І на чужыне пачуваліся беларусамі
Сёння ў нас ужо адсутнічаюць важкія падставы для наракання на дэфіцыт літаратурных крыніц пра жыццё беларускай паваеннай эміграцыі. Самымі рознымі шляхамі паступалі і паступаюць яны ў краіну, прычым разам з раней апублікаванымі трапляюцца і зусім свежанькія. Ёсць і ў самой метраполіі аўтары, якія ахвотна і плённа займаюцца даследаваннем дадзенай праблемы, маюць па ёй дастатковую колькасць цікавых і змястоўных публікацый. Дзякуючы гэтаму, чытач можа ў комплексе пазнаёміцца з жыццём беларускай дыяспары, а не толькі якім-небудзь адным – няхай сабе і вельмі важным, актуальным – напрамкам.
Аўтара гэтых радкоў асабліва цешыць пільная ўвага творчых людзей паваеннай эміграцыі да асвятлення практыкі выхавання і адукацыі маладых пакаленняў, якія ўступалі ў жыццё ў чужым, зусім новым для іх культурна-моўным асяроддзі, дзе вельмі лёгка было назаўжды згубіць сваю беларускасць. Каб не адбыцца такой трагедыі, прагрэсіўныя колы беларускай эміграцыі стварылі даволі дзейсную сістэму адукацыі дзяцей, максімальна наблізіўшы яе да ўзроўню нацыянальнай, хаця працаваць даводзілася ў вельмі складаных пасляваенных сацыяльна-палітычных, этнакультурных умовах, да таго ж яшчэ ўдалечыні ад Бацькаўшчыны.
З беларускіх педагогаў-эмігрантаў той цяжкай пары стараннай працай, вялікай адказнасцю за ўзгадаванне дзяцей у нацыянальным духу вызначаўся Святаслаў Коўш, чалавек надзвычай складанага лёсу. Застаецца невядомым год яго нараджэння, затое маюцца іншыя патрэбныя звесткі: нарадзіўся ў сям’і беларускага грамадска-палітычнага і царкоўнага дзеяча Аляксандра Коўша (расстраляны гестапаўцамі за ўдзел у выратаванні яўрэяў), пасля далучэння ў верасні 1939 года Заходняй Беларусі да БССР працаваў завучам сярэдняй школы ў Стаўбцоўскім раёне, у гады акупацыі служыў у органах мясцовай адміністрацыі і, нарэшце, стаў старшынёй Клецкага раёна. Добра ведаючы, што гэтага ніяк не даруе савецкая ўлада, ён улетку 1944 года разам з многімі падаўся на захад. Спачатку ў нямецкім гарадку Ватэнштэце быў за каменданта беларускага лагера для перамешчаных асоб, а затым яшчэ і выкладаў у заснаванай тут беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча (у 1947/1948 навучальным годзе, калі амаль увесь яе педагагічны калектыў пакінуў лагер, гімназія
стала насіць імя Францішка Багушэвіча). Вось гэтаму, размешчанаму на землях Нямеччыны лагеру беларускіх уцекачоў, і прысвяціў С. Коўш сваю кнігу “Беларускі Лагер у Ватэнштэт. Альбом – Гістарычная Даведка”. Упершыню яна пабачыла свет у 1981 годзе ў адным з амерыканскіх прыватных выдавецтваў і па зразумелых прычынах заставалася невядомай нашаму чытачу. А шкада, бо ў кнізе пераканаўча абгрунтоўваецца неабходнасць стварэння нацыянальнай школы ў любых, самых экстрэмальных умовах, чаго ўладныя структуры Беларусі толькі ў рэдкія гады прытрымліваліся, што ўсяляк ігнаруюць яны і на сучасным этапе.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны не адразу прыйшло шчасце да людзей. Неверагодна цяжка даводзілася здабываць яго самавыгнаннікам з Беларусі. “Мы, — піша С. Коўш, — апынуліся расцярушанымі ў чужым моры, у нас не было лучнасці між сабой, мы амаль што не мелі людзей, ведаючых ангельскую мову, нам бракавала цывільнае адвагі, у нас не было сувязяў, не было прыяцеляў, але было шмат ворагаў”. Становішча пачало патроху паляпшацца толькі пасля стварэння ўлетку 1945 года ў Ватэнштэце (англійская зона акупацыі) беларускага лагера для перамешчаных асоб, у чым, як у нікога іншага, вялікая заслуга С. Коўша. Паводле яго трапнага выразу, “Ватэнштэт – беларуская бежанская Мекка”. Але, каб стаць такое, патрэбна было прыкласці вельмі многа старанняў не толькі яго стваральнікам, але і самім жыхарам лагера. І яны паспяхова справіліся, прычым у даволі сціслы тэрмін, з вырашэннем гэтай нялёгкай задачы.
Сярод розных пабудоў грамадскага прызначэння першымі на тэрыторыі лагера з’явілася праваслаўная царква (набажэнства вялося па-беларуску), народны дом, у якім ужо з надыходам “восені пачалі ладзіць імпрэзы: пастаноўкі, канцэрты, жывыя газеткі, даклады, дыскусіі і забавы”. Несумненна, сапраўдным гонарам жыхароў гэтага лагера стала адкрыццё ў першы ж год яго існавання беларускай пачатковай школы. Наведвала яе толькі 6 вучняў. З красавіка 1946 года пачалі выходзіць часопісы “Шляхам жыцьця” (рэдактар Хведар Ільяшэвіч) і “Скаўт” (спецыяльна для дзяцей). Вельмі хутка лагер у Ватэнштэце стаў галоўным асяродкам беларушчыны ў англійскай зоне акупацыі.
Кіраўніцтва лагера паклапацілася і пра самых маленькіх яго жыхароў. Ужо на першым годзе знаходжання ў гэтым куточку нямецкай зямлі тут запрацаваў дзіцячы садок. Наведвала яго 17 хлопчыкаў і дзяўчынак. Далей іх стала значна больш. А ў пачатковай школе ў 1947/1948 навучальным годзе лік дзяцей перавысіў 200.
Папаўненне лагера новымі людзьмі, сярод якіх было нямала дзяцей старэйшага школьнага ўзросту, інтэлігенцыі, у тым ліку і педагагічнай, прывяло да стварэння гімназіі імя Максіма Багдановіча. Першы выпуск яна зрабіла ў сакавіку 1947 года. Некаторыя выпускнікі паступілі на вучобу ў вышэйшыя навучальныя ўстановы розных краін Еўропы. У 1947/1948 навучальным годзе, калі дырэктарам гімназіі стаў Уладзімір Сенька (да гэтага кіраваў ёю Пануцэвіч), яна налічвала 80 вучняў і 10 настаўнікаў. Па ініцыятыве вучняў старэйшых класаў наладзілі выпуск насценнай газеты “Кліч”. У першым жа нумары рэдакцыя так вызначыла свае задачы: “Перш за ўсё праз нашу газэтку мы ўзмацняем нашую гімназію, бо мы будзем старацца праз яе лепш наладжваць нашае школьнае жыцьцё, выкараняць недахопы ў нашай працы, дапамагаць адзін аднаму ў здабываньні ведаў, пашыраць свой кругазор. Навука таксама зьяўляецца зброяй у адраджэньні народу і ў ягоным змаганьні за сваю незалежнасьць. Таму мы павінны з усёй пільнасцю і ўвагай адносіцца да сваёй працы
ў школе, памятаючы, што нас чакаюць вялікія заданьні ў будучыні”. Такой шчырай адданасці роднай беларускай справе закінутых на чужыну школьнікаў нельга не пазайздросціць. Сучасная беларуская дыяспара, істотна папоўненая новымі эмігрантамі, не можа гэтым пахваліцца.
Жыхароў лагера, як нішто іншае, вельмі радавалі сустрэчы з беларускімі паэтамі, асабліва калі прыязджалі Наталля Арсеннева і Масей Сяднёў. Сярод прысутных на такіх сустрэчах заўжды было многа школьнай моладзі.
Незабыўным стала выступленне 30-31 жніўня 1947 года Беларускага тэатра эстрады пад мастацкім кіраўніцтвам кампазітара Міколы Куліковіча (Шчаглова). Акрамя беларускіх народных песень і танцаў, прысутным паказалі і больш складаныя творы ў выкананні оперных спявачак Б. Ганчарэвіч і Н. Куліковіч. Таленавітай мастачкай слова паказала сябе канферансье Ірэна Жылінская. Гэтаму папулярнаму на эміграцыі мастацкаму калектыву нехта пад крыптонімам П.З. даў такую ацэнку ў артыкуле, змешчаным у часопісе “Шляхам жыцьця” (жнівень 1947 г.): “Беларускі тэатр эстрады выконвае вялікую нацыянальную місію сярод беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Ён патрапіў прытарнаваць сваю праграму да вымогаў і запатрабаваньняў беларускіх высяленцаў, якія праз мастацтва натхняюцца каханьнем да свайго роднага, верай у сьветлае заўтра. Гэтае роднае западае глыбака ў душу слухача і трапляе ў самыя яе глыбіні”.
Аўтар кнігі не ўтойвае той шкоднай дзейнасці, якой займаліся некаторыя прадстаўнікі праваслаўнага духавенства. Адмаўляючы існаванне ў самой прыродзе беларускага народа, яны ўсяляк імкнуліся надаць жыццю людзей у лагеры рускі характар, пачалі па-руску весці набажэнствы ў царкве, супраць чаго не магла не выступіць нацыянальна свядомая частка вернікаў. Адкрыта антыбеларускага настрою служыцелі культу вымушаны былі пакінуць лагер, загітаваўшы пры гэтым на выезд з яго і некаторых прыхаджан. Пазней бальшыня іх зразумела сваю памылку і старалася вярнуцца назад у лагер Ватэнштэт, бо хацела жыць у атмасферы, набліжанай да беларускасці.
У тых жа месцах знаходжання перамешчаных асоб, дзе не знайшлося нацыянальна свядомых, здольных арганізатараў з ліку беларусаў, нашыя суайчыннікі траплялі ў польскія, рускія, украінскія лагеры, часта парываючы гэтым самым усялякую сувязь са сваёй этнічнаю прыналежнасцю.
Адзначу, што С. Коўш, акрамя таленту добрага арганізатара, здольнага педагога, меў яшчэ схільнасць да паэтычнай дзейнасці, якая служыла яму надзейным мастком для непарыўнай сувязі з Бацькаўшчынай. Нездарма толькі яна і апявалася ў яго вершах. Зроблены таксама пераклады паасобных месцаў, найцяснейшым чынам звязаных з Беларуссю, з твораў Адама Міцкевіча.
У кнізе С. Коўша прыводзяцца малавядомыя звесткі пра паэта, гісторыка, грамадска-культурнага дзеяча Хведара Ільяшэвіча (загінуў 6 лістапада 1948 года ў аўтамабільнай катастрофе ў Ватэнштэце). Яго роля ў запанаванні беларускага духу ў лагеры Ватэнштэт надзвычай вялікая. Надарэмна ж першую старонку сваёй кнігі С. Коўш пачынае з верша гэтага паэта, прысвечанага лагернаму жыццю. Канчаецца ён такімі радкамі:
Дык хай высока рэе
Наш беларускі сьцяг.
Хай сьветлыя ідэі
Наш асьвятляюць шлях.
Беларускай гімназіі лагера Ватэнштэт дужа пашчасціла, што выкладчыкам яе быў такі шчыра адданы Бацькаўшчыне педагог. Яму ж даверылі ўзначаліць створаную ў сакавіку 1947 года беларускую групу скаўтаў у Міжнароднай хрысціянскай арганізацыі моладзі (УМСА). Скаўцкі бюлетэнь штандару “Гарц” за снежань 1948 года даў такую характарыстыку Х. Ільяшэвічу: “Ён быў жывой ахвярай на ахвярніку Бацькаўшчыны. Усе свае найлепшыя пачуцьці, усю невычарпальную энэргію аддаваў Беларусі, якую высьніў у сваіх юнацкіх снох, якая паланіла яго васількамі ў жытох незабыўных радзімых палеткаў. Яна вабіла яго сваім дзявочым хараством. Яе, апетую жаўрукамі ў паднябесьці, нёс ён у чужыну і аб ёй сьпявай песьні. Ягоная песьня была дакорам для тых, у кім шчэзла пачуцьцё нацыянальнага абавязку і падтрымоўвала на сіле тых, хто апошнім высілкам трымае нацыянальны сьцяг.
<…> Імя Ільяшэвіча астаецца ўзорам для тых, што перанялі з ягоных рук нясплямлены штандар Беларусі. Яму было суджана памерці на чужыне і спачыць у чужой зямлі, але ягоны бунтарны, кахаючы Бацькаўшчыну дух, у шуканьні межаў вечнасьці, напэўна там, дзе самае дарагое ягонаму сэрцу, а гэта самае дарагое завецца – Беларусь”.
Ніхто і ніколі не падлічыць, колькі такіх людзей, як Хведар Ільяшэвіч, шчыра ўлюбёных у сваю маці – Беларусь, закончылі зямное жыццё на чужыне. Мы ўсё яшчэ неяк нясмела, з аглядкай па баках, гаворым і пішам пра тых, хто ўлетку 1944 года, ратуючыся ад савецкага суда, з вялікім болем у сэрцы зняўся з роднага котлішча і падаўся на захад. Сярод іх быў зусім нязначны працэнт тых, хто заслугоўваў строгага пакарання.
Беларускі след у Нямеччыне пакінуў у першыя пасляваенныя гады не толькі створаны нашымі суродзічамі лагер у Ватэнштэце. Такія калоніі існавалі і ў іншых населеных пунктах гэтай краіны. Верыцца, што надыдзе час, і беларусы абавязкова ўсталююць у тых месцах памятныя знакі. І першай павінна паклапаціцца пра гэта беларуская дыяспара ў Нямеччыне. Як пабагацее Беларусь, усталюецца прымірэнне паміж сіламі, што ў перыяд нямецкай акупацыі стаялі на процілеглых баках блакады, да Ватэнштэта, несумненна, выкажа зацікаўленне грамадскасць Стоўбцаў і Клецка, з якімі нямала звязана ў жыцці С. Коўша.
Пасля чатырохгадовага кіравання беларускім лагерам Ватэнштэт С. Коўш разам з сям’ёй падаўся ў ЗША. Там, акрамя рэлігійнай, грамадска-палітычнай, займаўся яшчэ і літаратурнай дзейнасцю. Найбольш вядомыя яго творы тае пары – “Русалчына балада”, “На дарогах вайны”.
Апісанае вышэй – гэта ўсяго толькі невялічкі фрагмент з жыцця беларускіх самавыгнанцаў на чужыне. Яго нельга не ведаць беларусам метраполіі, у чым ім добра могуць дапамагчы краязнаўцы. У краіне не знайсці аніводнага раёна, з якога праклятая вайна, нямецкая акупацыя не вырвалі і не закінулі б хоць каго-небудзь з яго жыхароў удалечыню ад роднага дома. Лёсы іх – гэта таксама нашая гісторыя, якую трэба вывучаць і ведаць. Шкада, што ў абсалютнай бальшыні гэта не стала правілам і для гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі “Памяць”.
У заключэнне хачу падкрэсліць, што з матэрыялаў кнігі С. Коўша вынікае вельмі важная для ўсіх часоў выснова: куды б лёс не закінуў з нашага краю чалавека, ён павінен заставацца беларусам. Зразумела, яшчэ больш важна быць сапраўднымі беларусамі ў сябе дома, на якіх сёння такі вялікі дэфіцыт, за што трэба “зняць шапку і падзякаваць” установам адукацыі і культуры, афіцыйным сродкам масавай інфармацыі. Яны нясуць вялікую адказнасць перад краінай, што яе сённяшнія эмігранты, як правіла, вызначаюцца крайне нізкай нацыянальнай самасвядомасцю і зусім няздольныя стварыць у сваім асяроддзі нешта хоць збольшага падобнае на беларускае жыццё. А хацелася б, каб і сёння ў беларускай дыяспары былі людзі кшталту Святаслава Коўша, Хведара Ільяшэвіча, мелася ахвота і па-за роднай Бацькаўшчынай жыць яе культурна-моўнымі традыцыямі.
Леанід Лыч,
доктар гістарычных навук, прафесар
У скарочаным варыянце друкаваўся ў “Краязнаўчай газеце” (№ 8 (169), люты 2007)
|