нацыянальную палітычную партыю. Практычных высноў як з боку самой беларускай супольнасці ў Расіі, так і ўладаў абедзвюх дзяржаў вымагае неадпаведнасць узроўню нацыянальна-культурнага жыцця суродзічаў у Расіі ў параўнанні з беларускімі дыяспарамі ў іншых памежных краінах (Літве, Латвіі, Украіне), а таксама са становішчам рускай дыяспары ў Беларусі, якая аказвае значны ўплыў на грамадска-палітычнае становішча Беларусі, у большасці сваёй адстойвае пазіцыі суседняй Расіі. Падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзяржкамітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі і Міністэрствам нацыянальнай палітыкі Расіі (1999) прадугледжвае ўлічванне інтарэсаў беларускай дыяспары ў Расіі і рускай у Беларусі. Але рэальнасць можа аказацца іншай, бо пагадненне 1990 г. паміж расійскім і беларускім ведамствамі аб адкрыцці ў Расіі школ з беларускай мовай навучання не выканана.

Беларуская супольнасць на тэрыторыі экс-СССР аказалася ў розных цывілізацыях, а сама Беларусь знаходзіцца на гістарычным раздарожжы і ў пярэдадзень XXI ст. Пры якіх умовах беларуская дыяспара на постсавецкай прасторы зможа выконваць ролю пасрэдніка ў дыялогу цывілізацый, паўплываць на гістарычны выбар Беларусі і як ён адаб'ецца на самапачуванні, самасцвярджэнні беларусаў на постсавецкім абшары?

Перспектывы паспяховага, натуральнага развіцця замежнай беларускай супольнасці тут звязаны са зменамі сітуацыі ў Беларусі, умацаваннем яе незалежнасці, усталяваннем добрасуседскіх дзяржаўных адносін з памежнымі краінамі, уваходжаннем у еўрапейскую і міжнародную супольнасць. Беларусь як незалежная дэмакратычная еўрапейская прававая дзяржава будзе прыцягальнай для большасці нацыянальнай дыяспары, у тым ліку і эміграцыі, якія адчуваюць сябе працягам нацыі ў замежжы, а Беларусь зможа выкарыстаць іх інтэлектуальны і эканамічны патэнцыял, дзелавыя сувязі з палітычнымі, фінансавымі і іншымі коламі краін пражывання. Толькі самастойная Беларусь, нацыянальна ўсвядомленая, зможа забяспечыць існаванне беларускага народа і яго працягу ў эміграцыі як адзінага арганізма. Гэта - адна з цаглінак падмурка для самазахавання і развіцця нацыі ў эпоху глабалізацыі. Бацькаўшчына і дыяспара тады стануць як адно цэлае. Яшчэ ў 1953 г. беларуска-ўкраінскі гісторык у эміграцыі прафесар Л.Акіншэвіч пісаў, што Беларусь, "здабыўшы магчымасць вольнага развіцця [...] дасягне [...] здаровай, арганічнай, да аношняй грані праведзенай сінтэзы сваіх цывілізацыйных асноў. [...] Дасягнуўшы гэтай сваёй сінтэзы, беларускі народ будзе мець перад сабой вялікія творчыя магчымасці. І хто ведае, можа - карысныя не толькі для яго аднаго".

У любым выпадку Беларусь павінна вытрымаць гістарычныя выпрабаванні, не згубіць сваю незалежнасць. Не можа не спрацаваць інстынкт самазахавання народа, хоць ён і моцна надарваны. Глыбінныя зрухі, якія сталі відавочнымі, сведчаць пра абуджэнне нацыянальнага духу. Дзесяць гадоў незалежнасці даюць свае вынікі. I ўжо на падыходзе новае маладое пакаленне свядомых беларусаў, для якіх незалежнасць - кардынальная каштоўнасць, а дыяспара, нацыянальная эміграцыя - неад'емная частка беларускага народа, якая жыве па-за Беларуссю.

Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары

Rating All.BY
дзед ТАЛАШ - першы беларускi партал & каталёг
Беларуская інтэрнэт-бібліятэка -
Web-master: paragraph @ tut.by..